СУТНАСЬЦЬ ПРАВАКАЦЫІ
Нядаўна выйшла з друку кніга “Абарона Курапатаў. Народны Мэмарыял”. Гэта зборнік артыкулаў і матэрыялаў. Аўтары — Зянон Пазьняк, Валеры Буйвал. Адразу за вокладкай буйнымі літарамі напісана: “Змаганьне за Курапаты і за абарону Курапатаў — гэта, найперш, барацьба з КГБ, з агентурай КГБ і “лубянскай” Расеяй, са спадкаемцамі тых, што тварылі генацыд. Толькі ведаючы і разумеючы гэта, можна зразумець сэнс і зьмест падзеяў, што разгортваюцца вакол Курапатаў”.
Тут сутнасьць. У гэтым галоўнае. Тут — барацьба на сьмерць. Тут ня можа быць кампрамісаў, бо з аднаго боку ахвяры і прадстаўнікі ахвяраў, з другога — забойцы і прадстаўнікі забойцаў, апранутыя ў стракатыя формы палітыкі, ідэалёгіі, прапаганды, нібыта гуманізму, нібыта навукі, нібыта дэмакратыі. Тут ня можа быць прымірэньня, бо гэта канфлікт чужых сабе сілаў, якія выключаюць адна адну, а паміж імі — сьмерць і злачынства супроць чалавецтва.
Прымірыцца можа адно, падзеленае на два дзеля аднаго, але не супроцьлеглае супраць супроцьлеглага. Прымірыцца могуць латышы ці эстонцы з Вэрмахту і Савецкай арміі, якія ваявалі адзін супроць аднаго за вольную Латвію ды Эстонію, бо асновай для замірэньня было змаганьне за вольную Бацькаўшчыну.
Але ня можна прымірыць габрэйскіх ахвяраў Галакосту і нямецкіх эсэсаўцаў, беларускіх ахвяраў савецкага генацыду і расейскіх энкавэдзістаў, бо паміж імі Курапаты і газавыя камэры Асьвенцыма. Рацыя тут толькі на баку ахвяры. Для злачынцаў — толькі пакараньне па міжнародных законах за злачынствы супроць чалавецтва. І той, хто адмаўляе гэтыя злачынствы, што адбыліся, той таксама нясе адказнасьць.
Адкрыцьцё, дасьледваньне і доказнае пацьверджаньне расстрэлаў у Курапатах стала катастрафічнай паразай Масквы, камуністычнай партыі і КГБ-НКВД. Былі здабытыя ўлікі і рэчыўныя доказы генацыду, які праводзіла крамлёўская ўлада ў Беларусі. Зьявілася рэальная падстава для суду над спраўцамі злачынства супроць чалавецтва. Таму з першых жа дзён пасьля адкрыцьця пачалося яраснае змаганьне з двух бакоў: супраць існаваньня Курапатаў і за абарону Курапатаў.
У 1994 годзе ў Беларусі і ў 2000 годзе ў Расеі да ўлады прышоў КГБ. Разумеючы небясьпеку, народная партыя КХП-БНФ, каб захаваць Курапаты, прыступіла да рэалізацыі ідэі Народнага Мэмарыялу “Курапаты — лес крыжоў”. Ужо ў 2000 годзе, пры актыўнай дапамозе і падтрымцы людзей, Народны Мэмарыял быў створаны.
У 2001 годзе пачалася “генэральная бітва” за Курапаты. Антыбеларускі рэжым Лукашэнкі, панукаемы з Масквы, распачаў будаўніцтва шырокай аўтастрады праз Курапаты. Вялікі абшар тэрыторыі магільніка плянавалі зьнішчыць, частку тэрыторыі вакол Крыжа Пакуты ператварыць у забалочаную мясцовасьць. Змаганьне за Курапаты ў гэты час стала выпрабаваньнем для ўсіх беларусаў. Пры дапамозе АМОНа рэжымныя ўлады дарогу ўсё ж праклалі. Але асноўную тэрыторыю могілак удалося абараніць. Нагадаю толькі адзін эпізод. Калі ня гледзячы на супраціў, разбуральнікі пракапалі экскаватарам 40-мэтровую траншэю пад Крыж Пакуты, каб зрабіць туды вадасток і ўтварыць застойнае балота, то некалькі дзясяткаў сяброў народнай партыі КХП-БНФ рыдлёўкамі за цэлы дзень працы засыпалі гэты роў. Прыязджалі міністры, кагэбісты, міліцыянты і т. п., спрабавалі пагражаць, але ніхто ня сунуўся, бо ўбачылі, што мужчыны сьціскаюць у руках рыдлёўкі моцна і настроены рашуча (пра што было і заяўлена). Балота адступіла.
