ПРА БАЙКОТ ФАЛЬШЫВЫХ ВЫБАРАЎ
Пастанова Сойму КХП — БНФ
Сойм КХП — БНФ адзначае, што з канца 2010 года рэзка ўзрасьлі рэпрэсіі і бяспраўныя затрыманьні людзей. Як і раней, поўнасьцю адсутнічаюць канстытуцыйныя (законныя) магчымасьці зьмены ўлады і ўплыву людзей на выбары. Выбаршчыкі пазбаўленыя кантролю над выбарамі і галасаваньнем. У такім стане любыя выбары становяцца інструмэнтам захопу ўлады прыўладнай групай узурпатара. Выбарчы працэс, галасаваньне і прысутнасьць выбаршчыкаў на выбарах выкарыстоўваюцца для фальсіфікацыі і фармальнага абгрунтаваньня нелегітымнай улады. Зьмест галасаваньня ня мае значэньня, лічбы галасаваньня ўстанаўліваюцца рэжымнай адміністрацыяй на карысьць рэжыму.
У гэтых умовах (якія існуюць ужо доўгі час), калі грамадзтва адхіленае ад кантролю над выбарамі, над галасаваньнем і над падлікам галасоў, удзел беларусаў у акупацыйных выбарах немэтазгодны і шкодны, бо зьяўляецца, фактычна, падтрымкай антынароднай палітыкі антыбеларускага рэжыму, забясьпечвае яму фармальныя і лёгкія магчымасьці для фальсіфікацыі вынікаў галасаваньня.
Мэтадам пратэсту і змаганьня зь беззаконьнем і фальсіфікацыяй і сродкам кансалідацыі беларусаў павінен стаць агульны байкот фальшывых выбараў, татальны байкот палітыкі і дзеяньняў рэжыму. Нельга хадзіць на фальшывае галасаваньне ў рэжымную “палату”, прызначанае на верасень гэтага года. Ніхто — на фальшывыя выбары! Партыя і Фронт працягваюць палітыку байкоту і заклікаць да антырэжымнай беларускай салідарнасьці грамадзтва.
Сойм КХП — БНФ
13 траўня 2012 г.