ЗАМЕЖНЫ ДРУК (07–08.09.2012)
Можа так стацца
7 верасьня 2012 г. славацкая газэта “SME” апублікавала фота і подпіс пад ім: “Сын Кадафі Сайф Іслам верыў, што разгроміць паўстанцаў грубым гвалтам. Цяпер ён апынуўся ў іхных руках”. У артыкуле распавядаецца, што Сайфа Іслама бароніць ягоная прыяцелька ізраільская мадэлька і актрыса Орлі Вайнэрман. Яна сказала, што сын Кадафі “быў джэнтэльмэнам” і г.д.
Наш камэнтар: Можа так стацца, што Віктару Кадафі не пазайздросьцяць сынкі іншых дыктатараў. Зь імі будзе разьбірацца пераможны народ, які памятае “джэнтэльмэнства” гэтых малодшых у бандыцкай сям'і дзяржмафіі.
Юрка Марозаў
Пуцін, путаны і пшык
7 верасьня 2012 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” паведаміла пра чарговую акцыю прыхільніц фэміністак групоўкі “Pussy Riot”. Яны спалілі фотапартрэт Пуціна і запісалі гэта на відэакамэру.
Наш камэнтар: З гэтымі “фэміністкамі” даўно ўжо ўсё зразумела. Мадэль адпрацавана ў акупаванай Беларусі. Тут таксама кантора дазволіла ўсім аматарам пустых эфэктаў па-рознаму абзываць Лукашэнку: і такі ён і гэтакі. Для канторы галоўнае, каб не закраналася сутнасьць кіруемай з Масквы дыктатуры, яе гэбоўскі характар, яе мафійныя справы. А дурням можна абзываць, колькі хочаш.
Юрка Марозаў
Лубянская “навука”
7 верасьня 2012 г. летувіская газэта “Lietuvos Rytas” напісала пра падрыхтоўку выданьня архіўных дакумантаў і зборніка публікацый Расейскага фонду “Історіческая память”. Выданьне мае назву “Напярэдадні Галакосту: Фронт летувіскіх актывістаў і савецкія рэпрэсіі ў Летуве ў 1940-41 гг.”. Аўтары маскоўскага выданьня апраўдваюць масавыя арышты і высылкі летувісаў саветамі перад ІІ сусьветнай вайной, называюць Сталіна “дабрадзеям Летувы” і г.д.
Наш камэнтар: Крамлёўскія забойцы і гвалтаўнікі не супакойваюцца, даюць публічнае апраўданьне сваёй анытчалавечай палітыцы ў захопленых краінах. Такімі яны былі заўсёды і такімі яны будуць, аж покуль існуе іхны Карфаген.
Беларускія ахвяры маскоўскай акупацыі яны трактуюць гэтак жа сама. Але ёсьць грунтоўная розьніца. Сваю лубянскую псэўданавуку наконт Летувы яны твораць у Маскве, а вось наконт беларусаў непасрэдна ў Беларусі (часьцей за ўсё рукамі мясцовых навуковых квісьлінгаў). Бо ў нас працягваецца маскоўская акупацыя.
Алесь Хадасевіч
“Шпіцлі” — госьці ў Летуве
8 верасьня 2012 г. аўстрыйская газэта “Der Standart” напісала, што Летувіскі Цэнтар Дасьледваньняў Генацыду і Рэзыстэнцыі апублікаваў у Сеціве сьпіс з імёнамі супрацоўнікаў былой савецкай спэцслужбы КГБ. У сьпісе зьвесткі пра 1500 шпіцляў КГБ.
Наш камэнтар: Вартая павагі ініцыятыва летувіскага Цэнтру. Так і трэба рабіць, даўно і нават больш грунтоўна. Але паўстае рытарычнае пытаньне: чаму гэты Цэнтар запрашае на свае канфэрэнцыі экспэртам па Курапатах і генацыду ў Беларусі менскага “шпіцля” Кузьняцова, які падаецца аўтарытэтным навукоўцам ад Акадэміі Навук Беларусі? Ягоныя дэмагагічныя выступы сустракаюцца аўдыторыяй воплескамі. Летувісы ня ведаюць (ці мо ўжо забыліся), хто ёсьць сапраўдным адкрывальнікам і абаронцам Курапатаў і іншых нацыянальных сьвятыняў (ці мо яны чаго баяцца)?
Алесь Хадасевіч
Вырашыў палюбіць жывёлак
8 верасьня 2012 г. швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” напісала пра Пуціна, які любіць выступаць у ролі абаронцы жывой прыроды: мядзьведзяў, каціных драпежнікаў, кітоў. Журналісты сьцьвярджаюць, што ім не даюць высьмейваць Пуціна ў гэтай піар-ролі.
Наш камэнтар: Вядома, што Гітлер таксама любіў выстаўляцца ў амплуа аматара жывёл, фатаграфаваўся разам аленямі і г.д. Калі нехта казаў яму пра пакуты мільёнаў людзей, фюрэр кідаўся ў істэрыку.
Арганізатара імпэрскага зьнішчэньня людзей і народаў маскоўскага Пуціна таксама варта было публічна спытаць на гэтую тэму.
Юрка Марозаў
Шчырае прызнаньне
8 верасьня 2012 г. нідэрляндская газэта “De Telegraaf” цытавала выступ міністра замежных справаў Лаўрова ва Уладзівастоку. Ён сказаў, што санкцыі супраць Сірыі і Ірану нанясуць шкоду інтарэсам Расеі.
Наш камэнтар: Шчырае прызнаньне крамлёўца. Інтарэс Расеі — утрыманьне антыдэмакратычных рэжымаў ва ўсім сьвеце.
Алесь Хадасевіч