АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (13–17.11.2012 Г.)

Форма зьнішчэньня беларускага народу

13 лістапада 2012 г. румынская газэта “Adevarul” апублікавала чарговы артыкул з сэрыі “Жыцьцё Чаўшэску”. Гаворка вядзецца пра зьнешнепалітычную дзейнасьць румынскага дыктатара. На пачатку свайго кіраваньня Чаўшэску заявіў пра незалежнасьць Румыніі ад СССР і КПСС. Яго прымалі ў розных краінах як лідэра незалежнай дзяржавы і ён прымаў важных гасьцей. На здымку ў газэце — Чаўшэску з Дэ Голем едуць у аўтамабілі пасярод радасных натоўпаў у румынскім горадзе Краёве.

Наш камэнтар: З задэкляраванай “незалежнасьці ад Масквы” шмат што, на самой справе, было пустой дэклярацыяй. Але нават пры дзікім рэжыме Чаўшэску не зьнішчалася румынская мова, не праводзілася палітыка этнацыду і лінгвіцыду. Наадварот, Чаўшэску пазыцыянаваў сябе як нацыянальнага дыктатара, гэта быў пэрыяд актыўнага нацыяналізму. Такое нават блізка нельга параўнаць з лукашызмам — формай зьнішчэньня беларускага народу, нашай нацыянальнай культуры і цывілізацыі, формай агрэсіўнай русіфікацыі.

Юрка Марозаў


Бароняцца ад Садома і Гаморы

17 лістапада 2012 г. чэшская газэта “Ceske Noviny” паведаміла з Францыі. Там адбыліся масавыя дэманстрацыі супраць прыняцьця закону аб легалізацыі аднаполых шлюбаў. У розных гарадах дэманстравала разам больш за 100 тысячаў чалавек.

Наш камэнтар: Хрысьціянскае грамадзтва бароніцца ад Садома і Гаморы. Змаганьне за нармальнасьць.

Алесь Хадасевіч


Апраўданы і вызвалены з-пад варты

17 лістапада 2012 г. аўстрыйская газэта “Die Presse” напісала пра вэрдыкты ў Міжнародным трыбунале ААН па ваенных злачынствах. Два харвацкіх генэралы апраўданы і вызвалены з-пад варты. На першым працэсе ім прысудзілі па 24 і 18 гадоў турмы. Сэрбія выказвае пратэст.

Наш камэнтар: Калі сэрбская хунта Мілошавіча распачынала зьнішчальную вайну супраць народаў у 1991 годзе, імпэрцы заручыліся падтрымкай Масквы і Берліна. Хунта пацярпела сакрушальную паразу ад арміяў народаў, якія хацелі вырвацца з югаслаўскай імпэрыі. Генэралы гэтых арміяў змагаліся супраць імпэрскіх агрэсараў. Іх вызваленьне віталі ў Харватыі сотні тысячаў людзей, якія выйшлі на плошчы гарадоў пад нацыянальнымі сьцягамі.

Алесь Хадасевіч


Сапраўдныя змагары

17 лістапада 2012 г. швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” напісала з Парыжа. Прэзыдэнт Францыі Аланд прыняў у Элісэйскім палацы кіраўніка сірыйскага Апазыцыйнага хаўрусу Ахмэда Мваса аль-Хаціба. Францыя прызнала гэты хаўрус прадстаўніком сірыйскага народу і дзяржавы. У Парыжы цяпер будзе працаваць амбасадар ад Апазыцыйнага хаўрусу.

Наш камэнтар: Дзяржавы прызнаюць сірыйскую апазыцыю, таму што сірыйскі народ змагаецца за сваё вызваленьне ад дыктатуры. І таму, што лідэры апазыцыі — сапраўдныя змагары, а не псэўдадзеячы, што жывуць на чужыя гранты. У Сірыі не прайшлі мясцовыя мілінкевічы, вінцучкі ды саньнікавы.

