ПСЭЎДА-ЛІБЭРАЛІЗМ: САМАГУБСТВА АМЭРЫКІ?

Апошнім часам у грамадзкай думцы Злучаных Штатаў сталі ўсё больш відавочнымі дзіўныя зьявы. Звышдзяржава, што дасягнула найвышэйшага ўзроўню жыцьця, перамагла ўсіх сваіх зьнешніх ворагаў, стала калыскаю процьмы вынаходніцтваў і навуковых дасягненьняў, што паслала чалавека на Месяц і вырабіла лекі ад тысячаў хваробаў — сама зрабілася ахвяраю дзіўнай нутраной хваробы.

Знутры Амэрыкі адбываецца размываньне ідэёвай структуры амэрыканскага грамадзтва. Неаспрэчныя дасягненьні або перакручваюцца і замоўчваюцца, або прыніжаюцца й высьмейваюцца. У яе грамадзянаў, асабліва вучнёўскай і студэнцкай моладзі, культывуецца комплекс віны. Уплыў і аўтарытэт Злучаных Штатаў, іх палітычнай сыстэмы і ладу жыцьця падмяняюцца крытыкай “амэрыканскага імпэрыялізму” і “зьвярынага ашчэру капіталізму”. Гэтыя несправядлівыя і нягеглыя вызначэньні нібы сыйшлі са старонак камуністычнага друку і з савецкіх прапагандовых кніжак пра “іх норавы”. Для чалавека, хто пакаштаваў “рэальнага сацыялізму” і пажыў у “раі для працоўных”, тая крытыка Амэрыкі была б кшталту дрэннага жарту або проста вар'яцтвам, калі б гэтае вар'яцтва не рабілася ўсё больш распаўсюджаным і ўсё больш агрэсіўным.

Сёнешняя самазьнішчальная хваравітая крытыка бярэ свой пачатак у ідэях сацыяльнай справядлівасьці, якімі захапляліся такія агульнапрызнаныя іконы Амэрыкі, як Томас Пэйн, Абрагам Лінкальн і Ўолт Ўітмэн, і якія былі перакручаныя й перайначаныя. Праз неаспрэчаную культурніцкую экспансію сацыялістычных ідэяў, праз астаесамленьне кансэрватыўных ідэяў зь бесчалавечнай эсплюатацыяй і прыгнётам, гуманітарныя навукі Амэрыкі паступова апынуліся пад інтэлектуальным ярмом пэўнага кола ідэяў, што замест стымуляваньня і разьвіцьця свабоды думкі паступова ператварылася ў нешта іншае. Левая скіраванасьць думаньня зрабілася фэцкай, моднай, адзіна вартай увагі. Насамрэч, сёнешнія так званыя лібэралы наўрад ці могуць так называцца. Ад старой, па Вальтэру, лібэральнай формулы: “Мне брыдкія Вашыя пагляды, але я памру за Вашае права іх выказваць” — не засталася нічога. Сёнешнія псэўда-лібэралы (такая назва да іх больш пасуе) хутчэй вызнаюць нешта накшталт: “Хай памруць усе, чые пагляды нам брыдкія”. У навучальных установах, пачынаючы зь першых клясаў школы і ажно па асьпірантуру і дактарантуры, стала стварацца атмасфэра пагарды да дасюлешняй амэрыканскай гісторыі. Яна пачала трактавацца як чарада актаў генацыду, тэрытарыяльных захопаў і субвэрсіяў супраць іншых краінаў і народаў. Нешматлікімі сьветлымі плямамі гэтай гісторыі сталі падзеі, дзе героі — прадстаўнікі неэўрапейскіх “этнічных меншыняў”, напрыклад, Гарлемскі полк у Першую сусьветную вайну або лётчыкі Таскагі-адзінкі ў Другую сусьветную, удзельнікі руху за грамадзянскія правы, пратэстоўцы супраць Віетнамскай вайны, а таксама змагары за правы меншыняў сэксуальных.

