АБСАЛЮТНАЯ БАЛЬШЫНЯ ГРАМАДЗЯНАЎ НЯ ХОЧА ІСЬЦІ НА ВЫБАРЧЫ ФАРС

(Верасьнёўскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)

9 верасьня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Беларускі народ трэба любіць і шанаваць” (апублікаваны). З дакладам выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.

Выступоўцы адзначылі, што па ўсёй краіне адбываецца млявая “выбарчая кампанія” рэжыму. Людзей яна не цікавіць, людзі адварочваюцца ад зазывалаў і гукальшчыкаў. Многія чакаюць моманту “галасаваньня”, каб даведацца, якім спосабам рэжым будзе забясьпечваць сябе фальшывую “элегантную перамогу”. Ня трэба сумнявацца, што рэжымныя “спосабы” будуць антызаконнымі, брутальнымі і зьневажальнымі для нашай чалавечай і нацыянальнай годнасьці. Менавіта таму Народны Байкот зьяўляецца самай годнай і эфэктыўнай пазыцыяй беларускага грамадзтва, якое ўжо ня верыць ні рэжыму, ні фальшывай псэўдаапазыцыі.

Неабходна зазначыць, што менавіта пасьлядоўныя і настойлівыя дзеяньні нашай Партыі і фронтаўцаў вымусілі псэўдаапазыцыю зрабіць шэраг заяваў пра неабходнасьць байкоту. Нават яны ня могуць пайсьці на правальны для іх варыянт агульнага закліку да ўдзелу ў выбарчым фарсе рэжыму, як гэта было раней (“Іді і скажі ему нет!” — цяпер такі “лёзунг” ня пройдзе).

Сустрэчы патрыётаў-фронтаўцаў з некаторымі замежнымі палітыкамі і дыпламатамі паказалі, што нават заходнікі пачынаюць разумець слушнасьць Народнага Байкоту. Такім чынам, прамаскоўскаму рэжыму не ўдаецца бясконца падманваць беларускую і міжнародную грамадзкасьць. У любой хлусьні бывае канец, калі раскрываецца мэханізм фальшу. Цяпер вельмі важна падымаць нашае грамадзтва на салідарныя дзеяньні па байкоту. Трэба таксама даводзіць людзям, што на байкоце рэжымнага падману барацьба не канчаецца. Гэта ёсьць важны этап на шляху да кансалідацыі дюдзей і вызваленьня нашай Бацькаўшчыны ад зла і акупацыі. Беларуская Салідарнасьць павінна будзе працягвацца ў далейшых дзеяньнях нашага грамадзтва па нармалізацыі нашага дзяржаўнага, нацыянальнага і чалавечага жыцьця — без чужынскай акупацыйнай хунты.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны паведамілі, што многіх людзей ўразілі звьсткі пра падрыхтоўку немцамі паліцэйшчыны лукашысцкага рэжыму. Пацьвердзіліся ацэнкі, зробленыя даўно Зянонам Пазьняком і фронтаўскімі аналітыкамі пра антыбеларускую палітыку зьвязкі Масква-Берлін (імпэрцы падзялілі паміж сабой ролі, але мэта ў іх адна — не даць узьняцца вольнай нацыянальнай Беларусі). Гэта яшчэ раз даказвае, што нельга верыць хлусьлівым заявам чужых “дабрадзеяў” і “дэмакратызатараў”. Вызваленьне Беларусі — гэта справа перш за ўсё самога беларускага народу, нашых патрыятычных сілаў, нашай нацыянальнай Салідарнасьці.

Сябры Сойму распавялі пра рэакцыю грамадзтва на “выбарчую кампанію” у розных рэгіёнах Беларусі. Абсалютная бальшыня грамадзянаў ня хоча ісьці на выбарчы фарс. Рэакцыя людзей на спробы рэжымных і падстаўных “агітаваць” іх у кватэрах і дамах была рэзкай і суровай. Зазывалаў ад рэжыму і розных “говправду” беларусы гналі ад свайго парогу і выказвалі ім, што думаюць пра рэжым і пра тое, што каля рэжыму.

Сойм абмеркаваў праграму мерапрыемстваў па арганізацыі назіраньня за статыстыкай выбарчага фарсу.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

9 верасьня 2012 г.