МАСКОЎСКАЕ ЭПІГОНСТВА З “ВУСАТАГА” РЭЖЫМУ
Цыркавое прадстаўленьне пад назовам “прэзыдэнцкія выбары Пуціна” скончылася ў Маскве ўжо тыдзень таму, а ўдзельнікі і гледачы ўсё яшчэ не разыходзяцца па сваіх штодзённых справах, зьбіраюцца зноў. Да іх выходзяць і прамаўляюць з бруку і высокіх подыюмаў апазыцыйныя клоўны, чэрававяшчальнікі і фокусьнікі. Некаторых зь іх расчараваная публіка асьвіствае (бо фокус ня ўдаўся), некаторыя ня гледзячы ні на што не згубілі папулярнасьці. Мы маем на ўвазе падзеі ў імпэрскай сталіцы, якія разгарнуліся 10 сакавіка на заклік расейскай апазыцыі “пратэставаць супраць фальсіфікацый і патрабаваць справядлівых выбараў”. Усе заўважылі, што прышло значна менш людзей, чым зьбіралася было 4 і 5 сакавіка. 10-15 тысяч у некалькіх месцах Масквы...
Вось што казалі на Арбаце вядомыя апазыцыянэры і актыўныя зазывальшчыкі “на выбары, за гонар, за праўду, за дэмакратычную Расею!” Цытуем паводле расейскай інтэрнэт-газэты Грані.Ру.
Сяргей Удальцоў: “4 сакавіка нас усіх абрабавалі, а можна сказаць і значна грубей. Ніякіх выбараў не было. Гэта была оргія жулікаў і злодзеяў”.
Дзімітры Арэшкін: “Мы не аддалі ўзурпатару ўладу. Мы набылі каласальны досьвед. Мы навучыліся не баяцца. Мы прымусілі ўладу раскрыцца. Людзі на асабістым досьведзе ўбачылі, як нахабна і цынічна фальсіфікуюцца вынікі”.
Гары Каспараў: “Гэта былі не выбары, а спэцапэрацыя па новай каранацыі пахана, які хацеў вярнуцца ў Крэмль... Нават у такіх умовах — ва ўмовах татальнага адміністрацыйнага гвалту, калі ў кожным сяле гэтыя “атожылкі” вертыкалі ціснулі на людзей, хлусілі ім, абалваньвалі праз сваю зомбіскрыню, праз свае муніцыпальныя структуры — ім усяроўна спатрэбілася фальсіфікацыя”.
Уладзімір Рыжкоў: “Ва ўладзе знаходзяцца тыя самыя людзі, якія стварылі сістэму масавых фальсіфікацый на выбарах, пазбавілі нас права выбару, зьнішчылі свабоду слова і палітычную канкурэнцыю. Гэтая ўлада нелегітымная”.
Паўстаюць рытарычныя пытаньні... А вы, панове апазыцыянэры, ня ведалі, што Крэмль-Лубянка ўжо даўно стварылі фальсіфікацыйную машыну? Бальшыня з вас ня першае дзесяцігоддзе ў палітыцы і вы нічога ня бачылі? Вы ня ведалі пра адміністрацыйны гвалт? Вы ня бачылі, як на Маскву з усіх бакоў маршыруюць войскі і паліцэйшчына? Вы паслалі мільёны людзей “набываць каласальны досьвед”? Цяпер вы кажаце, што “улада нелегітымная”?
Дык будзьце ж пасьлядоўнымі — гэта вы прыклалі ўсе намаганьні, каб легітымізаваць яе (а яе легітымізацыя трыюмфальна крочыць па планеце, Абама ўжо патэлефанаваў Пуціну і павіншаваў яго). Вы — расейская псэўдаапазыцыя — зьяўляецеся арганічнай часткай “абалваньваньня праз зомбіскрыню”. Ніхто з вас (па-за выключэньнем грузінскага раманіста Харцішвілі-Акуніна) нават не заікнуўся пра неабходнасьць байкоту “спэцапэрацыі па каранацыі пахана”.
Што да набытага народнымі масамі “досьведу”, то мэтады вашы гнюсныя, такія ж як традыцыйныя мэтады НКВД. Успамінаецца эпізод з мэмуараў аднаго кампадпольшчыка, які дзейнічаў у Беларусі. Каб даказаць начальству, што ў групе дзейнічае гестапаўскі правакатар, гэты тып даручыў падазронаму сабраць беларусаў, якія хацелі пайсьці з Менску ў лес да партызанаў. Беларусаў пасадзілі ў грузавік і правакатар павез іх па горадзе, за імі на ровары кампадпольшчык-мэмуарыст. Машына спынілася каля будынка гестапа, людзей арыштавалі і зьнішчылі. Затое у мэмуарыста зьявіўся “каласальны досьвед”...
Мы не выпадкова згадваем у сувязі з маскоўскімі падзеямі беларускую драму. Таму што падзеі ў Маскве сьпісаны з “электаральнага” досьведу лубянскай канторы, набытаму ў Беларусі. Як і ў нас, запісныя псэўдаапазыцыянэры шмат выступалі пра “гонар, дэмакратыю, і мы ім пакажам” і вялі людзей на псэўдавыбарчыя ўчасткі “сказать своё нет”. Літаральна ў вечар “галасаваньня” усе яны нібыта перарадзіліся і засьпявалі пра “гвалт, фальсіфікацыі і нелегітымнасьць”. Трэба адзначыць, што крамлёўская сістэма зрабіла высновы зь менскага досьведу і не пахапала гэтых “лідэраў”, ня кінула іх за краты. Яны будуць працягваць сваё апазыц-існаваньне і далей тлуміць галовы людзей.
Мяркуючы па падзеях, Лубянка пракручвае апрабаваны ў Беларусі варыянт “новай апазыцыйнай хвалі”. З аднаго боку, гэта кандыдат Прохараў, малады мільярдэр, зь якога тэрмінова лепяць “інтэлектуальную альтэрнатыву рэжыму”. Здагадайцеся самы, хто ёсьць аналагам гэтай фігуры на псэўдаапазыцыйнай сцэне ў Менску.
З другога боку, паўстае “імпэтная левізна” у экстравагантнай асобе С. Удальцова: рэзкія жэсты рук і ног, простая (як цвік) лексіка, пэўны шарм для вулічнай, слаба адукаванай моладзі. Гэты аматар “бузы” нават фізіянамічна падобны на менскага Фінькевіча. Вакол яго зьбіраюцца сотні юных аматараў “патусавацца”, пакрычаць і паштурхацца.
Гэтымі “дзеячамі” кантора паступова замяняе “старых” у Маскве такім жа спосабам, як яна замяняла вінцучкоў-хадыкаў на янукевічаў-кобецаў у Менску. Адстаўным апазыц-“інтэлектуалам” толькі і застаецца даваць інтэрв'ю раздражнёным тонам ды праклінаць усё, бо іх выкарысталі і выкінулі.
Назіраючы за падзеямі ў суседняй імпэрыі, беларусы павінны ўрэшце зразумець, што трэба адвярнуцца як ад антынароднага рэжыму так і ад рэжымнай псэўдаапазыцыі. Нельга хадзіць за фальшывымі і падстаўнымі. Рэжымным “выбарам” ёсьць толькі адна альтэрнатыва — Народны Байкот.
Янка Базыль