НАПЕРАДЗЕ НОВЫЯ ЗАДАЧЫ І НОВЫЯ ВЫЗВАНЬНІ

(Выступ на кастрычніцкім Сойме КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”)

Народны байкот адбыўся. Ён публічна ўсьведамлены грамадзтвам, зафіксаваны ў памяці. Гэта істотна, бо масавае байкатаваньне фальшывых выбараў рэжыму было яшчэ ў 2008 і ў 2010 гадах, але ня сталася масавай публічнай падзеяй (па розных прычынах). Ужо тады мы віншавалі адзін аднаго і разумелі, што шлях правільны, і працэс, накіраваны намі, ідзе да народнай дэлегітымізацыі антыбеларускага рэжыму. І вось 23 верасьня гэтага году празьвінеў гучны званок. Няўдзел людзей у фальшывым галасаваньні стаўся масавым, татальным па ўсёй краіне. У сярэднім 70 адсоткаў выбаршчыкаў сьведама адмовіліся галасаваць. Гэта абазначае, што рэальна рэжым страціў легітымнасьць у народа, бо людзі не пайшлі галасаваць не таму, што паленаваліся альбо зь нежаданьня траціць час, а таму, што не захацелі ўдзельнічаць у выбарчым ашуканцтве і перасталі давяраць справам гэтай улады. Няўдзел у галасаваньні стаў дэманстрацыяй нелаяльнасьці да антыбеларускага рэжыму і абструкцыяй яго існаваньня.

Сталася тое, пра што мы цярпліва казалі і да чаго заклікалі ўжо дзесяць гадоў. Сутнасьць маніпуляцыяў на выбарах агалілася і стала бачная ўсім. Пасьля паведамленьня рэжымнай ЦВК пра нібыта 75 адсоткаў прагаласаваных і “небывалы ўздым актыўнасьці” выбаршчыкаў, прапагандзе больш няма чаго рабіць. Людзі ўсё ўбачылі самы, зразумелі і пераканаліся на ўласным вопыце ў цынічнай хлусьні рэжыму.

Тут працэс незваротны. Грамадзтва ня будзе больш давяраць гэтаму рэжыму; ашукваць людзей стане для акупанцкай улады ўсё цяжэй, прытым адчужэньне і ізаляцыя будуць узаемнымі.

Беларускім людзям пасьля такой псэўдавыбарчай хлусьні ня трэба ўдзельнічаць у рэжымных мерапрыемствах антыбеларускай улады, ня варта прымаць удзел у рэжымных псэўдасьвятах і псэўдаўрачыстасьцях. Нельга падтрымліваць антынацыянальны рэжым, яго сымволіку, адміністрацыю і палітыку. Нельга яму давяраць. Было б лагічна і правільна пашырыць байкот на ўвесь антыбеларускі рэжым, байкатаваць праявы рэжымнай дзейнасьці, накіраваныя на антыкультурнае акалпачваньне грамадзтва. Але трэба падтрымліваць сваё беларускае, адраджаць яго і мацаваць, шанаваць беларускую культуру і мову.

Беларускім змагарам за волю і гонар краіны цяпер трэба сваю дзейнасьць і асьвету ўзгадняць з новай сытуацыяй. Нельга дапусьціць, каб вынікі байкоту зышлі ў грамадзкай сьведамасьці на нуль. Палітычную працу цяпер трэба сканцэнтраваць вакол трох прыярытэтных ідэй: ідэі пратэсту (супраць антыбеларускага рэжыму), ідэі нацыянальнай салідарнасьці (на аснове Беларускай ідэі), ідэі будучай вольнай народнай Беларусі (пасьля ліквідацыі антынацыянальнага рэжыму).

Усе эўрапейскія народы (акрамя Беларусі і Ўкраіны) прайшлі такі нацыянальны шлях. Ён абавязковы, калі мы хочам стаць дэмакратычнай дзяржавай і вольнай культурнай нацыяй. Гэтым шляхам трэба йсьці, ня збочваць і не схіляцца, тым больш ня слухаць варожыя галасы лявацкіх ды імпэрскіх разумнікаў з Усходу і Захаду, якія будуць прыніжаць нашае народнае змаганьне, як рабілі тое ўвесь час.

Гэты працэс, магчыма, будзе карацейшым, чым шлях да байкоту, але адразу нічога ня зробіцца. Неабходна рыхтаваць і спрыяць стварэньню глыбокага грамадзкага грунту дзеля перамогі народнага авангарду. Без стварэньня такога грунту немагчыма ніякая якасная перамена ва ўладзе і ў грамадзтве.

Уявім, калі б, скажам, у 1980-м годзе зьявілася ў Менску ці ў Вярхоўным Савеце БССР група, якая публічна заклікала б да аб'яўленьня суверэнітэту Беларусі і роспуску КПСС. Групу ліквідавалі б імгненна і ніхто б нават таго не заўважыў. І не таму, што кампартыя была ўсясільнай, а таму, што грамадзтва было не гатовае ўспрыняць. Яно нават не зразумела б, пра што там гавораць. Брэжнеўскае грамадзтва не магло ўспрымаць ідэі свабоды і незалежнасьці.

