СТВАРАЦЬ ГРУПЫ ПАДТРЫМКІ НАРОДНАЙ ПАРТЫІ

(Лістападаўскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)

11 лістапада сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. З дакладам выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.

Выступоўцы распавялі пра паглыбленьне эканамічнага крызісу ў краіне. Беларусы, якія засталіся ў бізнэсе і фінансах, папярэджваюць, што абвастрэньня фінансавага становішча трэба чакаць пасьля навагодніх сьвятаў. На гэтую інфармацыю можна адказаць, што гэтыя падзеі могуць адбыцца і раней.

У палітычнай і інфармацыйнай сфэры мы сталі сьведкамі шалёнай атакі рэжымных структур супраць беларускіх патрыётаў і мэтанакіравана супраць нашай народнай партыі КХП-БНФ і яе лідара Зянона Пазьняка. Аналіз паказвае, што цемрашальская атака выклікана перамогай Народнага Байкоту на апошніх рэжымных псэўдавыбарах. Спробы падстаўных дзеячаў утварыць правакацыі на тэрыторыі Народнага Мэмарыялу ў Курапатах з грукатам праваліліся. Фронтаўцы абаранілі нацыянальную сьвятыню ад блюзьнерства, фальшу і расейскіх псэўдамэмарыяльных структур і дзеячаў. Фронтаўцы ўсталявалі ў Курапатах 7 лістапада сёлета Крыж ў памяць супольнай народнай трагедыі народаў беларускага і польскага, ушанавалі памяць нашых ахвяраў нацыянальнай сымволікай абодвух народаў і прасьпявалі беларускі гімн “Магутны Божа” і гімн Польшчы. Беларускія патрыёты і надалей будуць бараніць Курапаты і іншыя сьвятыні ад ілжы і апаганьваньня.

Мы становімся сьведкамі і ўдзельнікамі падзей, якія вызначаюць напружаны рытм палітычнага жыцьця. Зноў адзін дзень па насычанасьці становіцца роўным тыдню і нават месяцу, сытуацыя мяняецца і патрабуе прыняцьця імгненных рашэньняў ды адэкватных дзеяньняў. Але сутнасьць нашага змаганьня застаецца той жа: беларускі патрыятычны авангард супраціўляецца палітыцы зьнішчэньня нашага народу, палітыцы Масквы і падпарадкаваных ёй мясцовых рэжымных і псэўдаапазыцыйных структур. Нават нашыя нядобразычліўцы заўважылі, што да Народнага Фронту і Нацыянальнай Ідэі далучаецца ўсё больш маладых людзей. Моладзь (як і абсалютная бальшыня нашага грамадзтва) не прымае існуючы прамаскоўскі рэжым і яго псэўдаапазыцыю. Моладзь ня хоча больш цярпець гэты зьдзек з здаровага сэнсу і жыць пад уладай антыбеларускага маразму. Таму трэба ствараць паўсюдна групы падтрымкі нашай народнай партыі, як гэта было ў 1988-91 гадах, калі разгортвалася пераможнае рушаньне Народнага Фронту. Кожны, хто гатовы да штодзённай патрыятычнай, асьветніцкай працы, павінен знайсьці сваё месца ў змаганьні. Трэба пашыраць наш нацыянальны авангард і выхоўваць новую эліту, якая будзе адраджаць нашу Бацькаўшчыну, культуру, наладжваць нармальнае жыцьцё ў Беларусі разам з старэйшымі пакаленьнямі.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны паведамілі, што вельмі многія людзі адэкватна зразумелі апошнія падзеі, іх прычыны і тэндэнцыі. Людзі кажуць, што “Зянон Пазьняк сфармуляваў выразна і адназначна тое, пра што думала і здагадвалася грамадзтва”. Людзі ня хочуць больш быць назіральнікамі падзей. Яны хочуць нешта рабіць дзеля вызваленьня краіны. Асьветніцтва, умацаваньне нацыянальнай Беларускай Салідарнасьці — вось што абавязкова трэба рабіць.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

11 лістапада 2012 г.