РЭЖЫМ АДПІСВАЕЦЦА

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ зьвярнулася была ў Менскі гарвыканкам па дазвол на правядзеньне 26 красавіка мэмарыяльных мерапрыемстваў у Менску з нагоды 26-й гадавіны Чарнобыльскай трагедыі. Партыя зрабіла заяўку на Кіеўскі сквер. Мінулыя разы гарадзкая адміністрацыя дазволу на мерапрыемствы не давала і прыдумвала “абгрунтаваньні” для свайго рашэньня. Менгарвыканкам пісаў арганізатарам-заяўнікам, што “у Кіеўскім скверы робіцца рамонт фантану”. Гэта было летась, і арганізатары падумалі, што фантан ужо адрамантавалі. Можа яно і так, але гэтым разам гарадзкія ўлады вынайшлі новыя фармулёўкі адмовы: “пададзеная заява не адпавядае патрабаваньням частцы Закона” і “меры па забесьпячэньню грамадзкага парадку і бясьпекі не зьяўляюцца дастатковымі”... Мерапрыемства, такім чынам, афіцыйна не дазволена.

Бюракратычныя фармулёўкі менскіх структураў рэжыму зьяўляюцца ўзорам чыноўніцкай адпіскі: нібыта, і не нагрубілі, і сябе “не падставілі”. Усё так цьмяна і расплывіста, як у вопытных кручкатвораў. А сутнасьць у тым, што лукашыстоўскія чыноўнікі баяцца адказнасьці за свае словы і за свае дзеяньні. Яны баяцца таксама беларускіх людзей, якія зьбіраюцца разам і абмяркоўваюць свае праблемы.

Боязь рэжымных чыноўнікаў зразумелая. Набліжаецца дзень, калі беларускі народ запатрабуе ад іх справаздачы аб іхных антынародных і антыдэмакратычных дзеяньнях. І тады ім ня ўдасца прыкрыцца сваімі адпіскамі, як фігавымі лісткамі.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

25 красавіка 2012 г.