ВЫНІКІ: ХОЦЬ ПАВОЛЬНА, АЛЕ НАДЫХОДЗІЦЬ УСЁ Ж ПЕРАЛОМНЫ ЧАС
З 18 па 23 верасьня антыбеларускі рэжым дэманстраваў імітацыю выбараў у “палату”, склад якой (як высьветлена) быў сфармаваны яшчэ летам. Беларускія выбаршчыкі, дзе сьведама, дзе стыхійна, байкатавалі гэты пагарэлы тэатр. У выніку выбары не адбыліся. Па ўсёй Беларусі прыняла ўдзел у галасаваньні ў сярэднім толькі адна трэць выбаршчыкаў ад зарэгістраваных у сьпісах. На ўсіх участках прагаласавала менш паловы выбаршчыкаў. Байкот адбыўся татальны і ўсеагульны. Выкліканы ён недаверам людзей да фальшывых выбараў і ўсьведамленьнем, што ад галасаваньня нічога не залежыць — вынікі робяцца начальствам і рыхтуюцца заранёў.
Штуршком да такога масавага разуменьня фальшывых выбараў паслужыла шматгадовая грамадзкая асьвета і прапаганда ідэй байкоту, практычна, адной партыі: КХП — БНФ. (Нагадаю, што “апазыцыя” пасьлядоўна ўдзельнічала ва ўсіх выбарах і рэфэрэндумах рэжыму.) Для таго, каб ідэі байкоту праніклі глыбока і выклікалі грамадзкія хвалі другаснага ўспрыняцьця і рэтрансьляцыі інфармацыі спатрэбілася шмат гадоў. Пашырэньне такіх хваляў выклікана ня толькі мэтадычнай прапагандай і працай, але, перш за ўсё, — праўдзівасьцю ідэі, закладзенай у байкоце фальшывага галасаваньня. Людзі зьвяралі пачутае з рэальнасьцю, з практыкай і са сваім вопытам і пераканаліся ў адпаведнасьці прычыны і выніку, успрымалі гэтае перакананьне як сваё ўласнае асэнсаваньне. У выніку бяссэнсоўнае галасаваньне праігнаравалі нават тыя, што ня чулі слова “байкот”.
Нават пры жорсткай дыктатуры, адсутнасьці свабоды слова і вольных сродкаў масавай інфармацыі ёсьць магчымасьці пашырэньня масавых ідэй і ўплыву на сытуацыю. Але гэта ёсьць асаблівая праца.
Я хацеў бы засьцерагчы, аднак, ад вельмі аптымістычных спадзяваньняў, бо зроблены толькі першы крок у ізаляцыі рэжыму ад народа. Наступныя крокі — гэта сьведамыя і арганізацыйныя формы пратэсту плюс нацыянальная салідарнасьць супраць антынацыянальнага рэжыму.
У значнасьці верасьнёўскага байкоту дзеля масавай сьведамасьці людзей мы неўзабаве пераканаемся. Уявім, што калі б і на гэты раз усё пайшло б па накатанай рэжымам і яго псэўдаапазыцыяй дарожцы: людзі масава прагаласавалі б, атрымалі б рэжымныя 83 адсоткі “элегантнай перамогі” для начальства і разыйшліся б. Пра што тады гаварыць? Усе ж тайна галасавалі, назіраньне за падлікам галасоў, практычна, не існуе (стлумлена рэжымам). Як там на самой справе — можна толькі здагадвацца. Безумоўнага, доказнага, непасрэднага і ўсім бачнага факта ашуканцтва як бы і не існуе. Ёсьць толькі сума фактаў (зразумелых для АБСЭ), якой у масавай сьвядомасьці цяжка апэраваць.
Цяпер жа (пра што тысячу разоў казалася) становішча іншае, непасрэдна (“рэцэптарна”) зразумелае для кожнага выбаршчыка, які ведае, што ён і ўсе ягоныя суседзі, і ўвесь ягоны 100-кватэрны дом галасаваць не хадзілі, а ЦВК паведаміла, што прагаласавала 75 адсоткаў выбаршчыкаў. Вось тут ужо ня трэба ні тлумачэньняў, ні партыйнай прапаганды. Людзі самы разьбяруцца і зробяць высновы, бо факт канкрэтны, усім відочны і просты, як кол. Працэс астракізму несумленнага ўладнага рэжыму стаў разьвівацца на ўнутраных народных рэсурсах. Гэта першае пазыцыя, якую трэба было стварыць байкотам.
