ВАЙНА З НАЦЫЯЙ І ВАЙНА З ВАР'ЯТАМ

(Выступ на сакавіцкім Сойме Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)

Паважаныя сябры Сойму, вітаю Вас у Бацькаўшчыне! Зычу перамогі над цёмнымі сіламі! Віншую з надыходзячым сьвятам Днём Волі 25 Сакавіка! Хай веецца на ветры наш сьвяты Беларускі Сьцяг! Жыве Беларусь!

Галоўнае пытаньне цяпер — выратаваньне жыцьця Сяргея Каваленкі. Сытуацыя мне бачыцца наступным чынам. Сяргей з галадоўкі ня выйдзе. Ён не зрабіў ніякага злачынства і глыбока адчувае сваю праўду. Подласьць рэжымных бандзюг, якія ноччу ўварваліся ў ягоную хату, схапілі яго ні за што і сфабрыкавалі справу, мярзотныя паводзіны суддзі, якая цынічна судзіла яго за нішто, хлусячы і слухаючы хлусоў — усё гэта глыбока ўразіла ягоны гонар і згаджацца з цемрай ён ня будзе. Усе ягоныя патрабаваньні справядлівыя.

Выканаўцы, якія схапілі, хлусілі, фальшыва судзілі і трымаюць яго, — гэта людзі, якія згоршыліся. Чалавечае ім ужо невядомае і недаступнае. Яны гатовыя выканаць любыя вар'яцкія загады вярхоўнай цемры, каб забясьпечыць сваё матэрыяльнае існаваньне. Няма ў іх нічога нацыянальнага, беларускага і чалавечага.

Жыцьцё Сяргея Каваленкі залежыць цяпер ад вярхоўнага злачынцы. Ведаючы хворую натуру ўзурпатара, разумею, што ён перажывае ў гэты момант сваё цёмнае шчасьце, свой крымінальны “кайф”, трымценьне душы ад усьведамленьня ўлады над чалавекамі.

Шансы Каваленкі на жыцьцё тут роўныя нулю. Шанс ёсьць толькі ў вусатага ўзурпатара, калі ён усьведаміць, што забойства Каваленкі можа стацца для яго апошнім у цёмным ягоным жыцьці, і прыме рашэньне аб вызваленьні Сяргея з турмы.

Ёсьць сэнс у шырокай інфармацыі пра становішча і ўчынак Сяргея Каваленкі, пра адносіны цёмнага рэжыму да ягонай асобы і да ягонага жыцьця. Ёсьць сэнс у зваротах да ўсіх рэжымных інстанцыяў, бо гэта стане сьведчаньнем іхняй пазыцыі і прыналежнасьці да падзей. Ёсьць сэнс зьвяртаньня да вядомых асоб, інстытуцый і знаных людзей, бо гэта можа стацца сьведчаньнем салідарнасьці іх зь Беларусяй.

Пачынаючы з 19 сьнежня 2010 года, антыбеларускі акупацыйны рэжым пачаў адкрытую франтальную вайну супраць беларускай нацыі. Зрэшты, яна такой была заўсёды, пачынаючы з 1994 года, толькі пры масавым асьляпленьні народа, для большасьці гэта было не відаць. Эскалацыя вайны, якая пачалася 19 сьнежня 2010 года, зрабіла многіх відушчымі.

Рэжым адкінуў цяпер усялякае дэмагагічнае прыкрыцьцё. Узурпатар выдае адкрытыя цыркуляры аб недапушчэньні распаўсюджаньня беларускай мовы, прымаецца авантурнае рашэньне (дарэчы, цалкам шызафрэнічнае па характары) аб пабудове побач зь Менскам паўтарамільённага кітайскага горада і засяленьні яго кітайцамі). Інтэнсіфікацыя па зьнішчэньні беларускай нацыі набывае новыя вар'яцкія абароты. Нянавісьць да ўсяго нацыянальнага беларускага, якая жыве ў яго цёмнай душы, пастаянна выходзіць наверх. Ён ня можа яе схаваць і пра ўсё, што для беларусаў сьвятое, ён выказваецца грэбліва і па-хамску. Але бяда ў тым, што бальшыня нацыянальна асьлепленага грамадзтва яшчэ таго ня чуе, ня бачыць, ня здольнае разумець.

Без нацыянальнай беларускай асьветы і падрыхтоўкі нармальнага пакаленьня змагацца з антыбеларускім рэжымам ня будзе каму. Задача нацыянальнай асьветы ляжыць на інтэлігенцыі, на ўсіх тых, хто разумее прычыну этнацыду.

Вынікам васемнаццацігадовай акупацыйнай цемры стала гуманітарная катастрофа Беларусі, маштабы якой імкліва пашыраюцца. Дрэнь, шэрасьць, нікчэмнасьць, дурнота і чарнота пры спрыяньні антынароднага рэжыму вылезлі на верх і захапілі ўладу ў краіне дэнацыяналізаваных людзей. Бескультур'е, хамства, усёзапаўняючая хлусьня, плебейства, нізкасьць і грубасьць нораваў, прадажнасьць і антыбеларускасьць сталі татальным абліччам улады зьверху да нізу. Гэта ўсё робіцца нормай паводзінаў у грамадзтве. Усе пытаньні імкнецца вырашаць адзін псіхічна неадэкватны, але пасьлядоўны ў нянавісьці да людзей чалавек.

