МЭМАРЫЯЛЬНЫЯ МЕРАПРЫЕМСТВЫ Ў ДЗЕНЬ ПАМЯЦІ АХВЯРАЎ ЧАРНОБЫЛЮ

У сувязі з тым, што рэжым забараніў мэмарыяльныя мерапрыемствы ў Кіеўскім скверы ў Менску, 26 красавіка людзі пайшлі на заклік Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ у Курапаты. А 18.00 яны ўзьнялі нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, усклалі да курапацкіх крыжоў кветкі, запалілі сьвечкі.

Грамада заслухала зварот Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ сп. Зянона Пазьняка — “Тры Чарнобылі” (апублікаваны). Потым выступіў сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі. Ён казаў пра злачынную палітыку антыбеларускага рэжыму, які працягвае свой антычалавечы экспэрымэнт над нашым народам.

Мінулы год прайшоў пад знакам атамнага шаленства, якое ахапіла лукашыстаў. Яны абвясьцілі, што адной АЭС ім мала, трэба будаваць дзьве АЭС на нашай шматпакутнай зямлі. Усё больш людзей разумеюць, што гэтыя пачварныя атамныя праекты народжаны ў шызафрэнічнай сьвядомасьці ненавісьнікаў Беларусі. Ім трэба супраціўляцца. Калі ня будзе народнага супраціву, яны ператвораць нашу краіну ў суцэльны палігон для рэалізацыі сваіх вар'яцкіх планаў. Сёньня мы ўспамінаем ўсіх, хто загінуў і гіне пад крымінальнай уладай чужынскіх наймітаў. Памяць дыктуе нам неабходнасьць быць чуйнымі і салідарнымі.

Нельга верыць дэмагагогіі фальшывых і падстаўных. Нельга быць з тымі, кім кіруе антыбеларускі рэжым. Таму ў гэты дзень мы мусім зноў нагадаць грамадзтву — адвярніцеся ад рэжыму і ягонай псэўдаапазыцыі, не хадзіце на іхныя псэўдавыбары, ня верце іхным абяцанкам. Разам, усе беларусы будзем ратаваць і адраджаць нашу Бацькаўшчыну.

Людзі сьпявалі гімн “Магутны Божа”.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

26 красавіка 2012 г.