ЗАМЕЖНЫ ДРУК (20–24.08.2012)

Яны ня здольныя да супраціву

20 жніўня 2012 г. італьянская газэта “La Stampa” напісала, што амэрыканская выведка папярэджвае эўрапейскія краіны аб небясьпецы з боку “Братоў-Мусульманаў”, якія актыўна інфільтруюцца ў Італію, Нямеччыну, Францыю, Вялікую Брытанію. Арганізацыя была закладзена ў 1928 г. Хасанам аль Банай з мэтай пабудовы ісламскага халіфату паводле законаў шарыяту і з як мага шырэйшымі межамі гэтай дзяржавы. “Браты” выязджаюць у Эўропу і інфільтруюцца ў ісламскія супольнасьці, якія ўжо існуюць на старым кантынэнце. У публічнай палітыцы яны выкарыстоўваюць стрыманы тон, але ўнутры супольнасьцяў выказваюцца больш рэзка і агрэсіўна. Пасьля перамогі над рэжымам Мубарака ў Эгіпце іх шмат паехала ў Эўропу.

Наш камэнтар: Лібэральная брусэльская дзяржаўная “эліта” ня здольная да супраціву гэтаму нашэсьцю агрэсіўных чужынцаў, у якіх ёсьць свае айчыны. Народы павінны згуртавацца ў абароне эўрапейскай, хрысьціянскай цывілізацыі. Але для гэтага павінны ўзьнікнуць новыя, сапраўдныя нацыянальныя лідэры.

Алесь Хадасевіч


Тасуюць калоду

21 жніўня 2012 г. славацкая газэта “Pravda” апублікавала артыкул пад тытулам “Лукашэнка замяніў шэфа дыпляматыі”. Распавядаецца пра замену С. Мартынава на Ул. Макея на пасадзе міністра замежных справаў Беларусі. Згадваецца, што Макей быў “кіраўніком прэзыдэнцкай канцэлярыі”. Газэта згадвае скандал з плюшавымі мядзьведзікамі, які выклікаў адстаўкі генэралаў, а цяпер і міністра ў Менску.

Наш камэнтар: Газэта спасылаецца на цікавыя “крыніцы”: сайт “Белорусский партизан” і С. Шушкевіча. (Во-во, яны вам распавядуць пра беларускія справы!)

Паведамляючы пра кадравую перастаноўку ў МЗС, БТ пазьбягала буйных плянаў. Але нават здалёк было бачна, які разгублены і сумны “русскій человек” Мартынов. Ён аддана і па ўсіх правілах служыў антыбеларускаму рэжыму. Ніхто ніколі не пачуў ад яго ніводнага беларускага слова. Ён і пад пісталетам ня змог бы сказаць нешта на дзяржаўнай мове нашага народа, проста ня ўмее. Цяпер яго замянілі Макеем, у якога таксама рэжымная рэпутацыя вырастае з савецкай намэнклатуры. Гульня ў дзяржаву працягваецца.

Юрка Марозаў


Развалілі нават турызм

22 жніўня 2012 г. румынская газэта “Evenimentul Zilei” паведаміла пра рэкорд, дасягнуты ў Іспаніі. Сёлета толькі ў ліпені ў гэтай краіне пабылі 7,7 мільёнаў замежных турыстаў. Гэта ёсьць добрая зьвестка для краіны, якая перажывае эканамічную рэцэсію. Турыстычны бізнэс дае іспанскай гаспадарцы 10% ўнутранага валавога прадукта.

Наш камэнтар: У Беларусі назіраюцца адваротныя паказчыкі. Замежных турыстаў у нашай краіне значна менш, чым іх было нават у БССР. Маразм антынароднага рэжыму разваліў і гэтую галіну гаспадаркі. Прамаскоўскі рэжым зрабіў усё, каб ізаляваць нашу краіну і наш народ. Пасьля ліквідацыі лукашызма прыйдзецца пачынаць аднаўленьне нармальнай турыстычнай дзейнасьці і наогул аднаўляць кантакты паміж людзьмі і народамі.

Алесь Хадасевіч


Лібэральны ідэатызм у дзеяньні...

