БАЙКОТ — ПЕРШЫ КРОК ДА АНТЫРЭЖЫМНАЙ КАНСАЛІДАЦЫІ ГРАМАДЗТВА.
(Выступ на чэрвеньскім Сойме Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)
... Рэжым праводзіць штораз больш жорсткую і вырабленую палітыку. Складваецца ўражаньне, што ў хунты ўзьнікла падсьведамае адчуваньне тупіка і наканаванага канца. Адсюль імкненьне нашкодзіць і разбурыць як найбольш. Гэта і ёсьць галоўная стратэгія рэжыму, якая павінна (як там мяркуюць) забясьпечыць ім цягласьць антыбеларускай улады.
Сацыяльная ідэалёгія і прапаганда хунты гранічна простыя: грамадзтву абяцаюць палепшыць матэрыяльнае становішча людзей і пастаянства (стабільнасьць) гэтага паляпшэньня. Для бальшыні дэнацыяналізаванага грамадзтва таго дастаткова, каб падтрымліваць антылюдзкі рэжым, нават калі рэальныя вынікі абяцаньняў марныя.
У нацыянальна разьвітых грамадзтвах дыктатура вымушана базавацца (і часта ў першую чаргу) на палітычных, культурных ды гістарычных прынцыпах (на імпэрскай ідэі, напрыклад, на вялікадзяржаўнасьці, на гістарычных правах ды нацыянальных інтарэсах і т.п.). Альтэрнатыва такому рэжыму ствараецца таксама на гэтых пазыцыях, бо яны запатрабаваны грамадзтвам.
У дэнацыяналізаваным грамадзтве ўсё гэта ня мае значэньня з прычыны адсутнасьці такіх пазыцыяў у шкале каштоўнасьцяў людзей. Задавальненьне мінімальных матэрыяльных патрэбаў у такой сістэме робіць уладу дыктатуры, практычна, недатыкальнай, а апазыцыю — беспэрспэктыўнай, паколькі яна мусіла б прапанаваць яшчэ лепшае матэрыяльнае забесьпячэньне (і толькі пры ўмове крызісу матэрыяльнай палітыкі рэжыму). Якраз такую схему альтэрнатывы мы назіраем тут у дэнацыяналізаванай апазыцыі (у так званай “псэўда”). Але калі б нават яна была б не “псэўда”, — пэрпэктывы перамогі такой апазыцыі без ідэалаў і з такім палітычным багажом, практычна, нулявыя.
Ліквідаваць антынацыянальны рэжым можна тады, калі будзе нацыянальная альтэрнатыва, абапертая на нацыянальныя ідэалы і нацыянальныя каштоўнасьці (так, як гэта было ў БНФ у пачатку 90-х за часы барацьбы з камунізмам). Сутнасьць толькі ў тым, што “нацыянальная альтэрнатыва” павінна сама падрыхтаваць сабе нацыянальную апору ў дэфармаваным грамадзтве (на охлас нацыянальная альтэрнатыва не абапіраецца, гэта дзялянка дыктатуры). Таму палітыка нацыянальнай асьветы, “будзіцельства”, гістарызму і культурнага разьвіцьця, “адраджэньня” ёсьць абавязкавым элемэнтам нацыянальнага змаганьня за волю супраць антынароднага рэжыму прадажнасьці і дыктатуры.
На травеньскім Сойме мы прынялі рашэньне аб чарговым этапе і канкрэтызацыі нашай палітыкі змаганьня з антыбеларускім рэжымам, аб стварэньні групы падтрымкі альтэрнатывы. Магу паведаміць, што пастанова Сойму ажыцьцяўляецца крок за крокам і, мяркую, у гэтым годзе будзе арганізацыйна рэалізавана цалкам.
У гэтай сувязі былі выказаныя засьцярогі аб плянаваньні чарговага палітычнага праекту на Захадзе (тыпу “Говправду”) у сувязі з ініцыятывай палкоўніка Уладзімера Барадача. Але гэтыя засьцярогі не пацьвердзіліся, што не выключае, аднак, зьяўленьня агентурных уплываў у далейшым.
У рэчышчы нашай канцэпцыі альтэрнатывы антыбеларускаму рэжыму важнай ёсьць прапаганда (і аргумэнтацыя) байкоту восеньскіх выбараў у так званую “палату”. Разумныя людзі з асяроддзя нашых грамадзян даўно зразумелі, што “палата” гэта ніякі не парлямант, што яна ня мае ніякіх правоў і магчымасьцяў, што гэта прафанацыя заканадаўчай улады, якая ствараецца шляхам цынічных фальсіфікацыяў галасаваньня, што яна да таго ж нелегітымная і не прызнаная сьветам. Але вельмі істотна, каб гэтыя людзі хутчэй зразумелі, што на выбары такога ліпавага “воргана ўлады” хадзіць нельга, і ўвогуле ні на якія выбары рэжыму хадіць ня трэба — каб не спрыяць фальсіфікацыі галасоў і дэмагогіі аб нібыта легітымнасьці сфальшаванай улады.
