ВІНШАВАНЬНЕ

25 САКАВІКА 2012 Г.
НОВЫ ЁРК

Паважаныя спадарыні і спадары, паважаныя землякі, дарагія фронтаўцы, сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ, дасылаю Вам мае найлепшыя зычэньні з нагоды 94-й гадавіны аб'яўленьня Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі!

25-ы Сакавік навечна ўвайшоў ў гісторыю Беларусі як пачатак нашай волі, дзяржаўнасьці і барацьбы за свабоду. Нацыя здабыла Сьцяг змаганьня, убачыла пэрспэктыву і сэнс нацыянальнага існаваньня.

І хоць цёмныя сілы з Усходу акупавалі тады нашу краіну, але ідэя і Сьцяг ідэі засталіся жыць і натхнялі на барацьбу за волю новыя пакаленьні беларусаў.

У 80-х гадах гэты Сьцяг і ідэалы БНР падхапіў Беларускі Народны Фронт і праз тры гады змаганьня з канаючай імпэрыяй зла прывёў Беларусь да Незалежнасьці і стварэньня незалежнай дзяржавы.

І цяпер, у цяжкі для Беларусі час, калі цёмны антыбеларускі рэжым нішчыць Айчыну і мову, калі ў рэжымнай турме памірае за сьвяты Беларускі Сьцяг патрыёт Каваленка, і цяпер — сьветлыя ідэалы Сакавіка асьвятляюць нам шлях барацьбы з акупацыйным рэжымам за волю і годнасьць Беларусі.

Толькі з ідэаламі БНР — ідэаламі Адраджэньня і Народнага Фронту ды пад Сьцягам Пагоні ёсьць магчымая і будзе рэалізаваная беларуская наша перамога. Усё, што супраць і наўзбоч — згіне, зьнікне, разьвеецца, як туман.

Са Сьвятам нас усіх!

Слава Беларусі!

Героям слава!

Зянон Пазьняк