СЦЭНЫ З ЖЫЦЬЦЯ ПРЫ ПОЗЬНІМ ЛУКАШЫЗМЕ

Сёлета ў шэрагу краін Эўропы адзначаюць круглую дату — 200-годдзе нашэсьця Напалеёна на Расейскую імпэрыю. Па-свойму юбілей 1812-га года адзначае і лукашыстоўская “творчая эліта”. Вось адзін тэлефрагмэнт. Яшчэ ня фільм, але ўжо выразная абяцанка стварыць кінастужку — дакумэнтальна-мастацкую. Яна будзе прысьвечана падзеям лета 12-га года на тэрыторыі Беларусі. У анонсе згадвалася, напрыклад, бітва каля Клясьціцаў. Анонс рабілі выстаўленыя ў шэраг кінаспэцы. Найбольш актыўным зь іх быў рэжысёр дакумэнтальнага кіно Ул. Бокун. Трэба прызнаць, што ў яго ёсьць прафэсіяналізм. Але яшчэ адной вядомай рысай гэтага дзеяча ёсьць апантаная кан'юнктурнасьць і любоў да грошай. Яму ўжо за 50 гадоў і ён пасьпеў засьведчыцца ў кан'юнктурных актуаліях розных гістарычных пэрыядаў. Пры позьніх генсеках ён здымаў дакумэнтальныя фільмы пра перадавікоў-слесараў і дзіцячыя дамы. У 1990 годзе раптам зацікавіўся нацыянальнай тэматыкай і яго можна было сустрэць на Беласточчыне. Разам з тым сп. Бокун — “істінно русскій человек”. Ён быў адным з першых, хто актыўна засвоіў мэтад “адката”. Калі ён дамаўляўся на супрацоўніцтва з сцэнарыстам, то заўсёды ставіў умову, што яму трэба выплаціць адну траціну сцэнарнага ганарару, заробленага сцэнарыстам. Але справа ня ў тым, у гэтым рэжыме кожны зарабляе, як можа. Вернемся да нядаўняй тэлеперадачы на БТ. Ул. Бокун тэмпэрамэнтна гаварыў пра 1812-ты год, аб тым, як “лучшіе сыны зашчішчалі Отечество”. Што такое гэтае “Отечество”, ён не патлумачыў. Але мы зразумелі, што гэта не Беларусь, не ВКЛ, а Масква зь яе імпэрыяй. І калі ж гэта для беларусаў, акупаваных Масквой у 1795 годзе, акупанты пасьпелі зрабіцца “Отечеством”? Можна не сумнявацца, што пасьля краху лукашыстоўскага акупанцкага рэжыму сп. Бокун возьмецца за здымкі чаго-небудзь, прысьвечанага БНР або братам Луцкевічам. Гэта ёсьць закон кан'юнктуры. Толькі гэтым разам трэба будзе дапусьціць да сьвятых тэмаў людзей з чыстай душой і чыстымі рукамі.

* * *

Рэжым у чарговы раз выпусьціў на тэлеэкраны сваю “калгасную касірку”, як народ называе дырэктара Нацбанка Ермакову. Касірка запэўнівала людзей, што чуткі пра набліжэньне дэвальвацыі беларускага рубля (да 15 тыячаў за даляр) зьяўляюцца правакацыяй і няпраўдай. Зрабіў інфармацыйную заяву і сам Нацбанк акупацыйнага рэжыму. Цытуем: “Вероятно, причиной появления подобного рода провокационной информации именно сегодня является жаркая погода, из-за которой у автора публикации разыгралось воображение...” Паслухаўшы гэтую афіцыёзную хлусьлівую балбатню, беларусы зрабілі выснову: так яно і будзе з дэвальвацыяй. Мяркуем, што будзе яно адразу пасьля верасьнёўскіх псэўдавыбараў.

