ІХ НІШТО НЯ ВЫРАТУЕ. (ДА ПЫТАНЬНЯ АБ НАШАЙ ПАЛІТЫЦЫ)

(Ліст на красавіцкі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)

Паважаныя сябры Сойму,

Вітаю Вас у Бацькаўшчыне, зычу здароўя, моцнасьці і адвагі ў гэты нялёгкі час, які мы мусім перарабіць на карысьць Беларусі.

Сытуацыя моцна пагоршылася, і, калі яе радыкальна не пераламаць, — пэрспэктыва толькі адна: крах Беларусі. Што рабіць, здаецца, ужо ўсім зразумела (тым, хто задумваецца, што рабіць). Але вопыт 90-х гадоў паказвае, што без падрыхтоўкі нацыянальнага грунту мэта перамены ня будзе дасягнута. Тым больш, што цяпер, фактычна, разбураны нават адраджэнскі нацыянальны авангард. Аналягічная сытуацыя (калі ня горшая) у эміграцыі за мяжой — зьлепак дэфармаванага, дэзарыентаванага грамадзтва. Стан, які перажывае цяпер Беларусь пасьля сямнаццаці гадоў антыбеларускага рэжыму і акцэптацыі (прыняцьця) цемры, ёсьць стан гуманітарнай катастрофы, якая перарастае ў катастрофу нацыянальную.

Пасьля здабыцьця незалежнасьці ў 1991 годзе, стварэньня незалежнай дзяржавы і пасьля кароткага пэрыяду адноснай нацыянальнай свабоды пачалася палітыка нішчэньня, кшталт якой быў дагэтуль яшчэ невядомы беларускаму грамадзтву. Гэта ёсьць палітыка ўнутранай акупацыі краіны ў інтарэсах Расеі (і пры дапамозе Расеі).

Гэтая палітыка просталінейная, агрэсіўная і, практычна, адкрытая ад самага пачатку, але дэнацыяналізаванае грамадзтва, прывыклае да савецкага гвалту, да сёньняшняга дня ня можа тое асэнсаваць, хаця рэжым наўпрост сьведчыць, што ня лічыць беларусаў за людзей, не прызнае іх правоў і выдае адміністрацыйныя цыркуляры аб недапушчэньні распаўсюджваньня беларускай мовы.

У 2010 годзе Масква рэзка актывізавала палітыку зацягваньня пятлі на шыі свайго сатрапа Лукашэнкі і пры дапамозе псэўдаапазыцыі ў Менску здабыла аглушальны посьпех. Сатрап здаўся па ўсіх пазыцыях на карысьць Масквы, а псэўдаапазыцыю (пасьля выкананьня гнюснай працы па забесьпячэньні выбараў Лукашэнкі) пасадзілі ў турму, каб ня блыталіся пад нагамі і не перашкаджалі мець справу толькі з залежным Лукашэнкам.

Палітыка эканамічных санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі, якую асьцярожна пачаў выкарыстоўваць Захад, адпаведна кладзецца на стратэгічныя мэты Масквы. Расея ня можа не выкарыстоўваць сваю дыпляматыю і агентуру ў гэтым накірунку ў Эўропе.

Лукашэнка сваім халуйскім розумам вырашыў па-свойму скарыстаць становішча і стаў абвастраць дачыненьні з Эўропай, правакаваць яе на новую рыторыку аб санкцыях. Рыторыка (і пэўныя захады) сапраўды пачаліся, і сатрап паляцеў у Маскву прасіць крэдытаў, маўляў, дапамажыце, Захад душыць, а беларусы ўсе гатовыя легчы пад танкі НАТО ў абароне Масквы.

З халуйскай хітрасьці, зразумела, нічога ня вышла. Даваць крэдыты проста так — не ў інтэрасе гэтай расейскай палітыкі. Трэба каб Захад яшчэ мацней прыціснуў сатрапа, тады можа што і вырабіцца, але не за так, вядома, а за Салігорск, напрыклад, за “Белавію”, за МАЗ, за малочную прамысловасьць, ды ці мала за што. (Цяпер узурпатар робіць чарговы манэўр — дае нібыта задні ход перад Эўропай.)

Нікчэмнасьць заходнеэўрапейскай палітыкі ў тым, што яна не падтрымлівала і не падтрымлівае беларускі нацыянальна-вызвольны-дэмакратычны рух, гэта значыць, дзяржаватворную і дэмакратычную нацыянальную сілу, якая ў 1991 годзе насуперак Захаду (і без падтрымкі Захаду) дамаглася незалежнасьці Беларусі і заклала асновы рэальнай беларускай Дзяржавы.

