СЦЭНЫ З ЖЫЦЬЦЯ ПРЫ ПОЗЬНІМ ЛУКАШЫЗМЕ

На працягу гадоў лукашэнкаўская гэбельсаўшчына і некаторыя з псэўдаапазыцыі спаборнічалі між сабою, хто “круче” абзаве патрыётаў, якія ўдзельнічаюць у мерапрыемствах Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Любымім “аргумантам” гэтай публікі было наступнае: “Ды на заклік Пазьняка зьбіраюцца адны старыя бабулькі ў вязаных шапачках...” Шматгадовае “спаборніцтва” тых, хто зьвягаў на патрыётаў, скончылася правалам і рэжыму зь ягонай “стабільнасьцю” і псэўдаапазыцыі зь яе заходнімі грантамі. А на мерапрыемствы на заклік Зянона Пазьняка і КХП — БНФ з кожным годам прыходзіць усё больш моладзі, якая складае да 95% удзельнікаў мітынгаў і шэсьцяў, а таксама ўдзельнікаў штодзённай фронтаўскай працы.

Трэба падкрэсьліць, што патрыятычная моладзь з павагай ставіцца на старэйшых людзей, якія прысьвяцілі сваё жыцьцё абароне Бацькаўшчыны. Гэбельсаўшчына замітусілася і вось жа — знайшла спосаб “дыскрэдытацыі” патрыётаў. Мы ўбачылі гэта ў шэрагу відэарэпартажоў з сёлетніх Дзядоў, паказаных у Сеціве. Здымшчыкі паталагічна пазьбягалі здымаць буйныя пляны, на якіх былі сотні прыгожых і адухоўленых маладых твараў побач з тварамі старэйшых патрыётаў.

Калі рабіліся здымкі шэсьця, напрыклад, у Лошыцкі Яр, то тут адбыўся акт відэаарыгінальнічаньня зусім не да месца. Доўга-доўга камэра паказвала ногі ўдзельнікаў шэсьця. Здымшчыкі проста баяліся зірнуць людзям у твар. Як разумеем, такое было “рэдакцыйнае заданьне” у недарэкаў-здымшчыкаў. Зь іх людзі цяпер сьмяюцца і кажуць, што і па абутку было бачна — абсалютная бальшыня ўдзельнікаў гэта былі маладыя, культурныя, энэргічныя людзі. Тады гэбельсаўшчына занэрвавалася і загукала: “У Пазьняка і КХП — БНФ створаны свой БРСМ!..” Вось дык дадумаліся ў канторы. Драбната. Крызіс жанру.

* * *

28 кастрычніка на тэрыторыі аднаго будаўніцтва ў РБ было абвечшана “ваеннае становішча”. Маецца на ўвазе будпляцоўка рэстарана-бардэля “Бульбаш-хол” побач з магіламі пакутнікаў у Курапатах. Расейскія рэстараншчыкі (гэтую гнюснасьць у ахоўнай зоне нашай нацыянальнай сьвятыні будуюць расейская фірма і расейскія “дзелавыя колы”) напалохаліся нашых Дзядоў і са страху папрасілі паратунку ў антыбеларускага рэжыму. Рэжым пачаў іх ратаваць ад народнага шэсьця і мітынгу. На подступах да рэстарана-бардэля стаяла цэлая цемра амонаў у поўнай выкладцы. Яны чакалі штурму. Але арганізатары мэмарыяльных мерапрыемстваў (КХП — БНФ) не зьбіраліся граміць і ламаць у гэты дзень. Важна было даць магчымасьць раскрыцца маскоўскай рэстаранна-бардэльнай публіцы. Аказалася, што яны моцна баяцца. Яны добра разумеюць, у якім месцы робяць сваю гнюснасьць. Яны не памыляюцца, іхны блюзьнерскі “бізнэс” ня мае будучыні на нашай зямлі. Беларусы ліквідуюць яго ў рамках Закону.

* * *

Дурачкі зноў актывізуюцца. 8 лістапада маладзёвая сэкцыя “Zмена” сумнавядомай “Говправду” засьвяцілася ў цэнтры Менску. Насупраць кінатэатра “Москва” дурачкі паставілі на парапэт ходніка клетачкі, пасадзілі туды плюшавыя цацкі і павесілі на клеткі плакацікі з надпісамі на нейкай вычварэнскай мове, стылізаванай пад лукашэнкаўскую “трасянку”. Напрыклад, “Этат атмарозак слишкам крэпка любит Беларусь”. Зрабілі пару здымкаў і ўцяклі. Зразумела, што ў “незалежных СМІ” адразу ж пачалі развадзіць вакол іх паліталагічную філасофію. А ўсё вельмі проста, кантора арганізоўвае чарговы акт зьдзеку зь беларушчыны і сапраўднага нацыянальнага супраціву. Ды нічога ня выйдзе ў гэтай шпаны.

* * *

На звароты да грамадзтва лідэра нашага народу Зянона Пазьняка апошнім часам назіраюцца вельмі аднолькавыя рэакцыі псэўдаапазыцыянэраў і псэўдагісторыкаў. Дастаткова пазнаёміцца з шматслоўнымі выказваньнямі-рэакцыямі псэўдагісторыка І. Кузьняцова і псэўдаапазыцыянэра В. Вячоркі. Тая ж самая адчайная істэрыка, той жа імпэт самаўпэўненай публікі. Так бывае, калі публіка пачула праўду пра сябе і сваю шматгадовую дзейнасьць.

У сувязі з апошнімі падзеямі ў Курапатах назіраюцца спробы ўтварэньня лакальных міфаў. Савецкага палітрука падпалкоўніка Кузьняцова спрабуюць абвясьціць сучасным Герадотам. Ягонага калегу па расейскай арганізацыі “Меморіал” Раманоўскага на поўным сур'ёзе некаторыя “незалежныя дэмСМІ” назвалі “вязьнем ГУЛАГу і гісторыкам”. Даем даведку: сп. Раманоўскі не гісторык па адукацыі і прафэсійнай дзейнасьці, а савецкі інжынэр. Вязьнем ГУЛАГу ён таксама ня быў. Такіх дзеячаў студэнты ў савецкі час дасьціпна называлі “іскусствоведамі в штатском”. Трэба прызнаць, што гэта была і ёсьць даволі распаўсюджаная прафэсія пад аўтарытарнымі рэжымамі.

Янка Базыль