АГЛЯД ЗААМЕЖНАГА ДРУКУ (20–26.11.2012)

Такога ня будзе

20 лістапада 2012 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” паведамляла, што новым гайтманам (гетманам, старшынёй) Устэцкага краю (вобласьці) Чэхіі ўпершыню ў краіне стаў камуніст Олдржых Бубэнічак. За яго кандыдатуру прагаласавала бальшыня сяброў выканкама краю (39 асобаў). Посьпех камуністаў у Чэхіі тлумачыцца іхнай кааліцыяй з сацыял-дэмакратамі.

Наш камэнтар: Такога ў вызваленай ад акупацыі Беларусі ня будзе. У нашай дэмакратычнай краіне будзе забаронена антычалавечая ідэалогія і практыка фашызма і камунізма.

Юрка Марозаў


“Міру мір!” па-маскоўску

22 лістапада 2012 г. французкая газэта “Le Figaro” напісала пра падпісаньне ў Эгіпце замірэньня і спыненьня агню паміж палестынскай арганізацыяй Хамас і Ізраілем. Узброены канфлікт працягваўся шэсьць дзён і прынёс больш за 150 ахвяраў у людзях.

Наш камэнтар: Падчас ваенных дзеяньняў СМІ розных краін адзначылі, што гэтым разам Хамас выкарыстаў пры абстрэлах тэрыторыі Ізраіля новыя, больш дасканалыя віды ракет расейскай вытворчасьці. Атрымліваецца наступным чынам: Хамас атрымаў новыя ракеткі з Масквы, а потым загад з Лубянкі — “Плі!” І пайшло-паехала. Такое вось “Міру мір!” па-маскоўску.

Алесь Хадасевіч


Ня толькі прыгожая, але і разумная

25 лістапада 2012 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала: “Запісныя расейскія патрыёты раззлаваліся на Натальлю Пераверзеву, леташнюю пераможцу конкурса “Хараство Расеі”, якая прадстаўляла краіну на конкурсе “Міс Зямлі”. Адным з заданьняў конкурса было напісаньне творчай працы пра сваю краіну. Натальля напісала сярод іншага: “Мая Расея — гэта прыбітая сумам, пакутная краіна, якую бязьлітасна рвуць на кавалкі прагныя, нікчэмныя людзі, для якіх няма нічога сьвятога. Мая Расея — гэта вялізная артэрыя, зь якой нямногія “выбраныя” людзі выпампоўваюць яе багацьці. Мая Расея — гэта жабрачка. Яна ня можа дапамагчы старым і дзецям. Зь яе, як з карабля, што даў цеч, уцякаюць інжынэры, лекары і настаўнікі, бо ня могуць зарабіць на жыцьцё. Мая Расея ўцягнутая ў вечную каўказкую вайну...”

Наш камэнтар: Дзяўчына ня толькі прыгожая, але і разумная.

Алесь Хадасевіч


Валтузьня гангаў на маскоўскім Алімпе

25 лістапада 2012 г. летувіская газэта “Lietuvos Rytas” напісала з Расеі. Там не сьцішваецца шум вакол адстаўкі 6 лістапада міністра абароны РФ Сярдзюкова. Вайсковы журналіст Віктар Баранец працытаваў быў аднаго з высокапастаўленых расейскіх вайсковых начальнікаў: “Паведамленьне пра адстаўку нашага міністра А. Сярдзюкова ў міністэрстве і Генштабе ўспрынялі так, як некалі нашыя бацькі ўспрынялі паведамленьне пра перамогу над фашыстоўскай Нямеччынай”. Вайсковыя абвінавачваюць міністра ў тым, што ён разьвёў сапраўдны гарэм у міністэрстве і ведамствах: паўсюль панабіралі на службу стройных, ладных кабет у кароткіх спадніцах — якая ўжо тут служба! Абвінавачваюць яго і яго атачэньне ў карупцыі. Але таксама ў тым, што міністар паслаў у адстаўку больш за чвэрць генэралаў і 200 з 350 тысячаў ніжэйшага рангу афіцэраў. Ды яшчэ патрабаваў строгай справаздачнасьці за кожны выдадзены рубель.