У гэтых умовах змагацца за дэмакратыю пры лукашызме (як гэта раіць рабіць самазадаволеная Эўропа) тое самае, што змагацца за дэмакратыю і правы чалавека ў гітлерскім Райху (ці яшчэ горш — у Асьвенцыме). Змагацца трэба не за дэмакратыю ў гітлерскім Райху, а супраць Гітлера і гітлерскага фашызму. Трэба зьнішчыць фашызм. Пры антыбеларускім фашызме ня будзе ні Беларусі ні дэмакратыі.

Дыктатуру вар'ята падрыхтаваў акупацыйны рэжым пры падтрымцы Масквы і пры ўдзеле падстаўной апазыцыі, створанай Гансам Вікам і КГБ. (Паваротны этап — 2004 год — незаконны рэфэрэндум аб бестэрміновых паўнамоцтвах Лукашэнкі і агітацыя падстаўной апазыцыі супраць Народнага Байкоту і за ўдзел у антыканстытуцыйным рэфэрэндуме).

Некаторыя з гэтых палітычных правакатараў пасьля выбарчай афёры 19 сьнежня 2010 года незаконна сядзяць у турме ў якасьці абменнага паліттавару (з ўсім наборам турэмных зьдзекаў і прыніжэньняў; закон пры дыктатуры ня мае значэньня). Гэта ёсьць лёс усялякіх згоднікаў, падвойнікаў, грошалюбцаў і авантурыстаў у сістэме гэбоўскіх дачыненьняў. (Гэбісты пасьля выкарыстаньня “пускалі ў расход” нават сваіх вышэйшых афіцэраў, ня кажучы ўжо пра агентаў ды калабарантаў ды іншых палітартыстаў).

Зрэшты, блытаны лёс гэтых асобаў на турме, відаць, ня спыніцца. Шпіён Вік з Лубянкай загаварылі пра “беларускі ўрад у выгнаньні”. На працягу доўгага часу Гэ-Бэ накоплівала на Захадзе сваю агентуру пад выглядам “палітуцекачоў” ад рэжыму, стварала “офісы за дэмакратыю”, “Беларускія цэнтры” і т.п. Нарэшце, шпіён Вік падняў галаву. Ім трэба яшчэ раскалоць беларусаў на Захадзе, стварыць тут псэўдаэміграцыю і псэўдаўрад з псэўдаапазыцыяй начале. Інфантыльная Эўропа ўжо пляскае ў ладкі.

Зазначу, што нічога не атрымаецца. Гіблая справа, якую тут, за мяжой, своечасова раскусілі. І гандаль з Лукашэнкам аб вызваленьні за мяжу ягоных палітсядзельцаў скончыцца пшыкам (здохлы нумар і тавар з душком).

Сусьветная гісторыя мае шмат прыкладаў вар'яцкіх дыктатур. Людзей цёмных і псіхічна збочаных было дастаткова ва ўладзе. Але такой улады, як цяпер у Беларусі, не было нідзе і ніколі. Яна ўнікальная не сваёй цемрай, не сваёй амаральнасьцю, не жорсткасьцю, не вар'яцтвам. Усё гэта агульныя месцы. Рэжым у Беларусі ўнікальны сваёй антыбеларускай, антынацыянальнай і антыэтнічнай палітыкай, якая заснавана на рэнегацкай нянавісьці (фобіі) адной асобы да ўсяго беларускага. Асобы — якая незаконна валодае ўсёй паўнатой абсалютнай улады.

Зьнешне гэта выглядае на нацыянальны суіцыд. Але ў сапраўднасьці гэта ёсьць праява палітыкі ўнутранай акупацыі Беларусі чужой дзяржавай. У пачатку 90-х (гэтаму я быў сьведкам) Лукашэнка ўпарта прадаваўся Маскве. І калі яна яго нарэшце купіла, ён прыняў усе яе ўмовы, дайшоў да ўлады і адчыніў дзьверы для Расеі, для яе спэцслужбаў, генэралаў, авантурыстаў, для яе русіфікацыі і палітыкі. Здраднік спадзяваўся абхітрыць маскоўскага сатану і па шклоўскай традыцыі заняць яго месца, але абхітрыў толькі самога сябе, угробіў будучыню нацыі і здаў у закладнікі сваёй улады цэлы народ.

Кожная дыктатура (неідэялагічнага кшталту) рыхтуе сама сабе магілу. Адсутнічаюць законныя магчымасьці зьмены ўлады. Рэпрэсіі і сілавы перасьлед даходзіць да кожнай канкрэтнай асобы. У гэтых абставінах адбываецца метадычнае нішчэньне нацыі і культуры. Сытуацыя ўпрашчаецца да ўзроўню ваенных дачыненьняў, бо можа быць альбо перамога, альбо параза. Трэцяга ўжо не існуе. Альбо ўзурпатар вынішчыць нацыю і ліквідуе дзяржаву, альбо нацыя знойдзе сілы і людзей, якія ліквідуюць здрадніка. Такі ёсьць аб'ектыўны стан, створаны самой уладай узурпатара.

94-я гадавіна БНР, сьветлы Сакавік хай нагадаюць нам аб нашым фронтаўскім адзінстве з ідэаламі БНР, аб нязьменнасьці нацыянальных каштоўнасьцяў Беларусі, аб павазе да народу, аб традыцыях змаганьня за волю.

18 сакавіка 2012 г.

Зянон Пазьняк

Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