Нікчэмнасьць эўрапалітыкі ў яе неадэкватнасьці. Яна дапамагла Маскве раскалоць Беларускі Народны Фронт — рэальную тады палітычную альтэрнатыву антыбеларускаму рэжыму. Яна стварыла ў Беларусі сваю (такую ж нікчэмную) псэўдаапазыцыю, пагрунтаваную на лібэральнай рыторыцы (гэта ў той час, калі гнобяць нашу мову і нацыю). Яна прымушае сваіх “псэўда” хадзіць на выбары дыктатуры і патрабаваць ад дыктатуры забесьпячэньня лібэральных каштоўнасьцяў (дэмакратыі, свабоды друку, адмены сьмяротнага пакараньня забойцам, свабоды абортаў, свабоды пэдэрастаў, вольнага рынку, “грамадзтва адчыненых дзьвярэй” і г.д.). Эўразьвяз абураны, што дыктатар (і маскоўскі сатрап) у Беларусі гэтага не забясьпечвае. Санкцыямі дыктатару пагражаюць за рэпрэсіі і нелюбоў да дэмакратыі.

Мне здаецца, я чую рогат з Масквы. Там рагочуць з Эўропы і паціраюць рукі. Ад самага пачатку рэжыму (з 1994 года) Масква планамерна, рацыянальна і пасьлядоўна змагаецца за захоп Беларусі. Крэмль асабліва не праймаецца, якая будзе сістэма і каштоўнасьці ў Беларусі (абы не нацыянальныя). Не цікавяць расейцаў ні свабода друку ў Беларусі, ні правы чалавека, ні пэдэрасты, ні камуністы. Галоўнае, каб беларуская ўлада была пад лапай Масквы, каб не было беларускай мовы і школы, каб кантраляваць беларускае войска і эканоміку, скупіць прадпрыемствы, прамысловасьць, транспарт, жылфонд і ўрэшце (па факту залежнасьці) зжэрці Беларусь разам з мухамі і катлетамі, як сказаў быў адзін палітычны цынік. Масква тут нават не хаваецца, увесь час вострыць шаблю, каб сьцяць галаву Беларусі. Эўропа ў гэты час робіць выгляд, што праймаецца беларускай фрызурай, жаліцца па валасах і пераконвае беларусаў, што “фрызура” — галоўнае.

Заканчваючы пра гэтую калізію, адзначу, што палітыка Эўразьвязу правальная па самой сваёй сутнасьці (як кажуць, па дэфолту). Што б яны ў рэчышчы сваіх “каштоўнасьцяў” тут ні рабілі, адмаўляючы нацыянальную беларускую барацьбу і нацыянальныя каштоўнасьці, — усё будзе на карысьць захопніцкай палітыкі Расеі.

Расея, перасьледуючы канкрэтную мэту — падпарадкаваньне і захоп Беларусі, — уклала ў сваю падступную палітыку пэўныя грошы. Гэтыя грошы і рэсурсы плюс адпаведная паліыка стварэньня дысбалансу ў беларускай эканоміцы і гандлю далі эфэкт. Рэжым Лукашэнкі, узрошчаны і куплены Масквой, апынуўся ў поўнай залежнасьці ад волі Масквы.

Калі б дапусьціць (нерэальныя ў сапраўднасьці, але фармальна-лагічныя ў дапушчэньні) меркаваньні аб контрдзеяньні Захаду гэтай расейскай расьцягнутай у часе акупацыі Беларусі, то клін выбіваецца клінам. Тэарэтычна (і фантастычна) Захад мог бы перакупіць рэжым Лукашэнкі. Такія спробы ў стылі рэаль-палітык мы ўжо чулі (на ўзроўні абяцанак мільярдаў). Сэнс такой “рэаль-палітыкі” — зрабіць рэжым залежным ад Захаду і дыктаваць свае ўмовы так, як гэта робіць Масква. На такое Захаду спатрэбіліся б дзясяткі мільярдаў даляраў. Але нават калі б тут былі сотні мільярдаў, з гэтага ў прынцыпе нічога не атрымалася б, бо ў Эўропы няма рэсурсаў (нафты і газу). Яна ня можа стварыць энэргетычны мэханізм залежнасьці, як Расея, ды й сама ў значнай ступені залежная ад энэргарэсурсаў Расеі. Роля Заходняй Эўропы ў дачыненьні да Беларусі была і будзе аднолькавай — пасобніка расейскай палітыкі.

