АДРАДЖЭНЦЫ НА СЛУЧЧЫНЕ











(92 угодкі Слуцкага Збройнага Чыну)

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ правяла мэмарыяльныя мерапрыемствы ў гонар 92-х угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну. 25 лістапада аўтобус з менскімі сябрамі Партыі ад'ехаў на Случчыну. Патрыёты наведалі мясьціны, дзе адбываліся галоўныя падзеі Слуцкага Збройнага Чыну: вёскі Грозаў і Семежава, а таксама мястэчка Вызну (цяпер Чырвоная Слабада). У мерапрыемствах удзельнічалі фронтаўцы з Салігорска, Слуцка, Баранавічаў, Клецка. Людзі сьпявалі рэлігійныя і ваярскія гімны, гукалі “Слава героям!” і “Жыве Беларусь!” Мітынгі і шэсьці ў кожнай мясьціне адбываліся пад нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі і транспаратамі “Слуцкі Збройны Чын. 1920 год”, “Ніякіх саюзаў з імпэрскай Расеяй!” Да Крыжоў, пастаўленых фронтаўцамі яшчэ ў 1990-я гады, былі ўскладзены кветкі. Людзі маліліся, запальвалі сьвечкі і зьнічкі. Сёлета з фронтаўцамі было шмат моладзі. Многія зь юнакоў і дзяўчат упершыню наведалі змагарную Случчыну.

На мітынгах у розных мясьцінах быў зачытаны зварот Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронта “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Сьцяг і меч” (публікуецца). Выступілі Юры Беленькі, выканаўца на Беларусі абавязкаў старшыні Фронту і Партыі, Валеры Буйвал, сакратар Управы Фронту і Партыі, а таксама Алесь Чахольскі, адказны сакратар Управы Фронту і Партыі. У Слуцку выступіў герой-фронтавец Сяргей Каваленка.

Выступоўцы казалі пра Слуцкі Збройны Чын як пра вялікую бітву беларусаў у абароне ня толькі сваёй Айчыны, але і ўсяе эўрапейскай, хрысьціянскай цывілізацыі. Гераічныя случакі разумелі сэнс гэтага змаганьня, яны ведалі, што панаваньне маскоўскай арды на нашай зямлі азначае трагедыю для нашага народу. Таму яны не баяліся “дысбалансу сілаў” на карысьць шматлікіх ворагаў, а змагаліся да канца. Мы павінны памятаць пра гэты подзьвіг. І вельмі радасна, што з намі штогод на Случчыне шмат моладзі. Цяперашняе пакаленьне мае шчасьце ведаць праўду нягледзячы на рэжымны маразм і русіфікатарскую хлусьню, якой акупанты імкнуцца ачмурыць наш народ. Калі мы былі маладымі, то старэйшыя маглі распавесьці нам праўду пра супраціў маскоўскай агрэсіі і злачынствы акупантаў толькі шэптам. Праўда была пад забаронай. І вось цяпер на такіх, як сёньня, сустрэчах мы перадаем паходню памяці маладым. А яны перададуць яе сваім дзецям, сваім нашчадкам. І тады Беларусь будзе жыць вечна.

Выступоўцы параўналі 1920-ы год з цяперашнімі падзеямі. Акупант той жа самы сёньня, што быў тады, — маскоўская імпэрыя. Змаганьне тое ж самае — за выратаваньне і абарону беларускай культуры, мовы, нашых людзей і нацыянальных багацьцяў. Але ёсьць вельмі важная розьніца. Калі 92 гады таму бальшавіцкая імпэрыя была на ўздыме і захоплівала прастору, то цяпер яна дагнівае і калоціцца ў канвульсіях крызісу. Нават у самой Маскве дамінуюць ужо нерасейскія людзі. Гэта азначае, што пэрспэктыва ёсьць у народаў, якія вызваляюцца, а не ў імпэрыі, якая ідзе да свайго канчатковага распаду.

Народная перамога байкоту верасьнёўскага выбарчага фарсу паказала, што супраціў антыбеларускаму рэжыму набірае моц. Асьветніцтва і нацыянальная Беларуская салідарнасьць — вось наш шлях да канчатковай перамогі над акупантамі. Па ўсёй краіне трэба ствараць групы падтрымкі нашай народнай партыі КХП — БНФ. Усенароднымі намаганьнямі трэба рабіць байкот самому антынароднаму рэжыму. Мы на сваёй зямлі, а вось рэжым — гэта ўлада чужых, варожых Беларусі асобаў і структураў.

Перад грамадой выступілі прадстаўнікі моладзі. Яны сказалі, што на ўсё жыцьцё запомняць гэты хвалюючы дзень. Сьвятыя крыжы Случчыны на месцах бітваў незалежнасьць Бацькаўшчыны — Боскі знак няскоранай волі нашага народа жыць у сваёй дзяржаве. Настане час, і да гэтай велічнай традыцыі далучыцца ўся беларуская моладзь. І гэты час ужо недалёка. Нам разам трэба набліжаць гэты час. Для нас — маладых патрыётаў — узорам зьяўляюцца Касьцюшка і Каліноўскі, а не сталіны-леніны. Нас ужо не падманеш дэмагогіяй і фальшывымі абяцанкамі русіфікатарскага “шчасьця”.

Людзі прайшлі шэсьцем праз цэнтар Слуцка. Перад гістарычным будынкам, дзе ў 1920 годзе адбыўся Зьезд Случчыны, быў праведзены мітынг. Да ўдзельнікаў шэсьця далучылася шмат мясцовых жыхароў. На ўсім шляху Слуцкага Збройнага Чыну людзі сьпявалі гімн “Магутны Божа”. Гучалі беларускія патрыятычныя песьні і ваярскія гімны.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

25 лістапада 2012 г.