Істотна, каб больш і больш разумных людзей усьвядомілі, што ніякая альтэрнатыва ніколі ня зможа выйграць выбары ў гэтага рэжыму, бо гэта ня выбары, а толькі імітацыя выбараў для псэўдазаконнага афармленьня незаконнай улады.
Тыя людзі, якія сьведама ня пойдуць на фальшывыя выбары, каб ня ўдзельнічаць у злачынстве і не дапамагаць рэжыму, тыя людзі стануць сацыяльнай асновай, на якую па вызначэньні зможа абапірацца супраціўленьне антыбеларускай палітыцы чужой улады. Гэта працэс, які трэба будаваць крок за крокам — стварэньне нацыянальнага палітычнага авангарду і стварэньне сацыяльнага асяроддзя, здольнага ўспрымаць ідэі авангарду. Тады, пры наяўнасьці нацыянальнай альтэрнатывы акупацыйнаму рэжыму, магчыма выбудаваньне шырокай сістэмы пераменаў (ізноў гэтак жа, як рабіў БНФ у пачатку 90-х гадоў).
Наша праца па падрыхтоўцы байкоту павінна зыходзіць з правільнай ацэнкі цяперашняй рэчаіснасьці. Не рабіць таго, чаго ў гэтых умовах рабіць ня трэба: не марнаваць час на правальных людзей і правальныя сытуацыі. Дзейнасьць павінна быць адраснай, разьлічанай на вынік. Усе мы павінны разумець, што байкот не прыносіць перамогі на выбарах, але паляпшае (і стварае) умовы для сістэмнага змаганьня з рэжымам дзеля яго ліквідацыі. Байкот — першы крок да антырэжымнай кансалідацыі грамадзтва.
Цяпер неабходна шчыльна ажыцьцяўляць наступныя дзеяньні:
— Асьвета, прапаганда і інфармацыя людзей пра байкот (па адпрацаваных адрасных схемах);
— Падрыхтоўка кандыдатур ва ўчастковыя камісіі па выбарах;
— Падрыхтоўка назіральнікаў за галасаваньнем на выбарчых участках і за ўдзелам выбаршчыкаў у галасаваньні;
— Падрыхтоўка іншых сістэм назіраньня (па вядомых схемах);
— Падрыхтоўка юрыдычнай групы і групы інфармацыі.
Арганізацыйныя пытаньні ня трэба адкладываць на потым, спасылаючыся на запас часу. Пачынаць трэба цяпер.
Тактыка агентуры па выкарыстаньні псэўдаапазыцыі добра відаць: заблытаць пазыцыю байкота да асбурду і маразму ў галовах людзей, стварыць несур'ёзныя адносіны, асьмяшыць і скампрамэтаваць, каб ніхто ні ў чым не разабраўся. Цяпер яны наладжваюць чарговы вэрхал: адны, быццам бы, за байкот, іншыя, быццам — не. Адны ідуць на выбары, а потым здымаюцца і аб'яўляюць байкот. Іншыя ідуць на выбары, але агітуюць за байкот. Адны ня йдуць на выбары, але аб'явяць байкот, калі рэжым ня зьменіць выбарчае заканадаўства. Другія наадварот йдуць на выбары, нягледзячы ні на што, каб “данесьці свае ідэі да народа”. (Якія ўжо там у іх “ідэі”?).
Увесь гэты дурдом наладжаны дзеля таго, каб людзі падумалі, што байкот — гэта чарговае прадажнае глупства псэўдаапазыцыі, купленае за чужыя грошы і, убачыўшы гэта, перасталі б сур'ёзна ўспрымаць патрэбу байкоту, каб заблыталіся ў партыях і пазыцыях ды падумалі, што альтэрнатывы Лукашэнку няма, бо хаця і бандыцкі, але ёсьць нейкі парадак.
Усё гэта будзе працягвацца да апошняга часу, а ў канцы ўсе яны дружна пойдуць выстаўляцца і галасаваць.
Пошасьць гэтай сэлекцыі неапісальная. Мне неяк патрапілі зьвесткі пра стварэньне “Говправду”, дзе сабраўся адборны смурод ад Фядуты да Процькі. Камбінатары запатрабавалі ад спонсара шаснаццаць з паловай мільёнаў даляраў. Ім далі чатыры з паловай мільёны, якія яны, запрасіўшы Ул. Някляева, на ролю вясельнага генэрала, дружна скарысталі на правакацыю псэўдавыбараў 2010 года.
Цяпер такіх грошай ім ніхто ня дасьць, бо маштабы ня тыя і патрэбы няма. Але шкода ад іх будзе (і ўжо ёсьць) не малая. Адмежаваньне ад гэтых асоб, якія пасьля расколу БНФ выкарыстоўваюць нішу “беларускай апазыцыі”, павінна быць з нашага боку пастаянным напамінкам.
Як і раней, мы арыентуемся на мэтадычную палітычна-асьветніцкую і арганізацыйную працу, якая не стварае імгненных эфэктаў, але з цягам часу дае вынікі, якія мы бачым, і ў пэрсэктыве вядзе да мэты — упадку акупацыйнага рэжыму і адраджэньня вольнай Беларусі.
Зянон Пазьняк
Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
10 чэрвеня 2012 г.