ДЗЕНЬ ПАМЯЦІ ВАСІЛЯ ЎЛАДЗІМЕРАВІЧА БЫКАВА

22 чэрвеня сябры і прыхільнікі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ прышлі да магілы Васіля Быкава на Усходніх могілках Менска. Грамада ўзьняла нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі і засьпявала гімн “Магутны Божа”. Да надмагільнага помніка людзі ўсклалі кветкі. Выступоўцы ўзгадалі далёкі ўжо кастрычнік 1988 года, калі лепшыя людзі Беларусі пачалі стварэньне Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”. З намі быў Васіль Быкаў, вялікі нацыянальны пісьменьнік і маральны аўтарытэт. Да самага апошняга дня свайго жыцьця Васіль Уладзімеравіч быў фронтаўцам, сваёй дзейнасьцю і сваімі творамі натхняў беларусаў на змаганьне за праўду і волю. Антынародны звыродлівы рэжым спрабаваў абылгаць вялікага беларуса, але ў лукашыстаў нічога ня выйшла. Людзі паверылі не зьнішчальнікам нашага народу, а песьняру.

У 2003 годзе спэцслужбы і псэўдаапазыцыя рэжыму паспрабавалі ператварыць у абсурд дзень народнага смутку па Васілю Уладзімеравічу. Але людзі сталі сьцяной і зноў у цемрашалаў нічога ня выйшла. Беларусы ў той дзень выкінулі прэч ад магілы Васіля Быкава “вянок” з надпісам на акупанцкай мове, прысланы ад начальніка рэжыму, які зьневажаў імя вялікага пісьменьніка. Ужо дзевяць гадоў няма з намі Васіля Уладзімеравіча, але ён працягвае жыць у сваіх кнігах. Ягоны голас гучыць для новых пакаленьняў беларускага народу. Ён адказвае на многія пытаньні, якія ставіць перад намі сёньняшняя рэчаіснасьць.

У грамадзе былі маладыя патрыёты. Старэйшыя падзяліліся зь імі сваімі ўспамінамі, распавялі пра свае першыя сустрэчы з творамі Васіля Быкава, пра фронтаўскае змаганьне. Моладзь далучаецца да нашага народнага змаганьня, якое было сэнсам жыцьця Васіля Уладзімеравіча і яго аднадумцаў.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

22 чэрвеня 2012 г.