АНТЫБЕЛАРУСКІ РЭЖЫМ ТРЭБА ІЗАЛЯВАЦЬ АД НАРОДА. НЕ СЬВЯТКУЙЦЕ ЯГО ФАЛЬШЫВЫЯ СЬВЯТЫ, НЕ ХАДЗЕЦЕ НА ЯГО ФАЛЬШЫВЫЯ ВЫБАРЫ!

Колькі разоў за гады лукашысцкага рэжыму людзі хадзілі на выбары, столькі разоў іх ашуквалі і хлусілі проста ў вочы.

Людзі нічога ня могуць зрабіць, бо кантроль за галасаваньнем фактычна ліквідаваны, у выбарчых камісіях толькі асобы, адабраныя рэжымам, яны лічаць галасы, як хочуць. Але што цікава: прымаюцца нават не фальшыва складзеныя пратаколы падліку галасоў у камісіях, а пратаколы галасаваньня — напісаныя наверсе, у рэжымнай адміністрацыі. Людзі і ня ведаюць, адкуль бяруцца тыя 83 адсоткі за “вусатага” і за ягоных лукашыстых.

То ці трэба хадзіць на такія выбары, калі ад беларуса нічога не залежыць, а ягоны ўдзел у галасаваньні выкарыстоўваюць толькі дзеля зручнай фальсіфікацыі. Пасьля выбараў лукашыстыя кажуць: “Людзі галасаваць прыйшлі? Прыйшлі. Галасавалі? Галасавалі. Галасаваньне тайнае? Тайнае.” Вось, маўляў, усе і прагаласавалі за лукашыстых. Усё, маўляў, падлічана. “Элегантная перамога”.

Але калі б беларусы галасаваць не прыйшлі? Што тады? Ну, вядома ж. Лукашыстыя зноў аформяць “элегантную перамогу”. Але цяпер ужо шыла ў мяшку не схаваеш, кожны ўбачыць, што тут за “выбары”. А гэта будзе азначаць, што ізаляцыя антыбеларускага рэжыму народам пачалася. Яна станецца незваротнай.

Нельга хадзіць на фальшывыя выбары і быць шырмай для ашуканцаў. Унутраная ізаляцыя рэжыму ад народа — вось галоўная задача байкоту выбараў і няўдзелу ў фальшывым галасаваньні. Трэба ствараць умовы, каб народ жыў, а рэжым здыхаў (а не наадварот, як робяць лукашыстыя).

Ніхто на фальшывыя выбары!

Ініцыятыва Беларуская Салідарнасьць

Зянон ПАЗЬНЯК