ЗАМЕЖНЫ ДРУК (24–27.09.2012)
Нетыповы выпадак у заходніх СМІ
24 верасьня 2012 г. аўстрыйская газэта “Die Presse” апублікавала артыкул пад тытулам “Бяззубыя санкцыі Эўразьвязу”. Цытуем з артыкула: “Эўразьвяз згадаў пра новыя штрафныя санкцыі супраць рэжыму ў Менску. Але папярэднія санкцыі ледзь дзейнічалі і йшлі на руку Маскве. Паводле АБСЭ, на выбарах у Беларусі не было ні спаборніцтва, ні свабоды выказваньня”.
Наш камэнтар: Здараюцца адэкватныя ацэнкі ў заходніх СМІ сытуацыі ў Беларусі. Нават Лукашэнку не назвалі гэтым разам “беларускім рэжымам”.
Алесь Хадасевіч
Цьвярозыя галасы
26 верасьня 2012 г. славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пад назовам “Шварцэнбэрг: Захад прайграе Пуціну”. Міністар замежных справаў Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг выступіў у блогу амэрыканскага часопіса “Foreign Policy”. Міністар сказаў: “Мы вяртаемся не да Сталіна, мы вяртаемся да Мікалая ІІ... Мы ня можам дапусьціць, каб нейкая супэрдзяржава валодала б сваімі суседзямі. Мы не павінны мець ілюзій наконт рэжыму, які ўвёў Пуцін”.
Наш камэнтар: Цьвярозыя галасы трывогі ўсё часьцей гучаць у дэмакратычным сьвеце. Праўда, шэраг аўтараў такіх выказваньняў можна было спытаць наўпрост, чаму яны аказваюць дапамогу прамаскоўскай псэўдаапазыцыі, напрыклад, у Беларусі?
Юрка Марозаў
Выбухі ў Дамаску
26 верасьня 2012 г. летувіская газэта “Kauno Diena” паведаміла, што ў Дамаску непадалёк ад будынка галоўнага штаба арміі прагрымелі два магутныя выбухі.
Наш камэнтар: Калі паглядзець, пачытаць маскоўскія СМІ ды паслухаць маскоўскіх дыпламатаў, то “Асад ужо перамог бунтаўшчыкоў”. Сілы рэжыма штодня бамбардуюць сірыйскія гарады і вёскі, але народ не здаецца. Рэвалюцыйная армія, як бачым, правяла чарговую баявую апэрацыю ў самым логаве рэжымнага ворага. А асадаўскім генэралам здавалася, што яны беспакарана будуць зьнішчаць людзей і краіну...
Алесь Хадасевіч
У рускіх без перамен
26 верасьня 2012 г. чэшская газэта “Lidove Noviny” напісала пра самасуд у Расеі. На дарозе паміж гарадамі Кіравым і Пермам доўгі час дзейнічала банда рэкеціраў, якая зьбірала “дань” за праезд з “дальнабойшчыкаў”. Сістэма працавала, аж покуль адзін кіроўца не заўпарціўся. Ён выклікаў па рацыі дальнабойшчыкаў, якія ехалі непадалёк. Некалькі машын заблакавалі аўтамабіль бандытаў. Кіроўцы зьбілі бандытаў і скінулі ў кювэт іхную машыну. Гэты сюжэт стаў хітом інтэрнэту, насельніцтва падтрымлівае дзеяньні кіроўцаў.
Наш камэнтар: Зразумела, што беспакаранасьць банды тлумачыцца адлічваньнем часткі “дані” мясцовай паліцыі і адміністрацыі. У Расеі людзі пачынаюць бараніцца ад бандытызму самастойна. Гэта ёсьць таксама паказчык паралюшу дзяржаўных структураў у РФ.
Алесь Хадасевіч
Польскі друк пра вызваленьне Каваленкі
27 верасьня 2012 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” паведаміла, што Сяргей Каваленка выйшаў на волю з Магілеўскай турмы.
Наш камэнтар: Газэта даволі дакладна апісала драматычныя дэталі справы перасьледу рэжымам беларускага героя, нават назвала яго партыйную прыналежнасьць (пра гэта замежныя журналісты надта ж часта “забываліся”). Затое не забылася газэта абаперціся ў сваёй інфармацыі на сумнавядомую псэўдаапазыцыйную Хартыю-97. Шкада, што анісловам не згадана ў артыкуле, што асноўную працу па арганізацыі інфармаваньня польскага грамадзтва пра перасьлед беларускага героя лукашэнкаўскім рэжымам рабілі польскія патрыёты з арганізацыі “Змагарная Салідарнасьць”. Фронтаўцы накіравалі ім падзяку за падтрымку.
Алесь Хадасевіч
Шызоідная настальгія Масквы
27 верасьня 2012 г. латвійская газэта “Diena” напісала пра заяву гендырэктара Паліцыі Бясьпекі Эстоніі Райва Аэга. Кіраўнік спэцслужбаў краіны заявіў, што за апошні год назіраецца рост актыўнасьці разведвальных службаў Расеі супраць Эстоніі. Ён сказаў сярод іншага: “Расейскія службы адмаўляюцца прызнаць, што Эстонія і іншыя былыя акупаваныя дзяржавы зьяўляюцца цяпер для іх замежжам і гэта назаўжды”.
Наш камэнтар: Супольнымі намаганьнямі і салідарным супрацівам вызваленыя народы павінны супрацьстаяць лубянскаму нашэсьцю і шызоіднай настальгіі Масквы па былой імпэрыі.
Юрка Марозаў
Не спадабалася крамлёўцам
27 верасьня 2012 г. румынская газэта “Adevarul” паведаміла, што старшыня Дзярждумы Расеі Сяргей Нарышкін ануляваў свой візыт у Стразбург. Там павінна адбыцца паседжаньне Парляманцкай Асамблеі Рады Эўропы, на якім будзе разгледжана сытуацыя ў Расеі. Нарышкін заявіў, што гэтая інстытуцыя “русафобская” і не паехаў з візытам у Стразбург. У цэнтры ўвагі ў Стразбурзе парушэньні правоў чалавека ў Расеі.
Наш камэнтар: Не спадабалася крамлёўскаму баярыну пэрспэктыва парляманцкага разбору на міжнародным дыване. Сапраўды, лепш яму адседзецца ў Крамлі ды перачакаць. Але ў міжнароднай практыцы такія паводзіны дзяржаўных прадстаўнікоў кваліфікуюцца як дыпламатычны правал.
Алесь Хадасевіч