23 жніўня 2012 г. ангельская газэта “Telegraphe” напісала пра перасьлед хрысьціянаў у Пакістане. У Файсалабадзе паліцыя знайшла абпалены і зьнявечаны катаваньнямі труп Сэмюэля Якуба, падлетка з мясцовай хрысьціянскай абшчыны. Яго катавалі і забілі ў апошні дзень мусульманскага сьвята Рамадана. Па ўсім сьвеце распаўсюджана таксама інфармацыя пра арышт паводле абвінавачваньня ў блюзьнерстве 11-гадовай пакістанскай дзяўчынкі з сіндромам Даўна. Яе абвінавачваюць у тым, што яна нібыта спаліла старонку з Карана. За гэта ёй пагражае сьмяротнае пакараньне. Дзясяткі хрысьціянскіх сем'яў уцяклі ад перасьледу з сваіх дамоў.

Наш камэнтар: У той самы час лібэральная Эўропа раздае направа і налева візы, дазволы на жыхарства і эўрапейскія пашпарты тысячам прадстаўнікоў крэатуры пад назовам “Браты-Мусульмане”. Лібэральны ідэатызм у дзеяньні...

Алесь Хадасевіч


Ёсьць грунтоўная розьніца

24 жніўня 2012 г. летувіская газэта “Kauno Diena” апублікавала паведамленьне аб пачатку навучальнага года ў школах і гімназіях Коўна. На здымку ў газэце — летувіская дзятва з букетамі ў руках на парозе роднай школы.

Наш камэнтар: Фармальна тая ж самая ўнівэрсальная кампазыцыя — школьная прэм'ера, радасныя твары школьнікаў. Толькі ёсьць грунтоўная розьніца. У цывілізаваных краінах дзеці ідуць вучыцца на роднай мове, а ў акупаванай Беларусі распачаныецца чарговы акт гвалтоўнай русіфікацыі.

Алесь Хадасевіч


Сур'ёзнае папярэджаньне

24 жніўня 2012 г. латвійская газэта “Diena” паведаміла, што дзясяткі самалійскіх сем'яў уцякаюць з швэдскага горада Фарсэрума. Мясцовая моладзь зьдзяйсьняла напады на імігрантаў, пісала і выкрыківала пагрозы ў іх адрас. З 160 самалійскіх сем'яў у горадзе засталося 95. Паліцыя кажа, што не дае рады спыніць напады.

Наш камэнтар: Гвалтоўная мяшанка расаў не дае нічога, акрамя ўзаемнай нянавісьці. Швэды ня хочуць ператварацца ў Самалі. У краіне ўжо цяпер на 8 мільёнаў насельніцтва 1 мільён экзатычных чужынцаў. Усё гэта ёсьць сур'ёзным папярэджаньнем беларусам, якім пагражае лукашыстоўскае засяленьне Беларусі сотнямі тысячаў кітайцаў.

Юрка Марозаў


Міфы і легенды лявадаў

24 жніўня 2012 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” паведаміла вынікі сацыялагічнага апытаньня, праведзенага ў Расеі “незалежным Аналітычным Цэнтрам Юрыя Лявады”: 49% расейцаў ня хочуць бачыць Пуціна на чацьвертым прэзыдэнцкім тэрміне. У жніўні сёлета падтрымала дзейнасьць Пуціна на пасадзе 63% апытаных.

Наш камэнтар: Беларусы добра ведаюць вартасьць гэтых “незалежных цэнтраў”. У нас у Менску свае “лявады”, якія любяць распавядаць міфы і легенды пра падтрымку нашым грамадзтвам Лукашэнкі і г.д.

Беларусы самы праводзяць свой аналіз у размовах з сустрэчнымі маскоўцамі. Вынікае, што большасьць з “дорогіх россіян” марыць “зваліць Пуціна на выбарах”. Беларусы тлумачаць ім, што нельга нічога зваліць на выбарах, якія арганізоўвае, праводзіць і падлічвае на іх галасы сама дыктатура. Змагацца з дыктатурай на яе псэўдавыбарах лепш Народным Байкотам.

Алесь Хадасевіч