ЗАМЕЖНЫ ДРУК (15–17.08.2012)

Масква разыграла і гарантуе

15 жніўня 2012 г. славацкая газэта “SME” напісала пра тое, як у Менск прыязджаў міністар замежных справаў Расеі Лаўроў і пацьвердзіў падтрымку Масквы рэжыму Лукашэнкі. Маецца на ўвазе цяперашні канфлікт рэжыму з Захадам пасьля “швэдзкай правакацыі”.

Наш камэнтар: Пішуць-пішуць на гэтую тэму СМІ ва ўсім сьвеце, і ня могуць разабрацца, што сама Масква хватка разыграла гэты штучны канфлікт з мэтай далейшай ізаляцыі Беларусі і замацаваньня антыбеларускага рэжыму, які служыць інтарэсам Масквы. Цяпер вось Лаўроў “падтрымку гарантуе”.

Юрка Марозаў


Раз-пуцін, два-пуцін

15 жніўня 2012 г. славацкая газэта “Pravda” апублікавала агляд расейскіх СМІ на тэму “ста дзён” Пуціна ў прэзыдэнцтве. Сярод іншага газэта напісала: “Расейскія аналітыкі згодныя, што чаканьні нейкага “новага Пуціна”, які хацеў бы адрозьнівацца ад таго папярэдняга, не спраўдзіліся”.

Наш камэнтар: Кур'ёзна, яны хацелі нейкага “новага Пуціна”... А засьвяцілася над імпэрыяй ўсё тое ж самае лубянскае чучхэ. Яны тэарэтызуюць і так і гэтак, пра Пуціна і апазыцыю, пра пэрспэктыву Расеі. Але галоўнага няма ў гэтых тэарэтызаваньнях: Масква рыхтуецца да вайны, да маштабнага гвалту над народамі. Яе імпэрыя — гэта небясьпека для ўсяго чалавецтва. Эўрапейскія СМІ паўтараюць пустыя гукі з Масквы. Ці дойдзе да іх калі небудзь, што адбываецца на самой справе?

Юрка Марозаў


Узбуджэньне вакол паскудзтва

17 жніўня 2012 г. французкая газэта “Le Figaro” апублікавала чарговы артыкул аб працэсе над дзявочай панк-групай “Pussy Riot” у Маскве. У сувязі з днём вынясеньня прысуду газэта напісала, што асуджаныя могуць уліцца ў сучасны расейскі ГУЛАГ, дзе зьняволеныя цяпер 640 тысячаў людзей, сярод іх 52 тысячы жанчын.

Наш камэнтар: Пайшло-паехала... У хуткім часе з гэтых разбэшчаных “пусьсі” зробяць сьвятых пакутніц. Сапраўды, журналістыка — трэцяя ўлада. Гэтая публіка з каго хочаш можа зьляпіць сэнсацыю. Тры маскоўскія распуціны і хуліганкі фатаграфаваліся голымі для сэкс-сайтаў у самых “шчырых” позах разам з маладымі хлопцамі такога ж пашыбу. Потым іх выкарысталі для стварэньня псэўдаапазыцыйнага шумавіньня. І вось мільёны людзей ва ўсім сьвеце, (падобнай арыентацыі) сочаць за “маскоўскім працэсам” супраць “правоў чалавека”...

Алесь Хадасевіч


А папярэджвалі іх даўно

17 жніўня 2012 г. Італьянская газэта “Corriere della Sera” паведаміла пра інтэрв'ю, якое даў амэрыканскай газэце “Daily Telegraph” Эркі Тумаёла, міністар замежных справаў Фінляндыі. Ён заявіў: “Мы рыхтуемся да распаду зоны эўра”. Газэта напісала далей: “Эўрапейскія лідары павінны падрыхтавацца да магчымага распаду зоны эўра, як гэта ўжо зрабіла Фінляндыя”.

Наш камэнтар: Дагуляліся лібэр-сацыялісты ў “новы савецкі рубель”. Эўра-зона трашчыць і хістаецца, рацыянальныя народы рыхтуюцца да вяртаньня да паўнавартаснай нацыянальнай валюты. А папярэджвалі патрыёты-народнікі ў розных краінах, чым скончыцца гэтая брусэльская авантура.

Алесь Хадасевіч


Беларусы памятаюць гэтую асобу

17 жніўня 2012 г. Нямецкая газэта “Der Spiegel” апублікавала артыкул пра былога канцлера ФРГ Шродэра. Ён адпачывае ў Грэцыі, дэгустуе віно, жартуе ў турыстычным клюбе, робіць палітычныя камэнтары для нямецкай газэты.

Наш камэнтар: Пра ўсё напісала нямецкая газэта: у якую кашулю апрануты курортнік, дзе папівае тое віно. Але “забылася” згадаць самае галоўнае пра гэтую асобу — Шродэр камфортна гуляе за крамлёўска-лубянскія ганарары, Шродэр ёсьць вечнай ганьбай нямецкай палітычнай практыкі ды і ўсяе яе гісторыі. Але беларусы памятаюць, як ён разам з Масквой пляжыў наш дзяржаўны сувэрэнітэт і падтрымліваў лукашыстоўскую хунту.

Юрка Марозаў


Масква цешыць палякаў “замірэньнем”

17 жніўня 2012 г. польская газэта “Rzeczpospolita” паведаміла пра падпісаньне ў Кракаве “пасланьня, у якім заклікаецца да згоды абодвух народаў”. Падпісалі “пасланьне” патрыярх РПЦ Кірыл і старшыня Канфэрэнцыі Япіскапату Польшчы арцыбіскуп Юзэф Міхалік. Газэта падае фрагмэнт з тэксту “пасланьня”: “Мы заклікаем нашых вернікаў, каб яны прасілі выбачыць крыўды, несправядлівасьці і любое зло, якое зроблена ўзаемна”.

Наш камэнтар: Будзем называць рэчы сваімі імёнамі: у Кракаве падпісала дакумант службовая асоба Крамля-Лубянкі ў сутане. На розныя лады аналітыкі, палітыкі і розныя дзеячы Польшчы параўноўваюць падпісаньне “пасланьня” з польска-нямецкай згодай 1995 года і французка-нямецкай згодай 1950-60-х гадоў. Яны толькі забываюцца, што Нямеччына пакаялася была ў сваіх злачынствах перад польскім і французкім народамі. І галоўным элемэнтам пакаяньня было ўсталяваньне дэмакратычнага ладу ў Нямеччыне. Можа Масква стала дэмакратычнай, можа папрасіла прабачэньня ў народаў, можа раскрыла архівы і месцы пакутніцтва мільёнаў ахвяр народаў? Глядзіш на ўсё гэта, слухаеш і вачам-вушам сваім ня верыш... Зрэшты, усё гэта бліжэй да пакту Молатава-Рыбентропа чым “замірэньня”. Масква хоча мець разьвязаныя рукі ў Беларусі ды на Ўкраіне і цешыць палякаў “замірэньнем”

Юрка Марозаў