ТРЫ ЧАРНОБЫЛІ
Сёньня ў нас 26-я гадавіна Чарнобыльскай катастрофы, якая ператварылася ў пэрманэнтную катастрофу нацыі, у мэтад генацыду і вынішчэньня, якім карыстаюцца ворагі Беларусі.
Мы маем тры чарнобылі.
Першы — гэта той, які пачаўся 26 красавіка 1986 года, які атруціў наш народ і зямлю, забраў тысячы жыцьцяў і забірае штогод.
Другі — гэта будучы магчымы Чарнобыль, які рыхтуюць нам ворагі чалавецтва пад Астраўцом ля старажытнай нашай сталіцы Вільні. Наступствы другога чарнобылю адчуваюцца ўжо цяпер у сацыяльна-палітычнай сфэры і будуць павялічвацца кожны год, калі толькі не спыніць гэтую заплянаваную сьмерць. Тут робіцца ўсё супраць лёгікі, навукі і эканомікі, таму што задачы стаяць неадэкватныя, ня згодныя са здаровым сэнсам і патрэбамі людзей, але адпаведныя антыбеларускай палітыцы чужой дзяржавы.
Па сутнасьці шляхам фінансава-палітычных маніпуляцыяў Расея хоча пабудаваць у сэрцы Беларусі сваю атамную станцыю коштам Беларусі і выкарыстаць яе як стратэгічны аб'ект сваёй акупацыйнай і ваеннай палітыкі.
І нарэшце — трэці чарнобыль, самы сташны і самы разбуральны, які забясьпечвае першаму і другому чарнобылям нішчэньне нашага народа. Гэта ёсьць палітычны чарнобыль — лукашызм, цемра, якая тэрарызуе грамадзтва і разбурае краіну. Беларусам трэба змагацца супраць усіх трох чарнобыляў. Але без ліквідацыі трэцяга чарнобыля цемры не магчыма ўратаваць Беларусь ад атамнай сьмерці.
Будзьма ж здольныя на змаганьне з Чарнобылем дзеля жыцьця і будучыні нашай нацыі.
Жыве Беларусь!
Слава героям!
Народу слава!
Зянон Пазьняк
26.04.2012