Атака на Курапаты
Атака на Курапаты ў той час была комплекснай. Мы на практыцы ўбачылі, як дзейнічае агентура КГБ, іхныя прыёмы, тактыку і тэхналёгіі. Ня буду апісваць падрабязна (усё ёсьць у кнізе). Асноўны накірунак — перахоп ініцыятывы. Паявіліся актыўныя экзальтваваныя асобы, якія спачатку падтрымлівалі разбурэньне і будаўніцтва дарогі і імкнуліся задушыць супраціў. Потым, калі ўбачылі, што правальваюцца, зьмянілі тактыку і выступілі ў “абарону Курапатаў”, каб забегчы наперад і рабіць сваю справу пад відам абаронцаў. Пачалі ствараць розныя групы ды “рухі” “у абарону Курапатаў”, пісаць прашэньні ўладам, дамаўляцца з будаўнікамі, забясьпечваць ім фронт працы і г. д. Нават Фонд міру тут абазначыўся (савецкая арганізацыя з адпаведным мінулым). Шуму і перашкодаў ад гэтых фальшывых энтузіястаў было шмат. Пасьля пракладкі дарогі ўсе яны зьніклі. Больш іх у Курапатах ня бачылі. Засталося на паверхні толькі адно прозьвішча — Ігар Кузьняцоў, які ў тыя дні адзначыўся сцьвярджэньнем, што “крыжы ставіць у Курапатах нельга, бо там пахаваныя камуністы”.
У наступныя гады сябры народнай партыі і абаронцы Курапатаў часам бачылі, як гэтая асоба вадзіла экскурсіі для дыпляматаў ды замежнікаў. Зьмест гэтых “экскурсіяў” — фальсіфікацыя сутнасьці Курапатаў. У гэты ж час было зафіксавана некалькі такіх жа дзіўных “экскурсіяў” іншых асобаў, якія распавядалі замежнікам, што нібыта ў Курапатах немцы зьнішчалі габрэяў. Іншым групам казалі, што ў Курапатах беларусы расстрэльвалі беларусаў. Гэта быў асноўны ляйт-матыў ілжывай прапаганды. Маўляў, Масква тут ні пры чым, самы сябе забівалі, генацыду не было.
Гэтыя асобы ніколі не падыходзілі да абаронцаў Курапатаў, ня ўдзельнічалі ў працы па доглядзе за магільнікам, нічым не цікавіліся.
Сёлета перад Дзядамі стала вядома аб плянах правакацыі ў Курапатах з удзелам згаданага Ігара Кузьняцова і філіі маскоўскай арганізацыі “Мэмарыял”. Плянавалі паставіць знак у памяць “афіцэраў польскага войска, расстраляных у Беларусі”.
Я публічна папярэдзіў пра правакацыю. Але гэта іх не стрымала. 29 кастрычніка па савецкай (і дарэчы, энкавэдзісцкай) традыцыі, яны ўкапалі ў Курапатах слупок-тумбу з таблічкай у памяць расстраляных афіцэраў польскага войска.
30 кастрычніка выявілася, што слупок-тумба зьнік. Кузьняцоў адразу пачаў рабіць экзальтаваныя заявы. У гэты ж дзень ён выступіў у менскай галерэі “Ў” з фантастычным паведамленьнем, дзе сказаў, што, маўляў, сёньня, 30 кастрычніка, “в Белоруссии началась гражданская война”, што “экстремисты КХП-БНФ” выступілі “против русского народа” і г. д. (пераказваю па расповяду сьведкаў, М. Кляшторнай і інш.). Рэакцыі на выступ з боку прысутных не было ніякай, моўчкі паслухалі і пераглянуліся.
Тым часам лямант І. Кузьняцова з моцнымі азначэньнямі не спыняецца. На радыё “Свабода”, замест традыцыйнай падзякі за канфэрэнцыю, ён сказаў, што зьнікненьне ўстаноўленага ім слупка з таблічкай “гэта выклік супрацоўнікам МУС і КДБ. Калі і ў гэтым выпадку зноў ня будуць знойдзеныя вінаватыя — прабачце, тады я буду рабіць адпаведныя высновы пра іх ўзровень прафэсіяналізму”.
Вось гэтае “тады я буду рабіць адпаведныя высновы пра іх ўзровень прафэсіяналізму” у вуснах падпалкоўніка на радыё “Свабода” выглядае найбольш кур'ёзна, што да тэмы гаворкі. Магчыма, ён пераблытаў студыю з кабінэтам, а магчыма, гэта ўжо такі адкрыты стыль паводзінаў, і некаму з МУС і КДБ павінна стаць страшна.