Каб пераламаць гэты фатальны стан, неабходна было стварыць у Беларусі (дакладней, аднавіць) геапалітычны цэнтар сілы. На такое разьвіцьцё сытуацыі была накіравана фронтаўская ідэя Балта-Чарнаморскай садружнасьці (якую падтрымалі, дарэчы, патрыятычныя польскія колы) і эканамічная ідэя БНФ аб Балта-Чарнаморскім энэргетычным калектары, якая хоць і са скрыпам пачала ўжо ажыцьцяўляцца ў 1992-1993 гг.

Тут Расея (якая зрэагавала адмоўна) знайшла разуменьне на Захадзе вельмі хутка. У час прэзыдэнцкіх выбараў 1994 года Эўропа ня вызначыла сваю пазыцыю, але, фактычна, маўкліва падтрымлівала кагэбоўскі і прамаскоўскі тандэм Кебіча-Лукашэнкі.

Нямеччына засьвяцілася больш рэальна. Там нелегальна друкаваліся выбарчыя агітацыйныя матэр'ялы Лукашэнкі. Аднойчы мытна-памежныя службы Беларусі (відаць, па няўзгодненасьці) нават затрымалі на мяжы нямецкую машыну з агітацыйнай прадукцыяй Лукашэнкі на суму 19 тысяч дойчмарак. Зьвесткі пра гэта трапілі ў беларускі друк. Няма нічога дзіўнага, што ў 1996 годзе лапаць-Лукашэнка пахваліў Гітлера (ён, відаць, хацеў, як найлепш), а ў 1997 годзе пад выглядам кіраўніка місіі АБСЭ ў Менск прыбывае рэзыдэнт нямецкай выведкі Ганс Вік, наладжвае супрацоўніцтва з КГБ, ініцыюе так званы “перамоўны працэс” “апазыцыйных сілаў” з рэжымам і пачынае працу па развалу Беларускага Народнага Фронту ды стварэньні псэўдаапазыцыі (залежнай ад Эўразьвязу). На ўсё гэта Эўразьвяз патраціў 1 мільён 700 тысячаў даляраў. (Зусім капейкі ў параўнаньні з тратамі Масквы на Лукашэнку).

У той жа час адбываецца негалосны падзел сфэраў уплыву паміж Расеяй і Эўразьвязам. Беларусь і Украіну Эўропа прызнала тэрыторыямі палітэкспэрымэнтаў Расеі, а Польшчу і Прыбалтыку пры вялікім супраціве Масквы (асабліва за Прыбалтыку) прыняла ў Эўразьвяз. (Вік заявіў нават у гэты час, што бачыць сэнс сваёй дзейнасьці ў спрыяньні далучэньню Беларусі да “дэмакратычнай” Расеі). На гэтым ідэя Балта-Чарнаморскай супольнасьці перастала быць актуальнай. Расея і Эўразьвяз стварылі геапалітычны парадак такі, які хацелі. Гэты “парадак”, аднак, нядоўгі і нестабільны і да БЧС мы яшчэ вернемся, улічыўшы вопыт.

Беларускім палітыкам, якія, спадзяюся, зьявяцца неўзабаве, трэба будзе абавязкова памятаць пра гэтыя дачыненьні паміж Усходам і Захадам і ведаць задачы Беларусі, каб не зваліцца ў ілюзіі, не марнаваць час і ня ліць ваду на чужы млын. Улічваць гэта трэба і цяпер. У дачыненьнях Беларусі з Расеяй і Захадам магчымая толькі палітыка манэўру і суіснаваньня, але ня выбару. Яна можа стацца станоўчай толькі тады, калі Беларусь моцна заявіць пра сябе, пра сваё нацыянальнае адзінства, культуру і інтарэсы.

Палітыка антыбеларускага рэжыму робіцца з дакладнасьцю да наадварот. Цяпер яна ўступіла ў вельмі небясьпечную паталагічную фазу тупіка і залежнасьці ад Масквы, фіналам якой можа быць здача беларускай дзяржавы, бо ў гэтым ёсьць сэнс маскоўскай палітыкі. Нічога не валіцца, ня нішчыцца і не развальваецца ў Беларусі проста так ад крызісу ці ад карупцыі. Усё валіцца ў Маскву, усё гробіць і хавае пад сабой сувэрэнітэт і незалежнасьць краіны.

Узурпатар ня ў стане перамяніць становішча ці адмовіцца ад улады. Ён стаў рабом, закладнікам сваіх злачынстваў. Дзеля захаваньня ўлады ён па частках здасьць (і ўжо здае) усё, усю краіну. Гэта ўжо яго ірацыянальная рэакцыя. У выніку грамадзтва будзе назіраць (і ўжо назірае) сваю дзяржаўную сьмерць.