Алесь Хадасевіч


Савецка-русіфікатарскі сурагат

17 лістапада 2012 г. нідэрляндская газэта “De Telegraaf” напісала пра пачатак дзіцячых перадкалядных сьвятаў. Дзеці зьбіраюцца і бавяцца каля акцёраў у касьцюмах Sint (Сьвятога, як нідэрляндцы называюць сьв. Міколу). Гэтай традыцыі ўжо многія сотні гадоў.

Наш камэнтар: У акупаванай Беларусі паўсюль рыхтуюцца арміі “дедов морозов”. Савецка-русіфікатарскі сурагат на чужой мове павінен замяніць традыцыйныя калядныя сьвяты беларускай дзятве. Акупанцкі шабас. Але ён ня будзе вечным.

Юрка Марозаў


Ператасоўкі ў Крамлі

17 лістапада 2012 г. бэльгійская газэта “La libre Belgique” абмяркоўвае апошнія падзеі ў расейскіх вярхах. Пуцін правёў кампанію звальненьняў у вышэйшых і рэгіянальных эшалёнах улады. Быў адпраўлены ў адстаўку і міністар абароны Сердзюкоў, бо надта блізкія да яго чыноўнікі зь міністэрства абароны сталіся пэрсанажамі карупцыйных скандалаў. Усе пытаюцца, чаму Пуцін робіць гэта.

Наш камэнтар: Беларускія патрыёты мяркуюць, што ідзе чарговая ператасоўка кадраў у крамлёўскім гангу. Цікава, што на пастарунак міністра абароны прызначылі пажарніка па прафэсіі Шайгу. Крэмль усё ж вельмі баіцца прафэсійных вайскоўцаў, якія не задаволены гэбоўскім цараваньнем у Расеі. Але канчатковай разьвязкі на мафійным полі ў Маскве ім ня ўдасца пазьбегнуць.

Юрка Марозаў


Імпэрыя ачмурэлага шавінізму

17 лістапада 2012 г. швэдская газэта “Dagens Nyheter” напісала пра кінафэстываль у Стакгольме. Дождж узнагародаў прасыпаўся на фільм “Лорэ” рэжысёркі аўстралійскага паходжаньня Кэт Шотланд. Лірычны фільм прысьвечаны жыцьцю мірнага насельніцтва ў разбомбленай Нямеччыне пасьля ІІ Сусьветнай вайны.

Наш камэнтар: Нямецкае мірнае насельніцтва панесла цяжкія страты ў выніку бамбардовак і ваенных дзеяньняў на тэрыторыі Трэцяга Райху. Жыць немцам у разбомбленай краіне было вельмі цяжка. Але ня трэба забывацца, зь якім захапленьнем гэтае насельніцтва вітала свайго вар'ята Гітлера. І таксама тое, хто атакаваў, бамбіў і забіваў насельніцтва эўрапейскіх народаў. Нямногія разумныя немцы папярэджвалі грамадзтва, чым скончыцца нацыстоўскі экспэрымэнт, але іх не хацелі слухаць, крычалі “Хайль Гітлер!” Нешта падобнае назіраецца цяпер у Расеі, імпэрыі ачмурэлага шавінізму і гуманітарнай катастрофы для мільёнаў людзей.

Алесь Хадасевіч


Не схаваюцца і не ўцякуць

17 лістапада 2012 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” напісала пра падзеі лістапада 1989 г. Пасьля “аксамітнай рэвалюцыі” 17 лістапада 1989 г. на працягу некалькіх дзён з аб'ектаў СтБ (чэхаславацкага КГБ) у Славакіі грузавікамі вывозіліся дакумэнты ў чорных мяхах для ліквідацыі. Цяпер гэтыя падзеі аналізуюцца ў Інстытуце нацыянальнай памяці ў Браціславе.

Наш камэнтар: Пасьля падзеньня лукашызма беларусы не павінны дапусьціць, каб нешта вывозілася з з аб'ектаў КГБ РБ.

Юрка Марозаў