Улічваючы ўсё пачутае, думаю, што найбольш верагодны варыянт зьнікненьня слупка з таблічкай такі, што тыя, хто яго паставілі, тыя ж яго і зьнялі. Інакш ляманту і моцных азначэньняў не было б магчымасьці распачаць.
Правакацыя
Цяпер аб правакацыі. Курапаты — гэта самы вялікі мэмарыяльны магільнік генацыду беларускага народа. Расстрэлы адбываліся за часы расейскай камуністычнай акупацыі Беларусі, ажыцьцяўляліся расейскім камуністычным НКВД, плянаваліся, кіраваліся і кантраляваліся з Масквы. Расстрэльвалі плянава, па квотах, па сацыяльнай (заможныя сяляне, багатыя людзі, інтэлігенцыя) і нацыянальнай прыкметах (беларускія паэты, вучоныя, пісьменьнікі, беларускія настаўнікі, беларускія адміністратары, беларускія выхадцы са шляхты). Сумяшчэньне нацыянальнага і сацыяльнага крытэрыяў генацыду сьведчыць, што ў Курапатах ляжыць расстраляны беларускі народ, увесь сацыяльны і нацыянальны кшталт грамадзтва. Археалягічнымі дасьледваньнямі вызначаныя асноўныя сацыяльныя пласты забітых, дзе найбольшую колькасьць займаюць сяляне. Нацыянальную прыналежнасьць археалёгія не заўсёды можа вызначыць, але зыходзячы з шырокіх крытэраў камуністычнага людабойства (паўтаруся) там, у магілах, мусілі б ляжаць прадстаўнікі ўсіх структураў і групаў беларускага грамадзтва. Таму гэты Мэмарыял ёсьць Народны Мэмарыял усіх забітых жыхароў Беларусі.
Будуючы Народны Мэмарыял, мы ўсьведамляем, што кожная нацыянальная група людзей у Беларусі, прадстаўнікі якой былі забітыя ў часе камуна-маскоўскага генацыду і калі гэтаму ёсьць сьведчаньні, доказы ці пацьвярджэньні — могуць адзначыць, азнакаваць крыжам, помнікам ці іншым знакам гэтыя факты ў Курапатах. Гэта іхняя справа і іхняе людзкое права. Такі ёсьць прынцып Народнага Мэмарыялу, які мусіць існаваць вечна. Гэтак зьявіўся помнік расстраляным габрэям і крыж у памяць забітых за часы сталінізму палякаў.
Мы ня раз былі сьведкамі правакацыйных заяваў і спробаў агентуры сутыкнуць людзей і пасварыць іх на магілах па этнічнай прыкмеце. Гэта любімы канёк канторы, якая тут расстрэльвала. Але ні разу ім гэта не ўдалося і ня ўдасца.
Я ацэньваю тое, што робіць І. Кузьняцоў, як правакацыю. Сутнасьць правакацыі, як я перакананы, пабудавана якраз на гэтым прынцыпе — сутыкнцуць беларусаў і палякаў пад дыктоўку Масквы. Польскія афіцэры — гэта не ўвогуле расстраляныя палякі, у памяць якіх у Курапатах ужо даўно стаіць крыж. Гэта сьцісла акрэсьленая група людзей, парэшткі якіх могуць быць археалагічна ідэнтыфікаваныя, якія вымагаюць таксама дакумэнтальнага пацьвярджэньня, бо гэтая група людзей зьяўляецца вострым чыньнікам цяперашніх палітычных дачыненьняў паміж Польшчай і Расеяй. Тут не павінна быць ніякага авантурызму і безадказнасьці (тыпу, як з трацілам на рэштках прэзыдэнцкага самалёту ў Смаленску). З гэтым нельга гуляцца — сёньня так, заўтра гэтак, бо гэта ня жарты.
Тым часам на сёньняшні дзень ні дакуманты, ні археалягічныя раскопкі не даюць падставы казаць, што ў Курапатах расстраляныя і пахаваныя польскія афіцэры. І Кузьняцоў гэта ведае. Дык навошта ён, насуперак перасьцярогам, зрабіў тое, што зрабіў, і пасьля ўсяго пачаў скандаліць і лемантаваць?
Кузьняцоў апраўдваецца, што, маўляў, тут, у Курапатах, хацелі ўвогуле адзначыць забітых польскіх афіцэраў у Беларусі. Але панове, гаспада! Польскія афіцэры былі расстраляныя расейцамі ў выніку расейска-польскай вайны 1939 года. Беларусь з Польшчай не ваявала. Заходняя Беларусь пры дапамозе расейцаў была акупавана Польшчай, а ўсходняя — Масквой. Між сабой Расея (СССР) з Польшчай і ваявалі. І калі вы, гаспада, раскаіваецеся ў забойстве польскіх афіцэраў, то пастаўце свой помнік пакаяньня ў Маскве перад Крамлём, і ня лезьце ў Курапаты.
