ЦАРСТВА ГЭБІЗМУ

Вяртаньне Пуціна на царства нікога ў сьвеце не зьдзівіла. Цяпер фармуецца статыстыка гэтай “электаральнай” падзеі, яе жанравая аналітыка, яе міфалогія і нават яе лірыка. Усе з антыпуцінскай апазыцыі, хто заклікаў “ісьці на выбары і галасаваць супраць дыктатуры” (а ні да чаго іншага яны, як вядома, не заклікалі), цяпер спаборнічаюць у інтэлектуальнасьці сваіх ацэнак таго, што адбылося. Часам аналітыка атрымліваецца кемлівай, рэзкай і квяцістай. Такі публіцыстычна-інтэлектуальны аналіз добра зроблены, напрыклад, у эсэ маскоўскага інтэлігента Льва Рубінштэйна ў расейскім інтэрнэт-выданьні Грані.Ру. Заўважылі гэты тэкст і менскія “лібэралы” і зьмясьцілі яго на сваіх старонках у Сеціве. Пачытаць цікава. Але крыху шматслоўна напісана, то мы абралі самае галоўнае.

А галоўнае ў тым, што маскоўскія апазыцыйныя інтэлектуалы прызнаюць, што Пуцін сапраўды выйграў выбары большасьцю аддадзеных за яго галасоў, што “населенье таково” і “Расея — такая сцэна”. Інтэлектуалаў зьдзіўляе толькі, навошта было ўводзіць у Маскву столькі войскаў і гэбэ, круціць “карусельшчыкаў”, якія “галасавалі” па адным пашпарце на дзясятках участкаў, і рабіць увесь гэты спэктакль, які дорага каштуе. Яны прызнаюць, што Пуцін і ягоная гоп-кампанія і без таго выйгралі б.

У вечары дня галасаваньня ў Маскве і Пецярбургу адбыліся пратэстныя выступы з удзелам 20 тысячаў чалавек і меншай колькасьці ў некалькіх іншых буйных гарадах РФ. Трэба прызнаць, што 20 тысячаў пратэстантаў для шматмільённай Масквы — слабавата і ў колькасным і ў якасным сэнсе. Некаторыя апазыцыйныя дзеячы, што прагучалі менавіта падчас перадвыбарчай кампаніі, заявілі: “Мы будзем стаць да канца і нікуды адсюль не пойдзем!” Але іх хутка “запакавалі” амоны і “стаяньне” скончылася. Паліцэйшчына жалезнай хваляй адсунула людзей ў мэтро. Моладзь гукала перад тэлекамэрамі: “Мы яшчэ вернемся! Мы яшчэ вернемся!” Вось і ўсё...

Нельга пазьбегнуць параўнаньняў пасьлявыбарчых падзеяў у сёньняшняй Маскве з менскім 19 сьнежня 2010 года. Імпэрская сістэма адпрацоўвала свой сцэнар будучых пуцінскіх “выбараў” у лукашэнкаўскай лабараторыі на тэрыторыі нашай акупаванай краіны. Схема атрымалася адна і тая ж, але з пэўнымі (важнымі што праўда) нюансамі. У Расеі псэўдаапазыцыя таксама заклікала “ісьці на выбары” і адначасова прызнавала, што “гэта ніякія ня выбары”. Толькі ў Маскве не знайшлося нікога, хто арганізоўваў бы байкот выбарчага фарсу, а вось у Беларусі Беларускі Народны Фронт арганізоўваў Народны Байкот. Гэта азначае, што ў Расеі няма нічога, акрамя псэўдаапазыцыі. Умоўна кажучы апазыцыя там ёсьць толькі ў акупаваных рэгіёнах імпэрыі. Нарыклад, у Дагестане, дзе вядзецца вайна супраць імпэрыі, або ў Татарстане, дзе набірае сілу нацыянальнае адраджэньне. Уласна расейцы заклапочаны перш за ўсё тым, як захаваць сваю імпэрыю, і гэтым яны адрозьніваюцца ад іншых народаў.

Паліцэйшчына ў Маскве ў вечары дня галасаваньня дзейнічала жорстка, але такой Крывавай нядзелі, як 19 сьнежня 2010 г. у Менску, усё ж не арганізавала. Маштабы і формы рэжымнай жорсткасьці нельга і блізка параўнаць. У Менску адбылася народная трагедыя, у Маскве быў наладжаны фарс. Як бы там ні было, у Расеі атрымалася спрэчка “паміж сваімі” наконт таго, як ратаваць родную імпэрыю. Адны мяркуюць рабіць гэта па-гэбоўску, другія “па-дэмакратычнаму”. Для акупаваных народаў розьніца паміж гэтымі спосабамі неістотная. Народы разумеюць, што гарантыяй іхнага нармальнага цывілізацыйнага разьвіцьця ёсьць толькі ліквідацыя маскоўскай Імпэрыі. А маскоўцам гэта “не по нутру”. Улічваючы кантрастную розьніцу гэтых нацыянальна-дзяржаўных установак і канцэпцый, многія ў постсавецкіх краінах і ў аўтаноміях РФ прышлі да высновы: “чым больш будзе ў Маскве “бузы”, тым лепш для народаў, якія здолеюць вырвацца з ахопленай хаосам Расеі”.

