ЗАМЕЖНЫ ДРУК (09–10.09.2012)
Фэстываль курдаў у нямецкім Мангайме
9 верасьня 2012 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” паведаміла пра фэстываль культуры эўрапейскіх курдаў. 40 тысячаў курдаў з усяе Эўропы сабраліся ў нямецкім Мангайме на свой фэст. Калі паліцыя не пусьціла ў натоўп маладзёна з забароненым сьцягам, курды пачалі біцца. Былі паранены 80 паліцэйскіх, 30 курдаў былі арыштаваны.
Наш камэнтар: Газэта нават карыстаецца новым тэрмінам — “эўрапейскія курды”. Ёсьць ужо і такія, і іх толькі ў адным месцы сабралася 40 тысячаў. Як яны паводзілі сябе ў эўрапейскім горадзе (на сваім культурніцкім мерапрыемстве), газэта сьцісла апісала. А між тым Курдыстан патрабуе актыўных маладых людзей, працоўных рук, інтэлектаў — дзеля нацыянальнага адраджэньня, дзеля барацьбы за сваю дзяржаву. Не, мабыць біцца з паліцыяй у чужых гарадах весялей і “прыкольней”. Эўрапейцы ўсё часьцей задаюцца пытаньнем: а навошта нам усё гэта?
Алесь Хадасевіч
Наперадзе вялікая праца
10 верасьня 2012 г. бэльгійская газэта “Nieuwsblad” напісала пра новыя зьвесткі аб нацыянальнай каштоўнасьці, якая была скрадзена ў 1934 г. з касьцёла ў бэльгійскім горадзе Гент. Маецца на ўвазе адна з створак шэдэўра нідэрляндскага жывапісу — Гентскага алтара пэндзля братоў Ван Эйкаў (15 ст.).
Наш камэнтар: Уся краіна уважліва сочыць за працэсам пошукаў. Людзі спадзяюцца, што згублены твор вернецца ў скарбонку нацыянальнай культуры.
Так паводзяць сябе ўсе цывілізаваныя народы і ўрады. Наперадзе вялікая праца беларускіх навукоўцаў, дзяржаўных структур і многіх спэцыялістаў па вяртаньню ў нашу краіну скрадзеных і вывезеных шэдэўраў беларускай культуры.
Алесь Хадасевіч
Бегае, як заяц
10 верасьня 2012 г. партугальская газэта “Diario de Noticias” паведаміла, што Вярхоўны Суд Ірака прыгаварыў былога віцэ-прэзыдэнта Тарыка аль Хашымі да пакараньня сьмерцю, абвінаваціўшы яго ў тэрарызьме. Тарык да апошняга часу хаваўся ў Турцыі, але перабег у ірацкі Курдыстан.
Наш камэнтар: Яшчэ аднаго супольніка злачынстваў рэжыму Садама Хусэйна расшукваюць, каб пакараць. Ён бегае з краіны ў краіну, як заяц. Будуць бегаць і лукашыстоўскія злачынцы.
Юрка Марозаў
Прыклад для іншых
10 верасьня 2012 г. іспанская газэта “El Mundo” апублікавала інтэрв'ю з ісляндзкім пісьменьнікам Арналдурам Індрыдасанам. Ён бываў у Іспаніі, пісаў пра яе, чытаў лекцыі. Зь ім разважаюць пра культуру і літаратуру.
Наш камэнтар: Нагадаем, што ісляндцаў у сьвеце крыху больш за 350 тысячаў. Многія зь іх вымушаны былі выехаць з сваёй выспы ў іншыя краіны, калі разгарэўся нядаўні фінансавы крызіс. Але ісляндзкая мова жыве, на ёй размаўляюць усе ісляндцы. Яны не камплексуюць наконт таго, што “іх мала”, што яны “невялікая краіна” і г.д. Паўсюль у Эўропе можна сустрэць народныя ісляндзкія хоры, якія выконваюць на канцэртах свае нацыянальныя песьні. Жывуць літаратура, музычная традыцыя, выяўленчае мастацтва. Невялікі колькасьцю народ ганарыцца сваёй старажытнай цывілізацыяй. Вось дзе прыклад для іншых, што забыліся пра гонар.
Алесь Хадасевіч
Лепш было б яму схавацца
10 верасьня 2012 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” паведаміла з Будапэшта. Былы прэм'ер Угоршчыны Фэрэнц Дзюрчань з двума калегамі па лявацкай Дэмакратычнай кааліцыі паставіў намёт на траўніку каля парляманта краіны і распачаў тыднёвую галадоўку пратэсту. Ён заявіў журналістам: “Драматычная сытуацыя ў краіне патрабуе драматычнай рэакцыі”.
Наш камэнтар: Прафэсійны камсамольскі работнік часоў камуністычнага рэжыму Ф. Дзюрчань быў выдалены з улады ў выніку народных (перш за ўсё маладзёвых) пратэстаў колькі гадоў таму. Стала сярод іншага вядома, што ён заключыў быў васальныя дамовы з маскоўскім Крамлём, дзе яму паабяцалі ўсебаковую падтрымку. Цяпер гэты дэмагог з калегамі будзе ладзіць “драму за сьветлыя ідэалы”. Лепш было б яму схавацца падалей ад суграмадзянаў і заняцца чым іншым.
З другога боку, немагчыма ўявіць сябе, каб мясцовыя камсамольскія работнікі са стажам (“дэмакраты” Лебедько, Вазьняк і іншыя) раптам зрабілі б падобны “драматычны” учынак. А навошта? Яны цудоўна ўключыліся ў цяперашнюю схему рэжым-псэўдаапазыцыя і пачуваюцца камфортна.
Алесь Хадасевіч
Выступ “Кірыласа”
10 верасьня 2012 г. летувіская газэта “Kauno Diena” напісала: “Праваслаўны патрыярх Расеі Кірылас у нядзелю сказаў, што змова дзяржавы і Царквы — гэта “міф”, распаўсюджваючы які, імкнуцца нанесьці шкоду Праваслаўнай Царкве”.
Наш камэнтар: Расейскія тэлеканалы транслявалі гэтае інтэрв'ю Кірыласа (доўгае-шматслоўнае, у стылі Лукашэнкі).
Можна прызнаць, што гэбоўская акцыя (дакладней сэрыя акцый) з голымі блюзьнерскімі дурніцамі каля іканастасаў і крыжоў мае посьпех. Гэтая спэцапэрацыя дазваляе такім тыпам, як Пуцін і Кірыл выстаўляцца ў амплуа маралістаў і ратавальнікаў хрысьціянства і чалавечнасьці. Разыграна, як па нотах.
Між тым, згаданае ў інтэрв'ю — не міф. Многія людзі ў Расеі і ў сьвеце пытаюцца пра альянс Крамля і РПЦ. Калі Расея абвясьціла сябе вызваленай ад камунізма-ленінізма і прыняла хрысьціянскі выгляд, то чаму ва ўсіх яе населеных пунктах (вельмі часта насупраць будынкаў РПЦ) стаяць помнікі сатане-Леніну? Чаму згаданы Кірылас з бацюшкамі не ўздыме крыж і не павядзе вернікаў ды не паваліць гэтых істуканаў, як рабілі гэта Майсей і іншыя прарокі? Ён нікуды ня пойдзе і нічога ня будзе валіць, таму што ягоная дзяржаўна-царкоўная місія зусім іншая — па-камісарску падтрымліваць дзікі і кур'ёзны эклектызм лубянскай бязбожнай імпэрыі.
Юрка Марозаў