Правакацыя Кузьняцова накіравана на фальсіфікацыю Курапатаў, на штучную прывязку забойства польскіх афіцэраў да гэтага месца. Шмат якія палякі ў такое маглі б паверыць. Усё гэта выклікала б напружаньне паміж беларусамі і палякамі, скандальныя выступы і кампрамэтацыю сакральнага помніка. ФСБ-НКВД у Маскве пацірала б ручкі.
Я не выключаю, што ў Курапатах могуць быць адкрытыя магілы расстраляных польскіх ваенных. Але калі б такое здарылася, тады б і прымалі рашэньне.
Польскі друк нічога ня піша пра афёру Кузьняцова. У Польшчы, відаць, разумеюць, адкуль тут вушы растуць. Сама асоба падпалкоўніка Кузьняцова нам, фронтаўцам, вядомая даўно, яшчэ з той пары, як яго (пасьля сканчэньня палітвучэльні) накіравалі ў 120-ю дывізію пад Менскам на пасаду зампаліта роты 356-га мотастралковага палка. Што такое палітрукі ў Савецкай Арміі старэйшыя беларусы добра ведаюць. Памятаюць і Кузьняцова. Сьвет цесны.
Сярэднія і вышэйшыя дзейныя афіцэры (адпаведнай ськіраванасьці), будучы ў Савецкай арміі, маглі мець допуск №1 ў сакрэтныя архівы КГБ. Кузьняцоў карыстаўся такім допускам (ён сам пра гэта сказаў на “онлайн-канфэрэнцыі”) і як падпалкоўнік запасу мае права карыстацца гэтым допускам па сёньняшні дзень .
У змаганьні з Курапатамі задача КГБ-НКВД у дадзеным выпадку простая: падрыхтаваць сваіх “навуковых спэцоў” і “экспэртаў” па Курапатах, якія будуць даваць ўсяму выгадную Маскве і КГБ трактоўку падзеяў, блытаць мазгі людзей.
Чаму падобнай справай пачаў займацца Кузьняцоў — я ня ведаю (магчыма такія яго схільнасьці). Але фактам ёсьць тое, што ён увесь час стажыруецца па Курапатах, апрацоўвае замежнікаў і дыпляматаў. (Дарэчы, дакладна разьлічана, і праверыць няпроста). Цяпер жа падпалкоўнік, відаць, асьмялеў і перабраў меру — узяўся за правакацыю і груба праваліўся.
Усё гэта нельга пакінуць проста так. Абаронцы Курапатаў (найперш КХП — БНФ), якія ўжо 12 гадоў даглядаюць Народны Мэмарыял, аб'явілі, што прысутнасьць такой асобы ў Курапатах ня мае даверу.
Што датычыць мяне, то я падтрымліваю такое стаўленьне. Размова йдзе не пра забарону прысутнасьці, як напісалі некаторыя журналісты. Тут аб'яўлена да ведама ўсіх, што пэўная асоба не карыстаецца даверам (ёсьць асобай “нон грата”) і прысутнасьць яе ў Курапатах фальшывая. І гэта трэба мець на ўвазе.
Да помнікаў існаваньня і сьмерці тыпу Курапатаў у мяне асаблівае стаўленьне. Магільнікі генацыду маюць сваю гісторыю і тэрыторыю на Зямлі, але адначасна (на мой погляд) гэта ёсьць нябеснае цела народа (астральнае, як сказалі б містыкі, аля я ня містык). Разбурэньне зямной асновы такога “цела” прыводзіць да страты, якая ўплывае на будучыню жывых. Будучыні можа ўвогуле ня стаць. Калі ўсё, што творыцца вакол Курапатаў (ад часу іх узьнікненьня) перавесьці ў знакавую сістэму, то мы атрымаем мэтафару — працэсуальную гісторыю беларускага народа за апошнія 75 гадоў.
Тыя беларусы, якія могуць уздымацца над бытам, адчуваюць і разумеюць сакральнае значэньне Курапатаў дзеля нашага духоўнага існаваньня. Што б ні рабілася і што б ні сталася, Курапаты трэба берагчы і аберагаць усімі магчымасьцямі і ўсімі сіламі. І мы ведаем дзеля чаго.
І сілы ў нас хопіць.
Зянон ПАЗЬНЯК