І яшчэ многія, хто добра ведае Расею, ацэньваюць першыя вынікі “вяртаньня на царства” вельмі станоўча. Добра, што зноў Пуцін. Гэты сапраўды разваліць імпэрыю...

Янка Базыль


У рамках непрыстойнасьці

Ну, проста дэжавю. Усяго тры месяцы таму я, як і многія, перажыў дакладна такое ж падвойнае пачуцьце, як і ўчора ўвечары. Гэта значыць, з аднаго боку, здарылася менавіта тое, што чакалася. А з другога — адчуваньне цяжкога тэмпэратурнага сну, калі ў нейкай крытычнай сытуацыі, напрыклад, калі на цябе насоўваецца цягнік, ты раптам бачыш, што ня ў стане паварушыць ні рукой, ні нагой.

Справа, зразумела, не ў адсотках. Ну, нарысавалі, колькі атрымалася. Ну, было б не 60, а 50 зь нечым. Якая, у сутнасьці, розьніца? Я даўно ведаю, што жыву ў краіне з букетам цяжкіх спадчынных і набытых хваробаў. Мой імпэтны знаёмы, азнаёміўшыся з чарговым рэйтынгам, гукнуў у праведным гневе: “За злодзея і ўзурпатара гатовыя прагаласаваць 66 адсоткаў расейцаў!” “Вы зьдзіўлены? — спытаў я яго. — Дарэмна. За вельмі рэдкімі выключэньнямі гэта было ва ўсе часы. Я якраз зьдзіўлены, прычым прыемна зьдзіўлены, тым, што гэта яшчэ, можна сказаць, малы адсотак. Як сьпявалі ў старой савецкай песьні, “Городок наш нічего. Населенье таково”. Так што насельніцтва такое, якое яно ёсьць. Аднак, гэта не нагода складваць рукі. Воля і годнасьць вартыя таго, каб за іх пазмагацца”. Так я кажу і зараз.

Расея — гэта сцэна, дзе час ад часу мяняюцца дэкарацыі, што адпавядаюць тым жанрам, якія на гэтай сцэне прадстаўляюцца. Тут разыгрываюцца то крывавыя (прычым з сапраўднай крывёй) трагедыі, то расперазаныя камэдыі пад музыку Дунаеўскага, то фарсы, то меладрамы. Ну, і акцёры на галоўных або другасных ролях, мяняюцца час ад часу месцамі.

Цяпер, падобна, на сцэне дзейнічаюць ужо нават і не акцёры, а рабочыя сцэны, рэквізітары, пажарнікі і прадаўцы квіткоў, якія разыгрываюць нейкае падабенства спэктаклю, дзе ўсе жанры пераблытаны паміж сабой і дзе ў якасьці дэкарацый на сцэну павыцягвалі ўсё, што падвярнулася пад руку. Адсюль гэтая бяздарнасьць і абсурднасьць падзеяў, дэманстрацыйная, якая б'е ў вочы. (...)

Пуцін і ягоная гоп-кампанія перш за ўсё непрыстойныя — не магу падабраць іншага слова. Ад іх, ад іх рыторыкі і нават пластыкі, ад іх хамаватасьці і злодзейскага стылю, ад іхнага правінцыйнага барачнага мачызму, ад іхнага напору дзікоў і малпачай “крэатыўнасьці” проста павявае дэманстрацыйнай непрыстойнасьцю. (...)

І яны, падобна, цудоўна ведаюць пра сваю нелегітымнасьць. Бо нічым іншым нельга патлумачыць іхныя выразна мітусьліва-істэрычныя публічныя паводзіны апошняга часу, якія мяжуюць з панікай. З чаго раптам так надрывацца і крычаць пра нейкія міфічныя “сілы”, “ворагаў” і “пагрозы” пры нейкай “усенароднай падтрымцы”. З чаго раптам пры ўсьведамленьні сваёй гістарычнай рацыі акупаваць мой горад ваеннай тэхнікай, жывой сілай і натоўпамі няўсьмешлівых правінцыялаў у аднолькавых портках. (...)

У мінулую нядзелю вялізная колькасьць цудоўных і сьпелых грамадзянаў — хлапцоў, дзяўчат і дарослых — пайшлі назіральнікамі за працэсам выбараў. Яны працавалі не за страх, а за сумленьне. З сумленьнем у іх аказалася ўсё ў парадку, а вось страху не было зусім. І толькі дзякуючы ім гэты славуты “адсотак” аказаўся хаця б адносна блізкі да верагоднага.

Ім я хачу вось што сказаць. Ня трэба сумаваць, дарагія мае. Мы ж нічога іншага і не чакалі. (...) І ўсё толькі пачынаецца. Цьвёрдасьці ўсім нам. Пасьлядоўнасьці. (...)

Леў Рубінштэйн

Пераклад з расейскай.

Крыніца: http://www.grani.ru/Culture/essay/rubinstein/m.196176.html