АНТЫНАЦЫЯНАЛЬНЫ РЭЖЫМ МОЖА ЛІКВІДАВАЦЬ ТОЛЬКІ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ СІЛА
(Ліст на травеньскі Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”)
Паважаныя сябры Сойму! Вітаю Вас у Бацькаўшчыне. Зычу здароўя і прыліву вясновых сілаў дзеля змаганьня за волю і ўратаваньне нашай дарагой Айчыны.
Найперш выказваю ад сябе і ад жонкі Галіны найвялікшую ўдзячнасьць усім сябрам Партыі, якія прыйшлі нам на дапамогу ў цяжкі час і годна, па-хрысьціянску пахаваллі маю маму Ганну Яўхімаўну. Нізкі паклон Вам усім, дарагія сябры, і падзяка.
* * *
У гэтым лісьце адзначу некаторыя задачы. Галоўнае для нас зараз — свабода і здароўе Сяргея Каваленкі. Чалавек ахвяраваўся за наш сьвяты Сьцяг. Ворагі чалавецтва адабралі ад яго здароўе і свабоду, практычна, толькі за тое, што ён нармальны беларус і патрыёт сваёй краіны. Я прытрымліваюся думкі, што міліцэйска-судова-медыцынскія гвалтаўнікі, што зьдзекваліся з Каваленкі, павінны быць адпомшчаны. Але сёньня — не пра іх. Хоць зразумела, што адпомшчаны і асуджаны па прынцыпу Нюрнбэргскага суда мусіць быць увесь маскоўскі камунізм-саветызм. Інакш — ён будзе паўтарацца ў пачварных формах лукашызму, гэбізму, пуцінізму, януковічызму і г. д. “Свабоду Каваленку!” — цяпер наш галоўны салідарны лёзунг.
Хто не ленаваўся, той мог ужо на працягу паўгода назіраць чарговы розыгрыш дыскусійнай камэдыі аб выбарах сярод псэўдаапазыцыі (некаторыя нават пра байкот крычэлі). Пустое ўсё гэта, на іх ня трэба зьвяртаць увагі, бо адразу вядома, што ўсе яны зноў палезуць на выбары рэжыму (нават тыя, што выпушчаныя з турмы, дзе зь імі не цырымоніліся — характэрнасьць гэбізму ў дачыненьні да сваёй кліентуры).
На выбары рэжыму яны пабягуць заўсёды і ўвесь час, таму што такая іхняя прырода. Псэўдаапазыцыя — гэта ёсьць своеасаблівая, прасякнутая агентурай структура рэжыму, якая ўдзельнічае ва ўсіх сцэнарах рэжымнай антыбеларускай палітыкі. У вольнай Беларусі люстрацыя гэтай “апазыцыі”, як і іншых грамадзка-дзяржаўных структураў, павінна быць зроблена ў першую чаргу.
Нам вядома, што зь дзевяці асобаў, якія ўдзельнічалі ў сцэнары лукашысцкіх выбараў 2010 года, толькі дзьве не зьвязаныя ўплывам рэжымных структур. Таму і быў угроблены байкот і ажыцьцёўлены маскоўска-лукашысцкі сцэнар. (Па наіўнасьці яны, відаць, не чакалі, што трапяць за краты.)
Рыхтуючыся да блакаваньня фальшывых выбараў, мы будзем мець праблемы з рэжымам, які рэальна якраз баіцца байкоту. Але, як паказаў 2010 год, непасрэдным выканаўцам па зрыву байкоту рэжым зноў выкарыстае напалоханую і правераную псэўдаапазыцыю.
Вопыт выбараў папярэдніх гадоў (і асабліва 2010 года) паказаў таксама, што ўплываць на псэўдаапазыцыю немагчыма. Словы да іх не даходзяць. Яны разумеюць толькі грошы і палкі (грошы з Брусэлю, палкі ад Лукашэнкі). Мяркую, што гэтым разам з нашага боку павінна быць адпрацавана больш актыўная палітыка супраць групаў прафанацыі выбараў.
