АБ ЗМАГАНЬНІ ЗА ВОЛЬНУЮ БЕЛАРУСЬ

Пастанова Сойму КХП — БНФ

Сойм КХП — БНФ прааналізаваў палітычнае становішча ў краіне і адзначае наступнае: Палітычна гнілая сытуацыя і ў істоце сваёй антыбеларуская тэндэнцыя, што вызначылася ў дзеяньнях псэўдаапазыцыі пасьля ейнага правакацыйнага ўдзелу ў так званых “прэзыдэнцкіх” выбарах 2010 года (што паспрыяла незаконнаму захаваньню ўлады Лукашэнкам) ставіць перад Партыяй, Фронтам і ўсёй беларускай грамадзкасьцю неабходнасьць канкрэтна пацьвердзіць нацыянальную палітычную пазыцыю ў змаганьні з антынацыянальным рэжымам.

Этнацыд, разбурэньне беларускай культуры, русіфікацыя, фшызацыя сістэмы, фізічнае і духоўнае вынішчэньне беларускай нацыі ёсьць сэнсам, зьместам і звышзадачай акупацыйнай палітыкі антыбеларускага рэжыму. Праблемы эканомікі, экалогіі, сацыяльная дэградацыя грамадзтва, грубае парушэньне правоў асобы ёсьць вытворнай, другаснай зьявай, вынікам антыбеларускай палітыкі, якая зьяўляецца злачынствам супраць нацыі.

У гэтых абставінах Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ сьведчыць аб неабходнасьці асэнсаванага змаганьня з антынацыянальнай, антынароднай сістэмай, выставіўшы канкрэтную асабовую альтэрнатыву. Барацьба мае на мэце ліквідацыю ўзурпацыі ўлады, стварэньне вольнай Беларусі і вольныя выбары без Лукашэнкі. Перамены павінны адбыцца.

Сойм прапануе Старшыні КХП — БНФ Зянону Пазьняку рыхтавацца выставіць сваю кандыдатуру ў прэзыдэнты на вольных выбарах у Беларусі адразу пасьля ліквідацыі рэжыму і рэкамендуе прыступіць да фармаваньня Групы падтрымкі і іншых структураў, неабходных у будучай выбарчай дзейнасьці

Сойм КХП — БНФ

13 траўня 2012 г.