НІШЧЭНЬНЕ КРАІНЫ І РАЗЬЛІК УЦЯГНУЦЬ БЕЛАРУСЬ У КАНФЛІКТ З КАЎКАЗАМ
(Сакавіцкі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)
18 сакавіка сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Вайна з нацыяй і вайна з вар'ятам” (апублікаваны). З дакладам выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.
Выступоўцы казалі пра паглыбленьне сацыяльна-эканамічнага крызісу ў нашай краіне. Працягваецца палітыка захопу нашай народнай гаспадаркі расейскім мафійным капіталам і ўсталяваньне ўсё больш адкрытай і расперазанай улады маскоўскіх паханоў над нашымі прыбытковымі прадпрыемствамі і працоўнымі людзьмі. Усё больш беларусаў выразна бачаць гэтыя зьнішчальныя акупацыйныя працэсы і шукаюць выйсьця з гэтай, здавалася б, тупіковай сытуацыі.
Абавязкам патрыётаў-фронтаўцаў ёсьць растлумачэньне нашым людзям неабходнасьці злучацца ў Беларускую Салідарнасьць і бараніць свае нацыянальныя каштоўнасьці. А нацыянальныя каштоўнасьці для кожнай нацыі — гэта ёсьць родная мова і культура, родная эканоміка і маёмасьць. Іншага варыянта існаваньня нацыянальнай супольнасьці людзей ня ведае гісторыя чалавецтва.
Выступоўцы праінфармавалі сяброў пра справу героя беларускага народу Сяргея Каваленкі. Вядома, што псэўдаапазыцыйныя структуры імкнуцца ўсімі намаганьнямі прыляпіцца да гэтай тэмы і атрымаць зь яе грантаўскія дывідэнты. Яны выкарыстоўваюць імя героя для сваіх мэтаў, для атрыманьня грошай “на абарону дэмакратыі”. Ня трэба верыць гэтым псэўдаапазыцыйным структурам і супрацоўнічаць зь імі.
Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра ўстрывожанасьць беларусаў, якія ў бліжэйшы час чакаюць чарговага катастрафічнага падвышэньня коштаў на жыцьцёва неабходныя прадукты харчаваньня. Многія людзі апанаваны пэсімізмам і ня бачаць выйсьця з гэтага кашмару.
Трэба тлумачыць нашым людзям, што народ — гаспадар на сваёй зямлі, і ня можа купка нягоднікаў-акупантаў дыктаваць нам сваю зьнішчальную дактрыну ў Беларусі. Сяброў Сойму трывожыць стан школьных установаў. На працягу апошніх гадоў назіраецца рэзкае падзеньне ўзроўню адукацыі ў беларускіх школах. Маладыя, творчыя настаўнікі ўцякаюць з школы, апанаванай маскалізатарскім маразмам (нават калі на новых месцах працы заробак у два разы меншы за школьны).
У школах гаспадарыць антыбеларускі БРСМ, арганізоўвае свае “конкурсы” і “канцэрты” (усё на мове акупантаў, з акупанцкай, антыбеларускай ідэалогіяй). Нормай для вучняў беларускай школы стала гаварэньне з шырокім выкарыстаньнем расейскага мата, з усімі крыўляньнямі і манерамі расейскай шпаны. Бацькі вельмі ўстрывожаны гэтым працэсам ажлабленьня дзяцей і падлеткаў. Яны, на вялікі жаль, не здагадваюцца, што гэта ёсьць вынік акупанцкай русіфікацыі і зьнішчэньня беларускай моўнай і паводзінавай традыцыі. Традыцыі, якая ня гледзячы ні на што, захоўвалася нават у самых глухіх кутках Беларусі сталінскай-хрушчоўскай-брэжняўскай эпохі. Лукашызм аказаўся больш глыбака разбуральным, чым сталінізм.
Сябры Сойму паведамілі таксама аб працэсах, якія маюць дачыненьне да сусьветных тэндэнцый. Раптам у апошнія тыдні актывізаваліся структуры такзванай “тэрытарыяльнай абароны”, агучанай рэжымам летась. У мэдычныя ўстановы паступілі загады ад рэжыму рыхтаваць запасы мэдыкамэнтаў і спэцыялістаў на выпадак вайны. Мабілізацыйныя структуры “тэрытарыяльнай абароны” атрымалі загад падрыхтаваць ваенную мабілізацыю сотняў тысячаў беларусаў. Фронтаўцы мяркуюць, што гэтыя дзеяньні дыктатуры зьвязаны з планамі вайны, якая рыхтуецца Расеяй на Каўказе, а канкрэтна ў Грузіі. Зьвесткі пра падрыхтоўку такой вайны паступаюць з самой Расеі. Масква разьлічвае, што калі пачнецца ваенны канфлікт ЗША-Ізраіля супраць Ірана ў сувязі з іранскай ядзернай бомбай, удасца ўцягнуць у гэтую вайну насельніцтва Беларусі (якое зьяўляецца цяпер першым эшалонам абароны Масквы). Толькі агульнанацыянальны супраціў злачынным дзеяньням антыбеларускай хунты можа спыніць працэс уцягваньня ў вайну нашага народу. Няхай расейцы (калі ім так хочацца) ваююць самы.
Сойм разгледзеў планы дзеяньняў па арганізацыі Народнага Байкоту чарговых псэўдавыбараў лукашэнкаўскай дыктатуры.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
18 сакавіка 2012 г.