РЭЖЫМ МІТУСІЦЦА. НАРОД МАЎЧЫЦЬ, АЛЕ ГАЛАСАВАЦЬ НЯ ПОЙДЗЕ.

Па ўсім відаць, як на барацьбу з байкотам рэжым кінуў свае апошнія сілы ў шэрагах дэмапазыцыі. Усіх падгрэблі, усе кадры. Нават спадар Ул. Падгол ідзе ў выбары (які дагэтуль ніколі ў іх не хадзіў). Прытым кожны нешта тлумачыць. Напрыклад, згаданы спадар Падгол сказаў, што “у кампанію ўвязаўся, каб рыхтавацца да прэзыдэнцкіх выбараў”. Спадар Фядута сказаў, што “тактыка байкоту сябе не апраўдывае”. А ўсе разам пагадзіліся: “За байкот у грамадзтве ніхто не выступае”.

Эўрапейскае радыё для Беларусі дало вельмі вымоўную інфармацыю аб тым, як гэтыя энтузіясты ўдзелу ў фальшывых выбарах сабраліся разам 15 жніўня і абмеркавалі будучыя сумесныя дзеяньні ў лукашысцкім “парляманце” (гэта значыць тады, калі іх выберуць у “палату”). Спрачаліся: “З чым трэба да людзей ісьці?” Адзін сказаў, што “беларусы не разумеюць, навошта патрэбны парлямант”. Вырашылі: у час выбарчай кампаніі расказваць людзям пра патрэбу парляманту.

Эўрапейскае радыё зьмяшчае яшчэ шмат гэтакіх глыбокадумных цытатаў гульцоў у палітыку, што адразу задаеш сабе пытаньне: навошта агучваецца ўвесь гэты маразм?

Мэта адна: прыцягнуць людзей на выбары. Усе яны (ці праз аднаго) заяўляюць, што “выбараў няма”, што “ніхто ня пройдзе”, што некаторыя “здымуць свае кандыдатуры” і г. д. Але цяпер вось яны, маўляў, удзельнічаюць, “каб данесьці свае ідэі” (пра “ідэі” глядзі вышэй).

Абгрунтаваньне подлых паводзінаў робіцца імі, як кажуць, на ўзроўні самых паводзінаў. Тым часам кожнаму чалавеку, які падумае, адразу стане зразумелым, што любая форма ўдзелу ў фальшывай выбарчай кампаніі ёсьць падтрымка гэтай фальшывай кампаніі і псэўдавыбараў у псэўдапарлямант.

Тут звычайная (якую мы бачым увесь час) псэўдаапазыцыйная непрыстойнасьць. Але ў сёлетняй кампаніі мы заўважаем ужо і “звычайную” канторскую “класіку”, выпрабаваную ня раз. Дэмапазыцыю дзеляць на дзьве часткі. Адна — за выбары і галасаваньне. Другая — за байкот. Але і там, і тамака — свае людзі. Яны ўсчынаюць між сабой “брань”. Паслужныя СМІ друкуюць іхную “барацьбу”, “дыскусіі” і ўсю лухту, якую яны пры гэтым вымаўляюць. Адначасна, ствараючы слоўны вэрхал, “дыскутанты” дамагаюцца кампрамэтацыі ідэі байкоту. Ніякай рэальнай дзейнасьці з боку апазыцыйных “забайкатоўшчыкаў” тым часам не назіраецца.

Для нас уся гэтая “арыфмэтыка” была відаць ад самага пачатку. Мы сьведама ігнаруем такія псэўдадыскусіі і рабленьне хваляў у шклянцы вады, але найперш — з іншай прычыны. Ідэі байкоту выбараў і няўдзелу ў галасаваньні, якія мы (наша партыя) ужо шмат год ставім перад грамадзтвам, пусьцілі глыбокія карэньні. Ня толькі ў грамадзтве, але і ў асяроддзі прыхільнікаў псэўдаапазыцыі адбываецца прагрэсіўны падзел у дачыненьні да ўдзелу ў фальшывых выбарах рэжыму. Павялічваюцца тэндэнцыі да ізаляцыі рэжыму ад народу. Няўдзел у рэжымных выбарах — гэта ёсьць неабходны крок. Таму зважаць у гэтым выпадку на шум у дэмапазыцыі няма патрэбы. Няхай яна пасьпяхова топіцца, а іншая частка — спрыяе байкоту. Кантора так загулялася, што перагульвае сама сябе.

Няўдзел у фальшывых выбарах — гэта ёьсць у цяперашніх абставінах масавая форма пасыўнага пратэсту, які пагражае рэжыму ізаляцыяй яго ад народа. Рэжым непакоіцца, бо разумее, што ўнутраная ізаляцыя можа стацца пачаткам яго канца. Прытым магчыма канца хуткага, непрагназуемага і нечаканага. Беларускім патрыётам трэба ўвесь час да гэтага рыхтавацца.

22 жнівень 2012 г.

Зянон ПАЗЬНЯК