ЛЮДЗІ НАСТРОЕНЫ ІГНАРАВАЦЬ ФАЛЬШЫВЫЯ ВЫБАРЫ
(Ліпеньскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)
8 ліпеня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Рыхтуемся да няўдзелу ў выбарах” (апублікаваны). З дакладам выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.
Выступоўцы ахарактарызавалі стан рэжыму як панічны, як перманэнтнае калачэньне ад страху перад непазьбежным канцом антыбеларускай дыктатуры. У дадзены пэрыяд рэжым найбольш баіцца Народнага Байкоту. Самая страшная для рэжыму карціна, гэта — пустыя выбарчыя ўчасткі ў верасьні сёлета, калі беларусы масава ня пойдуць на электаральны фарс лукашызма. Рэжым адчувае слабасьць сваёй пазыцыі, ведае пра непапулярнасьць у народзе карыстанай ім псэўдаапазыцыі. Таму трэба чакаць, што з набліжэньнем псэўдавыбараў дзеяньні рэжыму будуць насіць істэрычны характар. Беларусам, наадварот, трэба на ўсё рэагаваць спакойна і ўпэўнена, не паддавацца на рэжымныя правакацыі і пасьлядоўна рыхтавацца да салідарнага Байкоту рэжымнага фарсу.
Трэба тлумачыць нашым людзям, што заканадаўства дае ім права на няўдзел у выбарах, што такая пазыцыя зьяўляецца цалкам легальнай. Што якраз прымушэньне да ўдзелу ў галасаваньні ёсьць крымінальным злачынствам, і рэжымных крымінальнікаў трэба гнаць ад сябе прэч ды падаваць на іх у суд. Не выпадкова рэжым у чарговы раз мабілізуе на сваё выратаваньне псэўдаапазыцыю. У “незалежных, дэмакратычных” СМІ ужо гучаць галасы “апазыцыйных экспэртаў”, якія на розныя лады заахвочваюць грамадзтва да ўдзелу ў псэўдавыбарах. Гэтым разам ім вельмі цяжка абалваньваць людзей. Яны высільваюцца, каб знайсьці новыя аргуманты, бо былое (“Іді і скажі ему своё НЕТ”) ужо выклікае ў грамадзтве сьмех. Агентура, якую за недастойныя паводзіны больш за 10 гадоў таму выдалілі з БНФ “Адраджэньне”, наладжвае ў СМІ “дыскусіі” пра байкот і ўдзел у выбарах. Усё робіцца ў марным імкненьні заблытаць і дэзарыентаваць нашых людзей.
Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны паведамілі, што нідзе не назіраецца нават мінімальнага зацікаўленьня “выбарамі”. Людзі ня думаюць пра гэты фарс, не абмяркоўваюць яго і з большага не зьбіраюцца ўдзельнічаць у ім. Тэма практычна не жыве ў грамадзтве, якое занятае выжываньнем ва ўмовах эканамічнага правалу, арганізаванага рэжымам. У такіх умовах трэба цярпліва тлумачыць грамадзтву неабходнасьць Народнага Байкоту. Людзі стаміліся ад рэжымнай і псэўдаапазыцыйнай хлусьні, ад пагрозаў і прымусаў. Трэба падтрымліваць і ўмацоўваць гэты настрой людзей на супраціў.
Сябры Сойму распавялі таксама пра працяг антыбеларускай палітыкі рэжыму. Напрыклад, у Горадні пачаў функцыянаваць вялікі і шматжанравы “Русскій дом”. Аказваецца ў нашай краіне, дзе пануе злачынная палітыка русіфікацыі, трэба яшчэ ставіць дадатковыя “русскіе дома”. Супраціў гэтай палітыцы павінен арганізоўвацца ў кожнай беларускай сям'і. У сям'і трэба захоўваць родную мову, вернасьць роднай культуры, гісторыі і нацыянальным каштоўнасьцям. Пры ўсёй унівэрсальнасьці гвалту рэжым ня здольны ўварвацца ў нашыя сем'і. Так рабілі ўсе народы, якія баранілі сваё ва ўмовах акупацыйных рэжымаў.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
8 ліпеня 2012 г.