СЦЭНЫ З ЖЫЦЬЦЯ ПРЫ ПОЗЬНІМ ЛУКАШЫЗМЕ

“Бо бацькі не навучылі іх праўдзе”

Як вядома, сон розуму нараджае пачвараў. На лібэральным Захадзе існуе нават адмысловая “эстэтыка пачварнага”, у якой ёсьць шмат прыхільнікаў. Цяпер такая “эстэтыка” ёсьць і ў акупаванай Беларусі. На 18-ты год свайго дзікага існаваньня лукашызм урэшце дапяўся да стылістычна чыстай канцэпцыі, увасобленай у формах сучаснай музыкі і сьпеву. Калі людзі розных поглядаў (у тым ліку нямногія прыхільнікі лукашызма) знаёмяцца з гэтым шэдэўрам “эстэтыкі”, яны ня могуць паверыць, што гэта ёсьць сур'ёзная спроба самарэкламы жлобскага рэжыму. Некаторыя ўпэўнена кажуць, што гэта ёсьць “сьцёб”, г. зн., зьдзек і іронія над пануючай сістэмай. Мы, аднак, настойваем на думцы, што ўсё гэта сур'ёзна і разьлічана на “заваяваньне сэрцаў” прынамсі маладых людзей вабнотамі лукашызму. Проста зрабілі так, як умелі. Зрабілі нават ад душы, ад сваёй цёмнай душы, паводле сваіх русіфікатарскіх “ідэалаў”.

Вучаніца-падлетак з гомельскай правінцыі, з сяла Акцябрскага (савецкі новатвор замест гістарычнай Рудабелкі) стаіць на сцэне, віхляецца і выдае рэчытатыў у стылі “рэп”. Віхляецца яна непрафэсійна, карчакавата па-дзіцячаму, але ў гэтым ёсьць нейкі шарм правінцыйнага арыгінальнічаньня. Лепш бы яна гэтым і абмежавалася. Але дзяўчына Ксенія Дзягелька (яна ж “Дегелько”) “засьпявала”. Падаем цытаты з тэксту, вырабленага па стылю позьняга лукашызму:

“Я люблю Родину! Я люблю Октябрьский! Двигай телом! Е-е!... Я из деревни! Даёшь процветание! Даешь стабильность!.. Постройте в Октябрьском ледовый дворец для наших юных и храбрых сердец!.. Я — лидер! Двигай телом!”

На шыі “сьпявачкі” лукашыстоўская мадыфікацыя піянэрскага гальштука. За яе фігурай на вялікім экране мільгаюць у якасьці ілюстрацыйнага фону выявы непаўторнай акупанцкай эпохі: махіна “лядовага палаца”, пафарбаваная “пад срэбра” статуя Леніна, нэамураўёўскі будынак РПЦ, сьцягі РБ і БРСМ — усё тое, што сымвалізуе “непахіснасьць” лукашызму.

Памяць дыктуе нам параўнаньні. Савецкі афіцыёз меў сапраўдныя каласальныя формы. Дзеці з крамлёўскай сцэны сьпявалі “Эх, хорошо в стране советской жіть!”, бадзёра бегалі і круціліся. На сцэну выносілі чырвоныя сьцягі, фонам на экраіне мільгалі магутныя плаціны, БАМ і мільённыя парады працоўных, цемры танкаў і самалётаў. Усім было зразумела, што “Бога нет, товарішчі”. І ва ўсім была пэўная пасьлядоўнасьць і логіка.

Постсавецкі маньерызм у розных частках разваленай імпэрыі даў свой абсурдны плён. Туркмэн-башы паставіў быў сабе вялікі пазалочаны помнік, які рухаўся па восі за сонцам. Генэралы КГБ СССР Шэварнадзэ і Аліеў абвясьцілі сябе галоўнымі дэмакратызатарамі сваіх народаў і г.д. Але, мабыць, нідзе не было такой крыклівай і нізкапробнай эклектыкі, як у выпадку з лукашызмам. Лукашысты з імпэтам майстроў правінцыйнай самадзейнасьці прарваліся на цэнтральную сцэнічную пляцоўку Беларусі і пачалі вырабляцца. Яны звалілі ў кучу ўсё: Леніна і РПЦ, “Родіну” і нянавісьць да ўсяго беларускага. Лакальнай праявай (і даволі характэрнай) усяго гэтага зьяўляецца рэп-выступ акцябрскай “зоркі”.

Можна было б пасьмяяцца з кур'ёзнай зьявы. Але на сэрцы трывожна. Падобна, што рэп-школьніцы падабаецца ейная роля і тое, пра што яна “сьпявае”. І не адна яна такая. Збачэнская эклектыка запоўніла душу даволі вялікай колькасьці нашых падлеткаў і маладых людзей. Яны ўпэўнены, што вось так і трэба, што ў гэтых “фармулёўках” ёсьць апірышча іхнага жыцьця. Яны па дзіцячы паверылі зьнішчальнікам нашай нацыі і даверыліся ім, бо бацькі не навучылі іх праўдзе.

Становіцца зразумелым, што існаваньне антычалавечай, антынацыянальнай сістэмы на нашай зямлі прывяло да глыбокіх парушэньняў у духоўным жыцьці народу. Па сваёй разбуральнасьці і шкоднасьці для народнага здароўя яны, можа, нават больш разбуральныя, чым савецка-камсамольская пошасьць. Хаця ў цэлым гэта ёсьць агульны працэс зьнішчэньня беларускай душы. Мы назіраем яго новы этап. А называецца гэты няспынны, паэтапны працэс бездухоўнасьці проста і выразна — русіфікацыя.