Потым пасьля некалькі гадоў палітыкі “перабудовы” і “галоснасьці”, пасьля адкрыцьця Курапатаў і зьяўленьня народных франтоў, сытуацыя ў акупаваных краінах СССР (ды і ў самой Маскве) перамянілася, грамадзтва прышло ў рух, стала пазбаўляцца ад страху, утварыліся актыўныя групы людзей, якія здольныя былі ўспрымаць ідэі нацыянальнага змаганьня і антыкамуністычнай рэвалюцыі. І толькі тады стала магчымай рэальная барацьба з імпэрскай сістэмай і перамога над камунізмам.

Тут агульнае правіла нацыянальнай грамадзкай барацьбы, якое рэальна зразумеў таксама цяперашні кагэбісцкі рэжым, выкарыстаўшы застрашэньне, рэпрэсіі, апартуністычную палітыку Захаду і псэўдаапазыцыю, каб не дапусьціць нацыянальнай кансалідацыі і змагарнага ўздыму ў беларускім грамадзтве.

Байкот фальшывай выбарчай надбудовы рэжыму, які адбыўся 18-23 верасьня, — гэта першы пралом у сістэме акупацыйнай аблогі, у якой антыбеларуская ўлада трымае беларускі народ; гэта ўдар таксама па падвойнай палітыцы Захаду і яго мадэлі залежнай слабой Беларусі. (Загон людзей на фальшывыя выбары праз псэўдаапазыцыю ўвесь час фінансаваў Захад.)

Цяпер рэжым, як заўсёды, крычыць пра сваю вялікую “перамогу” на выбарах і пра масавую падтрымку народа. У гэтай супэр-хлусьні яму падпявае Масква. Але ўсё гэта ўжо ім не на карысьць. Захад зьбянтэжаны байкотам, стараецца прамаўчаць, а агентура (падтрыманая Эўразьвязам) піша, як ні ў чым ні бывала: “Выбары адбыліся, байкот праваліўся”. (Гэта пішацца ў Эўразьвязе.)

У Беларусі “кантора” дзейнічала дакладна па распрацаванай тэхналёгіі. Разумеючы, што людзі галасаваць ня пойдуць, зазывалаў падзялілі на дзьве часткі. Адны, як і раней, клікалі на выбары і галасаваньне, другія выступілі за байкот. Разам сатварылі дыскусію. (З інструкцыі КГБ 1980-х гг.: “Ня можаш зьнішчыць — узначаль”.)

Некалькі існуючых “незалежных” рэсурсаў, кантралюемых “канторай”, тут жа пачалі рэгулярную інфармацыю аб гэтай “дыскусіі” ў асяроддзі падстаўных (нават партрэты дыскутантаў павесілі). Даваліся рэляцыі, як з поля бою (аж вада са шклянкі вылівалася ад узьнятай “навальніцы”). Тут жа пералічвалі, хто “за” байкот, а хто “не”. Зразумела, што ў гэтай “незалежнай” інфармацыі нідзе не існавала, не натавалася і не адзначалася роля і дзейнасьць нашай партыі (КХП-БНФ) у справе байкоту.

Нашыя ўстаноўкі сябрам партыі тут добра вядомыя: не зьвяртаць увагі на псэўдаапазыцыйны вэрхал, не камэнтаваць, пасьлядоўна рабіць нашу справу. Бо галоўнае — вынік, менавіта: байкот, няўдзел людзей у фальшывым галасаваньні. Вынік дасягнуты. Зроблены першы крок да ізаляцыі рэжыму ў грамадзтве.

Тут мушу зноў адзначыць, што ва ўмовах дыктатуры і акупацыйнай палітыкі, адчужанасьці вольных сродкаў масавай інфармацыі і адсутнасьці свабоды слова дасягнуць масавага выніку (прытым такога непрывычнага, як байкот выбараў) — задача няпростая і вымагае шмат часу. Нам прышлося патраціць на гэта шматлікія гады мэтанакіраванай дзейнасьці, пакуль ідэі байкоту і грамадзкая рэтрансьляцыя гэтых ідэй распаўсюдзілася ў людзях і па ўсёй краіне. Галоўнае было ў тым, што людзі на практыцы і на ўласным вопыце пераканаліся ў праўдзівасьці ідэі байкоту і адчужэньня рэжыму ад народных інтарэсаў. Гэта ёсьць рашаючым пацьвярджэньнем таго, што нашыя ідэі і дзейнасьць заўсёды павінны абапірацца на наш народ і на яго нацыянальныя інтарэсы.

Апазыцыйны маргіналізм, які не зыходзіць зь Беларускай ідэі, арыентуецца на чужыя патрабаваньні ды на аплату за выкананьне гэтых патрабаваньняў, — такі падыход рана ці позна церпіць поўнае фіяска, трапляе ў галёш залежнасьці і ганьбы.

Карыстаючыся магчымасьцю, хацеў бы выказаць падзяку ўсім сябрам нашай Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, якія пасьлядоўна і мэтанакіравана, з году ў год, не губляючы надзеі і ня трацячы цярпеньня, працавалі на ніве падрыхтоўкі грамадзтва да абструкцыі і байкоту фальшывых выбараў рэжыму. Гэтая доўгая і ахвярная праца пачала даваць вынікі. Наперадзе новыя задачы і новыя вызваньні: рыхтаваць Беларусь да беларускай салідарнасьці і змаганьня з антыбеларускім рэжымам.

14 кастрычніка 2012 г.

Зянон ПАЗЬНЯК