“ОСКОРБІЛІ” РАСЕЙСКУЮ АСАДНІЦУ
Беларусы, што прышлі назіраць за дзеяньнямі рэжымных фальсіфікатараў на псэўдавыбарах на “выбарчым участку” №565 у Менску, сталі сьведкамі інцыдэнта, у якім раскрылася сутнасьць маскоўскага акупанцтва ў нашай паняволенай чужынцамі краіне. Па тлумачэньні беларусы зьвярталіся да сакратара ўчастка Іріны Голонувой. Зразумела, што гаварылі яны на роднай сваёй мове, знаходзячыся на сваёй роднай зямлі. На гэта товарішч Голунова рэагавала рашучай позай і рэзкім тонам: “Почему вы обращаетесь ко мне по-белорусски? Этим вы оскорбляете меня! Я — русская!” Маскоўскае хамства ракрылася, як кажуць у іх, “во всей красе”. Беларусы вырашылі падаць заяву на акупанцкую сакратарку ў пракуратуру. Паглядзім, як яе будзе бараніць рэжымная “Фэміда”. Заадно будзе высьветлена, хто такая тов. Голунова, колькі часу яна пражывае ў нашай дзяржаве, чаму так сябе паводзіць і г.д.
У вызваленай ад маскоўскай акупацыі Беларусі антыбеларускія дзеяньні і заявы такіх галуновых будуць адэкватна ацэнены нашым народам і дзяржаўнымі структурамі.
Юрка Марозаў