Такая пазыцыя створана. Для замацаваньня і ня страты яе патрабуецца шмат пазытыўнай працы, якую мы, адраджэнцы, павінны будзем рабіць.
На першы фармальны погляд, няўдзел беларусаў у фальшывых выбарах мусіў бы прывесьці да разьмежаваньня ў псэўдаапазыцыі, ва ўсякім разе да дыстанцыі ад яўных канторскіх структур (тыпу “говправду”) і асобаў, якія засьведчылі супрацоўніцтва з рэжымам і падтрымку псэўдавыбараў. (Такое, праўда, хутчэй за ўсё, не станецца, бо разьмежаваньне адбываецца на каштоўнасьцях, а гэтага там якраз не існуе.) Псэўдаапазыцыя, як і раней, будзе прафанаваць змаганьне і перашкаджаць у справе барацьбы за волю і нацыянальную будучыню Беларусі. Да гэтага трэба быць падрыхтаванымі.
У выбарчым фарсе, які сёлета дэманстраваў рэжым, выявілася характэрная і сымптаматычная падзея. Стоадсоткава відочна і наглядна прайграўшы галасаваньне (больш 70 % выбаршчыкаў не прыйшло галасаваць), рэжымныя цынікі ў асобе адыёзнай старшыні ЦВК бессаромна аб'явілі ўсяму грамадзтву (якое не прымала ўдзел у выбарах), што прагаласавала амаль 75% выбаршчыкаў.
Гэтая ўзорная гэбельсаўшчына (паводле якой хлусьня мусіць быць неверагоднай) мае псіхапатычныя карэньні мазаічных паводзінаў таго, хто за ўсім гэтым стаіць. Але палітычная сутнасьць такой выхадкі — вынік тыпова акупацыйных адносінаў да народа: поўнае ігнараваньне ягонай народнай асобы, грэблівасьць і вычварэнцтва ад усьведамленьня абсалютнай беспакаранасьці і неабмежаванасьці ўлады.
Наступным праяўленьнем гэтай тыпова акупацыйнай прыроды ўлады стала заява старшыні ЦВК аб тым, што агітацыя за байкот галасаваньня будзе выключана з выбарчага заканадаўства (гэта значыць забаронена). Так і будзе. Акупацыйная ўлада інакш думаць ня можа. Задачы тут простыя і дакладныя: нічога ня даць, усё зьнішчыць, задушыць, забараніць, не дазволіць, спыніць і г. д. Тут не праводзіцца ніякіх выбараў. Раз у чатыры гады фармуюць падстаўны ворган акупацыйнай дыктатуры (“палату”) з фармальным выкарыстаньнем кіруемага выбарчага працэсу. Хоць і вельмі позна, але наш народ паступова ўсё гэта ўбачыў і збольшага ўжо разабраўся.
Цяжэй справа зь некаторымі інтэлектуаламі, журналістамі, палітыканамі і іншымі, якія абзываюць і прыніжаюць наш народ, але, як аказалася, самы плаваюць на цэлы парадак ніжэй за гэты народ, якім яны вечна незадаволены. Адзін спадар у парыве інтэлектуальнай актыўнасьці, пішучы пра выбары, параўнаноўваў нядаўна беларусаў з папуасамі, а Беларусь — з Папуа-Новай Гвінеяй.
У час нашага нацыянальнага няшчасьця некаторыя, відаць, вырашылі, што ўсё дазволена, можна пісаць, рабіць, што хочаш, сядаць на галаву, кусаць руку даючую, пляваць у студню гаючую — пакараньня ня будзе. Дыктатура мярзоты — гэта ёсьць свабода мярзоты, дзе кожны можа вольна плюнуць на народ, на мову, на Васіля Быкава і назвацца дэмакратам.
Няўдзел народа ў галасаваньні засьведчыў, што, хоць павольна, але надыходзіць усё ж пераломны час. Яшчэ як быццам нічога ня бачна, але ён надыходзіць і адлічвае сэкунды рэжыму, пакуль ні настане дзень “ікс”. А ён настане.
1 кастрычніка 2012 г.
Зянон ПАЗЬНЯК