Адначасна з прыніжэньнем і замоўчваньнем дасягненьняў амэрыканцаў, што каранямі паходзяць з Эўропы, сучасныя псэўда-лібэралы ўсяляк апяваюць і абяляюць людабойчыя рухі й рэжымы з так званага трэцяга сьвету. Гэта стала неад'емнаю часткаю тэорыі мультыкультуралізму, якая сьцьвярджае, што ўсе культуры сьвету абсалютова роўныя і роўнавартасныя. Міты анімістаў, законы шарыяту, Вялікая хартыя вольнасьцяў, рэлігійныя практыкі майя і Канстытуцыя ЗША для мультыкультуралістаў роўназначныя. Больш таго — культпрадукцыя нябелых народаў уважаецца лепшаю і чысьцейшаю, бо “ня мае стыгмы прымусу й паняволеньня іншых”. Постмадэрнісцкая тэорыя дадае да хаосу і вар'яцтва мультыкультуральнасьці яшчэ і рэлятывізм у адносінах да гісторыі й гістарычных фактаў. Згодна з гэтым рэлятывізмам, усё ў гісторыі адносна і задлежыць ад інтэрпрэтацыі. Няма абсалютных фактаў, і таму любую зьяву можна патрактаваць як заўгодна. На падставе гэткага інтэлектуальнага махлярства мацнее самаўпэўненая прэтэнзія псэўда-лібэралаў на манаполію “правільных” поглядаў. А таксама нецярпімасьць да іншых паглядаў і апініяў.

Згодна з трызьненьнямі псэўда-лібэралаў, заходняя цывілізацыя ня можа лічыць сябе лепшаю за якую іншую цывілізацыю, прыкладам — ісламскую. Хутчэй наадварот. Паколькі Захад “запляміў” сябе каляніялізмам ды імпэрыялістычнымі войнамі, ён ня можа мець “права голасу” ў супрацьстаяньні з іншымі культурамі. Самае лепшае, што ён можа зрабіць — гэта капітуляваць, саступіць месца іншым культурам ды іх носьбітам. Гэта найбольш выразна сфармулявана ў кнізе “Арыенталізм” колішняга прафэсара Калюмбійскага ўнівэрсытэту палестынца Эдварда Саіда. Праз гэткіх “акадэмікаў” на ўнівэрсытэтах ды праз асноўныя мэдыя каналы вядзецца індактрынацыя ў духу: “чалавек зь цямнейшай скурай заўсёды мае больш рацыі”, свайго кшталту вывернуты расізм. Менавіта дзеля гэтага сёньня ў Амэрыцы зацятыя псэўда-лібэральныя левакі-атэісты блякуюцца з ісламісцкімі цемрашаламі ў атацы на заходнія каштоўнасьці.

Гэта выраўна выявілася ў падзеях восені 2011 году, калі так званы рух “Акупуй Ўол-Стрыт” (АЎС) прымаў лёзунгі й масавыя модлы ісламістаў у сэрцы Мангэтану. Для АЎС, як і для кожнага псэўда-лібэрала, справаю гонару ёсьць апляваць і зьняважыць грамадзтва і эканамічную сыстэму, пладамі якой, у выглядзе айподаў, інтэрнэту ды айфонаў, яны з такім імпэтам і захапленьнем карыстаюцца. Крывадушнасьць самазакаханых лайдакоў з АЎС і падступная крывадушнасьць ісламістаў, што імкнуцца паступова накідаць прыняўшаму іх грамадзтву варожыя для яго і для дэмакратыі наагул сярэднявечныя мадэлі жыцьця — ідуць рука ў руку.