“Ась-ась, про что это вы?..”

17 красавіка Радыё Свабода пазнаёміла нас з чарговым выступам псэўдаў на міжнароднай арэне. Некалькі маладых асобаў выйшлі на плошчу ў нідэрляндскай сталіцы Гаазе і пастаялі з вялікім плакатам, дзе было напісана па-ангельску і па-нідэрляндску “Свабоду ўсім палітычным вязьням”. У сярэдзіне плаката была выява нейкай вясёлкі ці нечага падобнага на гэты зашмальцаваны сымвал сэксзбачэнцаў. Галоўным для арганізатараў “пратэсту” было, каб у кадр не патрапіла выява беларускага нацыянальнага Сьцяга.

Нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг гэтай публіцы непатрэбны. Можа мікрашоў арганізавалі якія замежнікі, неабазнаныя ў беларускай сымволіцы? Дык жа не, камандвала акцыяй маладая, але ўжо прыкметная на Захадзе асоба — Валерыя Красоўская, студэнтка журфаку з менскага БДУ, якая часта і падоўгу стажыруецца за мяжой.

Дзейнасьць гэтай асобы пасьлядоўная, пра што сьведчыць шэраг публікацый. Так, напрыклад, было паведамленьне пра яе выступ у нідэрляндскім горадзе Эйндховэн 16 верасьня летась — ізноў пад “вясёлкай” і без нацыянальнага сьцягу, гэткая “демократія вообшче”. Можна было б паспрабаваць сказаць В. Красоўскай і яе супольнікам, што менавіта ў гэтыя верасьнёўскія дні ў Эйндховэне і ваколіцах нідэрляндцы наладжваюць мэмарыяльныя мерапрыемствы, прысьвечаныя жаўнерам антыгітлерскай кааліцыі. У сярэдзіне верасьня 1944 г. тут адбыліся лютыя баі супраць нямецкіх акупантаў. У складзе Войска Польскага ў гэтых баях ваявалі тысячы беларускіх афіцэраў і жаўнераў, многія загінулі там. Нідэрляндцы ўшаноўваюць памяць нашых герояў. А сказаць пра гэта такой “беларусцы” В. Красоўскай, то яна гукне вам: “Ась-ась, про что это вы?..”

Вось такая “вясёлкавая” публіка круціцца на эўрагранты на Захадзе, прадстаўляе там “змагарную Беларусь”...

Ужо зьявіўся браневік

Увагу жыхароў беларускай сталіцы прыцягнула сцэна з жыцьця пры позьнем лукашызме, якая існуе ў рамках батальнага жанру. Усе прызвычаяліся, што калі начальнік рэжыму едзе праз горад, то гэта заўсёды ёсьць вялікі картэж з аўтамашын, якія лятуць на вельмі высокай хуткасьці. Апошнім часам да гэтай кампазіцыі дадаўся яшчэ адзін элемэнт. Машыны лятуць праз горад, а за імі нясецца браневік. На вежы браневіка ўсталяваны буйнакалібэрны кулямёт, які абслугоўвае супэрмэн-кулямётчык. Прычым людзі заўважылі, што дула кулямёта скіравана на шыбы жылых дамоў, паўз якія едзе начальнік. Грамадзяне старэйшага зросту ўспамінаюць, што ў суправаджэньні браневікоў езьдзілі па Менску нямецкія акупанты. Яны баяліся народных мсьціўцаў і народнай нянавісьці. У беларусаў ўзьнікаюць цікавыя асацыяцыі. А рэжым баіцца, страшэнна баіцца.

“Нобэля товарішчу Корейко...”

З сярэдзіны красавіка актывізавалася кампанія па прысуджэньню Нобэлеўскай прэміі міру вядомай асобе з псэўдаапазыцыі Алесю Бяляцкаму. Нагадаем, што гэта тая самая асоба, якая разам з “прафэсарам” Ю. Хадыкам на прыканцы 90-х гадоў езьдзіла ў Маскву і там падпісвала дэклярацыі, у якіх не было згадкі пра незалежнасьць Беларусі. Нават афіцыйныя структуры Летувы і Польшчы робяць рэкламу дзеля прысуджэньня гэтай асобе прэстыжовай прэміі. Цікава, што тыя ж самыя структуры перадалі матэр'ялы пра фінансавыя афёры сп. Бяляцкага пракуратуры РБ. У выніку адбыўся суд і сп. Бяляцкі знаходзіцца ў турме.

Дзеяньні, проста скажам, непасьлядоўныя. Атрымліваецца, што ўсе пра фінансавыя афёры ведаюць, але робяць выгляд, што прэстыжовую прэмію прысудзіць трэба. Вядома, што сп. Бяляцкі грамадзкія грошы (сотні тысячаў даляраў і эўра), прызначаныя на праваабарончую дзейнасьць і дапамогу ахвярам рэпрэсіяў, пераводзіў на ўласныя банкаўскія рахункі (разумей як хочаш). Вядома, што за афармленьне выпадковым грамадзянам даведак пра іхную фальшывую палітахвярнасьць ён браў зь іх хабар у памеры 10 тысячаў даляраў з чалавека. Такім чынам на Захадзе апынуліся з “надзейнымі паперамі” на атрыманьне палітпрытулку рознага кшталту асобы.

Уся гэтая афёра будзе пасьлядоўна разгледжана ў судзе ў вызваленай ад дыктатуры Беларусі. А пакуль што ў камэнтарах на рэкламу ў Сеціве нобэлеўскага кандыдата сп. Бяляцкага людзі пішуць: “Нобэля товарішчу Корейко Александру Івановічу!..” Справа падпольных мільянэраў жыве.

Янка Базыль