СЦЭНЫ З ЖЫЦЬЦЯ ПРЫ ПОЗЬНІМ ЛУКАШЫЗМЕ
16 кастрычніка на Радыё Свабода прагучала па-свойму сэнсацыйнае інтэрв'ю на любімую марксістамі тэму “роль лічності в історіі”. Для расейскамоўнага парталу з Латвіі TVNET выказваўся С. Шушкевіч, былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі, а “цяпер актыўны ўдзельнік беларускай апазыцыі” (як ахарактарызавала яго Свабода).
Вось рускамоўныя “латышы” спыталіся ў сп. Шушкевіча: “Калі Вы ў 1991 годзе разам з Ельцыным ад Расеі і Краўчуком ад Украіны падпісвалі так званыя Белавескія пагадненьні, якія азначалі скасаваньне СССР і стварэньне СНД, было адчуваньне, што робіце гісторыю?”
На гэта С. Шушкевіч успамінае: “Не, у мяне такога адчуваньня не было. Мне здавалася, што нешта трэба рабіць, і я быў рады, што мы зь Ельцыным і Краўчуком разумеем адзін аднаго ў гэтым пытаньні. Адчуваньне, што адбылося нешта глабальнае, узьнікла пазьней, калі я вяртаўся ў Менск у раскошным аўтамабіле, называемым у народзе “членавоз”, і па ўсіх радыёстанцыях на розных мовах расказвалі пра Белавескае пагадненьне, распад СССР і стварэньне СНД. Вось тады я і зразумеў: так, мы нешта стварылі”. (Крыніца: http://www.svaboda.org/content/article/24741375.html).
Вось гэта “членавоз”! Ён і пазьней падпісаў некалькі падсунутых Масквой дакумэнтаў, якія публічна назваў “усяго паперкамі” — напрыклад, васальную “агульную бясьпеку з Расеяй”, якая цяпер прывяла да поўнага падпарадкаваньня ўзброеных сілаў Беларусі маскоўскай імпэрыі. Вось такая “лічность” у такой “гісторыі”...
* * *
Многім ня верылася, што распрапагандаваная антыбеларускім рэжымам “стабільнасьць” калі небудзь абернецца супраць іх самых. У размовах з суграмадзянамі прадстаўнікі некаторых з сацыяльна-прафэсійных катэгорый часта выказвалі модную “уверенность в завтрашнем дне” у стылі “таварыш Сталін за нас падумаў”. Маюцца на ўвазе такія сапраўды да нядаўняга стабільныя катэгорыі, як банкаўскія служачыя і выкладчыкі ВНУ. За “стабільнасьць” яны плацілі лаяльнасьцю, удзелам у электаральных фарсах рэжыму, выкананьнем самых абсурдных загадаў лукашызма. Рэжым адплаціў гэтым людзям у сваёй звычайнай манеры — па поўнай праграме. Каля вакенцаў у банкаўскіх установах апошнім часам стаяць вялікія чэргі кліентаў. Не таму, што людзі раптам кінуліся ў фінансавыя трансакцыі. Проста банкаўскіх служачых зрабілася так мала, што вакенцаў адчынена ўсяго некалькі, а то і адно. Служачым з сур'ёзнай фінансавай адказнасьцю надакучыла атрымліваць 2 мільёны беларускіх рублёў штомесяц і яны масава звальняюцца.
Лемантуюць і выкладчыкі ВНУ, нават у сталіцы. Дацэнт, напрыклад, Акадэміі Музыкі атрымлівае месячны заробак у паўтара мільёны рублёў. Дык ці ня лепш пайсьці зьбіраць пустыя пляшкі або макулатуру? А папярэджвалі патрыёты, да чаго прывядзе існаваньне акупанцкага рэжыму.
* * *
Апошнім часам у Сеціве зьявіліся паведамленьні пра бурную дзейнасьць так званага Мытнага саюза, куды Масква сёлета ўцягнула васальную Беларусь. Вось адно з такіх паведамленьняў:
“Калегія Эўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) прыняла рашэньне аб увядзеньні імпартнай квоты на пастаўку неіржавеючых труб на тэрыторыю Мытнага саюза (ТС) да 1 лістапада 2014 г. Штогадовы аб'ём квоты складзе ў разрэзе па краінах: для Рэспублікі Беларусь — 1, 269 тысячы тон, для Рэспублікі Казахстан — 1, 923 тысячы тон, для Расейскай Фэдэрацыі — 23,695 тысячы тон. Рашэньне калегіі ЕЭК прымалася на аснове вынікаў рассьледваньня, праведзенага міністэрствам прамысловасьці і гандлю Расеі”. (Крыніца: http://news.mail.ru/economics/10008311/).
Цяпер перакладзем з бюракратычнай навамовы на чалавечую. Гэта азначае, што менавіта Расея вызначыла і будзе надалей вызначаць, колькі труб можа ўвозіць на свае патрэбы наша Беларусь. Калі “квота” будзе вычарпана, то вырашаць, што рабіць далей, будзе маскоўскі манапаліст. А манапаліст, як вядома, падтрымае сваю маскоўскую фінансава-прамысловую агентуру, якая ўжо тысячамі атабарылася на нашай дзяржаўнай тэрыторыі. Беларускія прадпрымальнікі будуць без труб. Або як кажуць у Расеі: “Труба вам!”
Янка Базыль