Традыцыйная заходняя ідэя свабоды думкі для псэўда-лібэралаў усяго толькі ілюзія, толькі маска, якая “хавае за сабою ўладу, што зьнявольвае ўсіх, хто ня ёсьць белы заходні мужчына”. Адпаведна, той, хто ёсьць белым заходнім мужчынам, што б ён не казаў у сваю абарону або апраўданьне, ня мае і ня можа мець ніякай рацыі. Ягоныя пагляды, ягоныя вартасьці, ягоныя думкі трэба “выкрываць” або проста ігнараваць. Пры гэтым псэўда-лібэралы крывадушна і бессаромна прызнаюць “сваімі” тэарэтыкаў мультыкультуралізму і постмадэрнізму “белых заходніх мужчынаў” Фуко, Дэрыду, Лякана і г. д. І таму на практыцы мультыкультуралізм выліваецца ў жорсткую аўтарытарную дактрыну, якая стварае рэальныя абмежаваньні й перашкоды для свабоды думак і выказваньняў. Парадаксальна, што гэта адбываецца не ў Туркмэністане і не ў Паўночнай Карэі, а ў краіне — флягмане Вольнага сьвету.

Амэрыка, найзаможнейшая і наймагутнейшая краіна сьвету, праходзіць празь нялёгкі пэрыяд. Яе прэзыдэнт публічна выбачаўся перад антыдэмакратычнымі арабскімі рэжымамі за моц і заможнасьць Амэрыкі. Ён рэзка зьменшыў падтрымку разьвіцьця дэмакратыі ў сьвеце. Слова “Беларусь”, бадай, ані разу за тры з гакам гады не зьляцела з прэзыдэнцкіх вуснаў. Выглядае, што цяперашняя амэрыканская ўладная эліта стыдаецца і брыдзіцца моцы й уплыву сваёй краіны на міжнароднай арэне. Заняпад уплыву Злучаных Штатаў выразна кантрастуе з уздымам актыўнасьці ісламісцкіх сілаў, яднаньне іх зь леварадыкальнымі рэжымамі ў Лацінскай Амэрыцы, а таксама з Расеяй і рэжымам Лукашэнкі ў Беларусі. Нахабныя дзеяньні ісламістаў Ірану ў Пэрсыдзкай затоцы і ў іншых месцах, іранскія атамныя амбіцыі, падступныя махлярствы Пакістану, спансараваньне Расеяю ворагаў Амэрыкі не атрымліваюць адэкватнага адказу збоку ўраду і галоўнае — дэфармаванай псэўда-лібэралізмам грамадзкай думкі Амэрыкі. Некампэтэнтнасьць і правалы сёнешняй адміністрацыі ў зьнешняй палітыцы могуць зраўняцца хіба толькі зь яе некампэтэнтнасью і праваламі ў палітыцы эканамічнай. Амэрыканскае грамадзтва фрагмэнтаванае і падзеленае на варагуючыя фракцыі, зносіны са сьветам уяўляюць сабою складзеныя абыяк і супярэчлівыя праекты. Аднак моц і жыцьцёва сіла Амэрыкі, якая ня раз падпадала іспытам і выпрабаваньням, заўсёды перамагала. Як перамагала яе вера ў вольнае і непрымаючае кайданоў фізычных ды інтэлектуальных грамадзтва, разьвіцьцё асобы ды імкненьне да самарэалізацыі яе ў славутай “амэрыканскай мары”.

Віталь ЗАЙКА

(Крыніца: “Весткі і паведамленьні”, (Новы Ёрк), — 2012, Nr. 2 (552), с. 3,7.)

ПОСТ СКРЫПТУМ

У дадатак да артыкула спадара Зайкі зьмяшчаем некалькі фатаграфіяў сучаснага амэрыканскага люмпэну, дасланых нам беларусам Уладам Каралём. Амэрыканскі люмпэн — ужо вельмі пашыраная зьява. Гэта не настолькі звычаёвая база, колькі вынік псэўдалібэралізму, дэградацыя прыстойнасьці. Ад клясычнага рымскага люмпэну, лёзунг якога быў: “Хлеба й відовішчаў”, ён мала розьніцца, хіба што мяшчанскай кансумпцыяй існаваньня. Ягоны лёзунг найболш прыблізна мог бы гучэць так: “Грошай і сэксу”.

Адам Мікша