НЕКАЛЬКІ РЭПЛІК ПА КАНФЭРЭНЦЫІ Ў СЕЦІВЕ СТАНІСЛАВА ШУШКЕВІЧА

Пытаньне: Сп. Шушкевіч, менавіта Вы прапанавалі А. Лукашэнку на пасаду старшыні антыкарупцыйнай камісіі (замест Марыніча). У адной з апазыцыйных кніг гэта падаецца як Вашае вымушанае дзеяньне ў сувязі з ціскам расейскіх спэцслужбаў. Што Вы можаце сказаць на гэты конт? Дзякую.

Шушкевіч: Я магу сказаць, што гэта глупства. Ніякія спэцслужбы ніколі аніяк на мяне ня ўзьдзейнічалі. На вялікі жаль, сапраўды Марыніч не пагадзіўся быць старшынём камісіі, і давялося пагадзіцца з тымі, каго падтрымаў прэзыдыўм Вярхоўнага Савету.

Факты. Першае. У пачатку 60-ых Шушкевіч вучыў рускай мове Лі Гарві Освальда, які быў пад шчыльным наглядам КДБ. Малаверагодна, каб КДБ не кантралявала працэс вучобы Освальда. Пазьнейшая навуковая дзейнасьць Станіслава Станіслававіча была зьвязаная з сакрэтнымі абаронымі праектамі, што, безумоўна, кантралявалася КДБ — як і ўсё , што мела датычнасьць да дзяржаўнай таямніцы.

Другое. Ніякай падтрымкі той ці іншай кандыдатуры з боку Прэзыдыюму ВС не было — вылучэньне адбывалася непасрэдна на сэсіі ВС. Кандыдатуру Лукашэнкі прапанаваў Лябедзька, які ня быў членам Прэзыдыюму, а С.С. Шушкевіч імгненна паставіў яе на галасаваньне (між іншым, у парушэньне Рэглямэнту ВС) — больш падрабязна, з цытатамі са стэнаграмы, тут http://www.svaboda.org/content/article/24213248.html.

Пытаньне: Паважаны Станіслаў Станіслававіч, па праўдзе кажучы, ці адчуваеце вы за сабою хоць трошкі віны і адказнасьці за тое, што амаль паўмільёна подпісаў беларусаў за новыя выбары ў ВС былі , мякка кажучы, праігнараваны і вамі ў тым ліку за конт вашай слабай волі і дажа здрадніцкай пазыцыі ў шуканьні “згоды” з камуністычнай большасьцю.

Шушкевіч: Я ня мог зрабіць, каб адбыўся рэфэрэндум. Я мог толькі паставіць гэта пытаньне на Вярхоўным Савеце, каб адбыўся рэфэрэндум. Мы ставілі, гэта пытаньне, але Вярхоўны Савет яго адкінуў. Што можна было яшчэ зрабіць? — нічога.

Факты: Праўда ў тым, што пасьля таго, як вясной 92-га ЦВК прызнала сапраўднымі больш як 440 000 сабраных актывістамі БНФ подпісаў — пры абумоўленых законам 350 000 — Вярхоўны Савет павінен быў прызначыць дату рэфэрэндуму. Дзеля гэтага трэба было склікаць сэсію ВС, і склікаць яе, па Канстытуцыі, можна было альбо рашэньнем Прэзыдыюму ВС,альбо рашэньнем старшыні ВС (Шушкевіча). Колькасьць нашых зваротаў да Шушкевіча (і асабістых, і праз прэсу) з гэтым патрабаваньнем не паддецца падліку. Факт — Станіслаў Станіслававіч цягнуў і сэсію ПАЎГАДЫ сэсію не склікаў. За паўгады палітычная сытуацыя істотна зьмянілася — ішла шалёная прапаганда супраць БНФ, рэфэрэндуму і датэрміновых выбараў, прычым супраць рэфэрэндуму Шушкевіч выступаў самым актыўным чынам. Больш падрабязна тут http://www.svaboda.org/content/article/24754026.html.

Шушкевіч: Прааналізуйце вынікі выбараў 1995-1996 года: ніводнага прадстаўніка БНФ не абралі ў парлямэнт. На справядлівых, сумленных выбарах. Чыя гэта памылка: народу ці БНФ? — Гэта памылка БНФ. Таму што яны не змаглі ацаніць свае сілы, і не падцягнулі абоз. Яны перасталі працаваць зь людзьмі, а працавалі толькі ў парлямэнце.

Факты. Першае. Ніякіх выбараў у 1996 годзе не было. Былі выбары ў ВС-13 у 1995 годзе, якія прайшлі ў два этапы: у траўні і ў сьнежні (у сьнежні — давыбары па вакантных акругах).

Другое. Выбары ў траўні 1995 г. спалучаліся з так званым “рэфэрэндумам” аб зьмене сымволікі (“Пагоні” і Бел-Чырвона-Белага Сьцяга), скасаваньня статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай і эканамічнай інтэграцыі з Расеяй. Уласна, гэта была адна палітычная кампанія. І пачалася яна з брутальнага зьбіцьця 19 дэпутатаў Вярхоўнага Савета — членаў Апазцыі БНФ спэцгрупай КДБ “Альфа” пры ўдзеле спэцназу, што было прадметам узбуджэньня крымінальнай справы Генэральным пракурорам Шаладонавым (за што яго, Шаладонава, Лукашэнка зьняў). Паводле доктара юрыдычных навук Пастухова, аднаго гэтага дастаткова, каб лічыць вынікі “рэфэрэндуму-95” “юридически ничтожными”. Дадам, што ўсе 19 зьбітых дэпутатаў ВС-12 былі кандыдатамі ў дэпутаты ВС-13. Усе ўзгадваньні пра падзеі начы 11-12 красавіка з выступаў кандыдатаў БНФ у дзяржаўных СМІ выразаліся. Ня думаю, што выбары, у якіх перасьледуюць кандыдатаў у дэпутаты і парушаюць іх правы, можна лічыць “справядлівымі” і “сумленнымі”. Нарэшце, у часе як выбарчай кампаніі, так і галасаваньня ў траўні і ў сьнежні 1995 г. былі зафіксаваныя шматлкія парушэньні.

Сяргей Навумчык