Заўважым, што ў той час, калі Каваленка памірае за нацыянальную сьвятыню, за беларускі нацыянальны Сьцяг, гэтыя прафанатары ходзяць на Бангалор пад чужымі сінімі сьцягамі. Цяпер гэта ўжо ёсьць выклік усяму нацыянальнаму сумленьню, адкрытыя кашчунныя паводзіны. (Пад якімі сьцягамі йдуць, такія яны і ёсьць.)
Успомнім, як некалькі гадоў таму гэтая публіка замест Сьцяга падымала джынсавыя порткі і імкнулася замяніць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг джынсавай анучай, а Мілінкевіч зрабіў яе сымвалам свайго псэўдаруху, нават на шыю джынсвыя анучкі чаплялі. Усе мы бачылі гэты хамскі зьдзек агентуры. З аднаго боку — бээсэсэраўскі чырвона-зялёны “захад над балотам”, з другога (нібыта апазыцыйнага) — джынсавая ануча і рэклямны лямант гапаты: “джынс!”, “джынс!”.
Тады мне прыходзілася чытаць Аляксандра Літвіненку. Ён, гэты беглы палкоўнік ФСБ, расеяц, пісаў у “Чачэнпрэс”, што ў той час, калі рэжым Лукашэнкі забараніў беларускія нацыянальныя сымвалы і зьдзекуецца з нацыянальнага сьцяга, “у Менску апазыцыя выйшла пад джынсавымі анучамі замест сьцягоў”. І рэзюмэ палкоўніка: “Это общество балванов, полный тупик”.
Нагадаю тут адну правераную праўду: тыя, каго вораг не паважае, ніколі не перамогуць. Камуністы ў Вярхоўным Савеце нас паважалі. Мы прымусілі нас паважаць.
Прапаную прыняць пастанову Сойму пра байкот фальшывых выбараў у палату рэжыму, прызначаных на верасень гэтага года. Канкрэтныя мерапрыемствы па байкоту (улічваючы вопыт) будуць распрацоўвацца кіраўніцтвам і Ўправай Партыі.
Правакацыя 19 сьнежня 2010 года выклікала хвалю бандыцкіх (бо незаконных) рэпрэсіяў рэжыму супраць беларусаў. Беларускае грамадзтва сталі адкрыта растоптваць і нішчыць. Узурпатар паводзіць сябе з выклікам, падкрэсьлена па-хамску, гаворыць падкрэсьлена на рускім крымінальным жаргоне, дэманструе грэблівасьць і грубую непавагу да людзей.
У псіхапатычнай натуры гэтакі стан ацэньваецца медыцынскімі тэрмінамі. Але мы мусім ацэньваць яго з пункту гледжаньня магчымых палітычных вынікаў, якія могуць стацца (і ўжо сталіся) крайне небясьпечнымі для грамадзтва і Беларускай дзяржавы.
Працэс па падрыхтоўцы байкоту фальшывых выбараў (чым мы займаліся апошнія гады) і пазыцыя блакаваньня такіх выбараў адвялі на другі плян нашу палітыку асабовай альтэрнатывы, што зьяўляецца некарысным для змаганьня з антыбеларускім рэжымам, бо занепадаюць стратэгічныя мэты барацьбы. Таму неабходна цалкам аднавіць гэтую пазыцыю. Дзеля гэтага ўжо быў закладзены “Рух за новыя выбары без Лукашэнкі”, які ўзьняў 150 арганізацыйных ініцыятываў. Гэтая ідэя цяпер у закансэрваваным стане, але ў любы час пры адпаведных высілках ініцыятыва можа разьвівацца далей.
На Паліткамітэце намі былі абмеркаваныя пазыцыі байкоту і асабовай альтэрнатывы, падрыхтаваныя праекты адпаведных пастановаў на Сойм. Некаторыя ўдакладненьні пра гэта зробленыя мной у “пост скрыптуме” ў канцы гэтага ліста.
13 траўня 2012 г.
Зянон ПАЗЬНЯК