Магчымасьці законнай зьмены ўлады канстытуцыйным шляхам ліквідаваныя рэжымам, яны адсутнічаюць. Рэвалюцыйныя абставіны і нацыянальная кансалідацыя грамадзтва таксама не ўзьнікаюць (і ня ўзьнікнуць на пустым месцы, бо мусіць быць нацыянальная ідэя). Сытуацыя нагадвае бязвольны нацыянальны суіцыд. Актыўныя групы грамадзтва, якія адстойваюць інтарэсы нацыі і гатовыя змагацца за нацыянальнае існаваньне, звузіліся да мінімуму і загнаныя ў падпольле. Ствараецца становішча адчаю, у якім аб'ектыўна (!) як паратунак нацыі паўстае пытаньне аб ліквідацыі захопніка, што ўзурпаваў уладу, разбурае і здае краіну. (Нечым падобнае становішча існавала ў Расеі ў часы распуціншчыны). Бясьсільле спараджае насільле. У Беларусі “варыянт адчаю” ня ёсьць выхадам (як ня быў выхадам амаль нідзе). Прычына — адсутнасьць пазнавальнай нацыянальнай альтэрнатывы. У такім выпадку “варыянт адчаю” (ліквідацыя дыктатара) не паляпшае становішча, а толькі кампрамэтуе “рэваюцыянераў”.

Тым ня менш, такі сюжэт больш верагодны, чым дзяржаўны пераварот, пра які часам гаворыцца. Рэжым перайшоў усе межы, спаліў усе масты, парушыў усе ўмоўнасьці, растаптаў усё, што магчыма было растаптаць, усё — да чаго дакранаўся.

Нішто не павінна засьпець беларускія змагарныя сілы ў расплох, ніякія павароты падзей. Мусіць быць нацыянальная асьвета, мусіць стварацца нацыянальная сіла, рыхтавацца нацыянальная альтэрнатыва.

Улічваючы нашыя задачы ў гэтых умовах, мяркую, што нам неабходна будзе ідэёва аднавіць нашу ініцыятыву “Беларуская Салідарнасьць” і надаць ёй новыя кшталты. Мяркую, што “Беларуская Салідарнасьць” мусіць стаць кансалідуючай праграмай беларускага змаганьня ў гэты час. На мой погляд, кансалідацыі паспрыяе і гераічная галадоўка Сяргея Каваленкі за гонар Беларускага Нацыянальнага Сьцяга. Лукашысты зразумелі, што Каваленка гатовы на сьмерць. І калі б яны яго ўгробілі, Беларускі Сьцяг рэальна стаўся б сьвятым. Так забойцы стрымалі сябе. Але нішто іх ня выратуе ад адказнасьці. Яшчэ паглядзім, ці вернецца здароўе Каваленку, якое яны ў яго адабралі, і як яны выпусьцяць Каваленку з турмы. Герой Каваленка ўзьняў Беларускі нацыянальны сьцяг над усёй нацыяй.

Дарэчы, якраз сёньня ўзурпатар пачаў выпускаць з турмы апазыцыйных палітправакатараў, што забясьпечвалі яму мінулыя выбары (і потым напісалі прашэньні аб памілаваньні). І што мы ўбачылі? Клан гэтай публікі спатыкаў іх з сінімі сьцягамі чужой дзяржавы. Вось табе і на! Для гэтай травы пакуты героя Каваленкі, гатоўнасьць яго ісьці на сьмерць за Бел-Чырвона-Белы Сьцяг — пусты гук. Яны занятыя сабой, чарговымі грантамі-еўрамі, якіх за сінюю анучу, маўляў, зноў насыпле ім лібэральны Бруссэль.

Генэральнай лініяй нашай палітыкі ў гэтых умовах застаецца нацыянальная палітасьвета і інфармацыя, падрыхтоўка вялікіх перамен. Сярод нашых прыярытэтных задач у паліытчным змаганьні — перш за ўсё падрыхтоўка байкоту выбараў, недапушчэньне пабудовы АЭС у Астраўцы, недапушчэньне засяленьня кітайцаў у Беларусь і пытаньне аб незаконным продажы Белтрансгазу расейцам.

Віншую ўсіх праваслаўных сяброў Сойму з Вялікаднем. Хрыстос уваскрос!

Зянон Пазьняк

Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

14 красавіка 2012 г.