Наш камэнтар: Паступова вырысоўваецца мутная карціна справаў у вайсковым асяроддзі Расеі (“страна моя, нікем непобедімая!”). Сярдзюкоў, зразумела, анёлам ня быў. І групоўка ягоная крала і гуляла. Але падобна, што Лубянка-Крэмль выкарысталі яго ў працэсе аслабленьня (зьмяншэньня) генэральска-афіцэрскага корпуса, якога вельмі баяцца на Лубянцы. Міністар у цывільным касьцюме пэўную брудную працу выканаў і “прыняў агонь на сябе”. А лубянцы паставілі на яго месца пажарніка Шайгу, ён будзе нешта там тушыць. Працягваецца валтузьня гангаў на маскоўскім Алімпе.

Алесь Хадасевіч


Прыкметы вясны народаў у Эўразьвязе

26 лістапада 2012 г. угорская газэта “Magyar Hirlap” напісала пра перамогу на выбарах у Каталоніі партый, якія выступаюць за незалежнасьць гэтай краіны ад Іспаніі. На здымках у газэце — сотні тысячаў каталонцаў сьвяткуюць перамогу патрыётаў.

Наш камэнтар: Гэтыя паведамленьні распаўсюджваюцца як сэнсацыя ў СМІ па ўсім сьвеце. Найбольш цікавая частка інфармацыі ёсьць аб тым, што заяўляюць каталонскія нацыяналісты: праз тры гады трэба праводзіць рэфэрэндумы аб дзяржаўнай незалежнасьці ў адзін дзень у Каталоніі, Фландрыі і Шатландыі. Трусіся-трымці, Брусэль!

Алесь Хадасевіч


Помнік Гэйдару Аліеву

26 лістапада 2012 г. іспанская газэта “АВС” паведаміла пра ўстаноўку помніка ў парку Чапультэпэк у Мэхіка. Гэта помнік Гэйдару Аліеву, “вялікаму палітыку і дзяржаўніку, які заклаў асновы сучаснай рэспублікі Азэрбайджан”. У гэтым парку стаяць статуі Чэрчыля, Марціна Лютэра Кінга, Рузвэльта, маршала Ціта і інш. Разгарэлася дыскусія пра мэтазгоднасьць устаноўкі помніка Аліеву.

Наш камэнтар: Мяркуем, што праз сваю амбасаду цяперашні прэзыдэнт Азэрбайджана Ільхам Аліеў аплаціў гэты помнік. Па кампазыцыі і пластыцы ён цікавы.

Але нас, у адрозьненьні ад далёкіх ад усяго мэксіканцаў, цікавіць іншае. Вось быў Аліеў-старэйшы, усё жыцьцё ў Крамлі, нават на Лубянцы зрабіў генэральскую кар'еру. Але ня стаў ратаваць СССР у жніўні 1991 года, ня стаў шкодзіць станаўленьню дзяржаўнасьці Азэрбайджана. Зусім наадварот. Нават паехаў у хадж у Мэкку. Азэрбайджанскую мову ўзьняў на дзяржаўны пасаг. І г.д. Бо пры ўсім заставаўся азэрбайджанцам.

Які кантраст з пэрсанажамі лукашызма! Ад іх толькі беларусафобства, халуйскае служэньне маскоўскаму ворагу, толькі народная бяда.

Юрка Марозаў


Хцівасьць і сквапнасьць брусэльскай бюракратыі

26 лістапада 2012 г. румынская газэта “Adevarul” паведаміла з Брусэлю. Адзін нямецкі эўрадэпутат распаліў дыскусію падчас нядаўняга саміту ў Эўразьвязе. Паводле ягонай публікацыі, 3325 чыноўнікаў эўраструктур (7% ад усёй колькасьці чынавенства структур Эўразьвязу) атрымліваюць штогод больш заробку, чым прэм'ер-міністар Вялікай Брытаніі Кэмэран (у 10 разоў больш за прэм'ера Румыніі), а ён атрымлівае 142 тысячы фунтаў стэрлінгаў. Пералічваецца, якімі даплатамі, кампэнсацыямі, прэміямі карыстаюцца гэтыя асобы.

Наш камэнтар: Астатніх эўрачыноўнікаў таксама не абразілі заробкамі. Правальная брусэльская кантора новага савецкага саюзу паглынае столькі народных сродкаў (і гэта ўсё падчас разбуральнага крызісу), што мільёны людзей пачынаюць пытацца: а навошта нам усё гэта трэба?!

Алесь Хадасевіч