* * *

31 ліпеня ў прадуктовых крамах па ўсёй Беларусі прайшла хваля панікі. Наслухаўшыся запэўнівньняў “калгаснай касіркі” Ермаковай, людзі зрабілі па-свойму. Яны ведалі, што заўтра будзе 1 жніўня і цалкам магчымае чарговае рэзкае падвышэньне цэнаў. Сотні, а дзе і тысячы людзей запоўнілі крамы і падмяталі ўсё, што траплялася пад рукі. Аднак, “містыка лічбаў” гэтым разам не спрацавала. Настаў дзень 1 жніўня і цэны пакуль што засталіся як былі. Пакупнікі недаацанілі антынародны рэжым. Зусім неабавязкава падвышаць цэны на пачатак месяца, на роўнае чысло. Гэта можна зрабіць на якую-небудзь банальную дату і зусім нечакана. Так гэта і зразумелі стомленыя бязладдзем і маразмам жыцьця беларусы.

* * *

Мы ўжо паведамлялі пра русіфікатарскую, антыбеларускую палітыку ў беларускіх музэях. Гэтым разам “вызначыўся” Нацыянальны мастацкі музэй у Менску. На 100 супрацоўнікаў тут ёсьць некалькі мастацтвазнаўцаў, здольных размаўляць і выконваць прафэсійныя абавязкі па-беларуску. Але міністэрства культуры РБ дыктуе сваю “моду” галоўнаму мастацкаму музэю нашай краіны. Выйшла ў сьвет чарговая кніжка прадукцыі музэйнага інтэлекту. Яна (зразумела) па-расейску і называецца “В мире русского искусства”. Кніжка разьлічана на малодшых і сярэдніх школьнікаў. На каляровых старонках выданьня “золушкі” і “сьнягурачкі” па-інфантыльнаму распавядаюць беларускай дзятве пра тое, як трэба ведаць і любіць расейскае мастацтва, колькі ў ім цудоўнага і захапляльнага. Усе творы, згаданыя ў кніжцы, знаходзяцца ў “русском музее”, як публіка здаўна называе наш мастацкі музэй, дзе наперад выпячана маскальшчына, а беларускае мастацтва засунута ў дальнія залі. Нагадаем, што нічога падобнага на тэму беларускага мастацтва ў кніжках не існуе. Можна яшчэ было б зразумець, калі б беларускіх дзяцей вучылі любіць расейшчыну на роднай мове. Але гэта было б грубым парушэньнем палітыкі русіфікацыі. На маскальскі “прыярытэт” выдаткоўваюцца грошы, даецца мелаваная папера, робіцца рэкляма і г.д. Русіфікатарскае злачынства працягваецца і будзе спынена толькі з ліквідацыяй акупанцкага рэжыму.

* * *

У некаторых месцах беларускіх гарадоў ідзе “збор подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў”. Глядзець на гэты працэс без спачуваньня нельга. Кандыдацкія групы (2-3 чалавекі) пякуцца пад сонцам, сонна лыпаюць вачыма і ўжо нават не назаляюць мінакам. Дзе-нідзе (як паведамляе Радыё Свабода) прэтэндэнты ад псэўда-БНФ (групоўка Янукевіча) выстаўляюць над сваім сонным пікетам Бел-Чырвона-Белы Сьцяг. Імітатары-прафанатары прыкрываюць сваю калабарацыю з рэжымам сьвятой сымволікай і падказваюць людзям, што яны “за народ”. 4 жніўня ў Менску нават адбыўся “пазачарговы зьезд” гэтага псэўда-БНФ, удзельнічалі ажно 42 “дэлегаты”. На ім было заяўлена, што “выбараў няма, але ў іх трэба ўдзельнічаць”.

У некаторых людных месцах пад партрэтамі выканкамаўскіх начальнікаў-“кандыдатаў” сядзяць асобы пэнсійнага ўзросту, мабілізаваныя на акцыю (адстаўныя бюракраты вырашылі падзарабіць на подпісах). На іхных тварах адбілася такая нуда, што мімаволі спачуваеш ім. Паўсюль бачна, што абсалютнай большасьці беларусаў псэўдавыбарчы спэктакль зусім не цікавы. Людзі не падпісваюцца і нават не спыняюцца вакол кандыдацкіх пунктаў, якія глядзяцца як нейкая недарэчнасьць пасярод летніх гарадоў.

Янка Базыль