ЗАМЕЖНЫ ДРУК (21–25.02.2012)

Інфармацыя ў “Rzeczpospolita”

21 лютага 2012 г. польская газэта “Rzeczpospolita” напісала пра пачатак судовага працэсу ў Віцебску над сябрам Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ Сяргеем Каваленкам. У інтэрнэт-выданьні газэты зьмешчаны відэафільм аб тым, як Сяргей вывешвае на даху шматпавярховага дому Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і славіць Айчыну. Таксама зьмешчаны фотаздымак з залі суда, на якім бачныя сьляды катаваньняў на целе Каваленкі.

Наш камэнтар: Урэшце польскія СМІ адрэагавалі на сфабрыкаваную рэжымам справу Сяргея Каваленкі. Раней гэтая тэма была не цікавай для пачобутаў і пісальнікаў, тытулаваных у Варшаве “сумленьнем і гонарам польскай журналістыкі”. Доўга ж маўчалі тыя, што любяць з высокіх трыбун гукаць пра “патрымку беларускай дэмакратыі”. Але і тут не абышлося без памылак. У артыкуле віцебскі грант-дзеяч Жаляпаў быў названы кіраўніком віцебскай арганізацыі КХП-БНФ. Гэтая асоба ня мае дачыненьня да Фронту і Партыі. На працэсе прысутнічаў сапраўдны кіраўнік віцебскай арганізацыі КХП-БНФ Ян Талпыга.

Алесь Хадасевіч


Ім цікавей падзеі ў Азіі

25 лютага 2012 г. чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” напісала, што праз два месяцы пасьля сьмерці дыктатара Кім Чэн-іра Паўночная Карэя зноў вярнулася да традыцыйных пагрозаў у адрас Паўднёвай Карэі і ЗША. Рэжым зноў пагражае “сьвяшчэннай вайной” у сувязі з чарговымі вайсковымі манеўрамі ЗША і Паўднёвай Карэі. Газэта зьмясьціла выяву прапагандысцкага плаката: паўночнакарэйскі жаўнер ашчэраны ў агрэсіўным рыку, ён уздымае аўтамат-калашнік і рвецца ў атаку пад чырвоным сьцягам.

Наш камэнтар: Хуткая рэакцыя заходніх СМІ на агрэсіўныя заявы, зробленыя ў далёкай Карэі. Вось толькі чамусьці Эўропа не заўважае агрэсіўных заяваў і дзеяньняў у сябе пад бокам. Масква падпарадкоўвае сябе беларускую армію, ставіць свае ракеты, аэрадромы і ўзбраеньне на тэрыторыі Беларусі. Усё гэта накіравана канкрэтна супраць Прагі і іншых эўрапейскіх гарадоў. А эўрапейцы “не заўважаюць” гэтага імпэрскага рыўка Масквы па нашай зямлі. Узялі б ды зьмясьцілі ў сваіх СМІ хаця б парачку прапагандысцкіх плакатаў з русіфікатарскай праграмы, якой глушаць беларускую армію. Наглядзеліся б там маскоўска-фашыстоўскай эстэтыкі. Але ім цікавей падзеі ў далёкай Азіі.

Юрка Марозаў


Змагарны народ — за Байкот

25 лютага 2012 г. аўстрыйская газэта “Der Standard” апублікавала артыкул пад тытулам “Апазыцыя заклікае да байкоту рэфэрэндума па Канстытуцыі”. Штодня сірыйскія спэцвойскі забіваюць дзесяткі людзей па ўсёй Сірыі. Зьнішчальнаму артабстрэлу падзьвяргаецца горад Хомс. А дыктатар Асад распісаў рэфэрэндум па зьменах у канстытуцыі краіны. Апазыцыя выступіла за байкот рэфэрэндума.

Наш камэнтар: Тэлеканалы паказваюць, як у Дамаску на вуліцах і плошчах мітусяцца сірыйскія лебедько-вінцучкі і гукаюць: “Усе на выбарчыя ўчасткі! Іді і скажі ему своё нет!” Якое ўсё знаёмае!

Але сірыйскі народ не падманеш рэжымным шоў, сірыйскі народ вядзе змаганьне супраць дыктатуры і не паслухае прадажных зазывалаў. Змагарны народ — за Байкот.

Алесь Хадасевіч


Якое ўсё знаёмае!

25 лютага 2012 г. швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” напісала пра антыпуцінскія дэманстрацыі ў Пецярбурзе і іншых гарадах Расеі. У родным горадзе Пуціна дэманстранты несьлі плакаты “Расея без Пуціна!”, “Пуцін — злодзей!” У пратэстах прынялі ўдзел чэмпіён па шахматах Каспараў, камуністычны кандыдат у прэзыдэнты Зюганаў, антыкарупцыйны актывіст Навальны і левы экстрэміст Удальцоў. Каспараў сказаў, што Крэмль ужо вызначыў усё заранёў, Пуцін будзе прэзыдэнтам.

Наш камэнтар: Стракатая кампанія з шахматыстаў, камуністычных генсекаў-экстрэмістаў-антыкарупцыянэраў кіруе антыпуцінскімі пратэстамі. Кампанія прызнаецца, што выбараў няма і ня будзе. Што ўсё ўжо вырашана ў Крамлі. А пра байкот выбарчага фарсу не заікаецца ані словам.

Можа для расейцаў тут ёсьць нешта нелагічнае, а вось беларусам усё гэта вельмі знаёмае: псэўдаапазыцыя дапамагае рэжыму загнаць-завабіць людзей на выбарчыя ўчасткі, дзе іх выкарыстаюць у нячыстай псэўдаэлектаральнай гульні.

Алесь Хадасевіч


Робяць выгляд, што ня бачаць

25 лютага 2012 г. дацкая газэта “Politiken” напісала пра канфэрэнцыю ў сталіцы Туніса прадстаўнікоў краін, якія аб'ядноўваюцца пад тытулам “Сябры Сірыі”. Прадстаўнікі 60 краінаў абмяркоўвалі спосабы дапамогі сірыйскаму народу, які змагаецца за вызваленьне ад дыктатарскага рэжыму. Савудаўская Аравія выступіла з прапановай дапамагчы паўстанцам зброяй. Рэжым Асада выступіў з рэзкім пратэстам супраць гэтай канфэрэнцыі.

Наш камэнтар: Сірыйскі народ змагаецца за волю. І яго падтрымалі ўжо 60 краінаў. Падтрымліваюць таго, хто сам змагаецца за сваю нацыянальную справу.

Даволі даўно ў шэрагу краінаў задэкляравана падтрымка змаганьня беларусаў за дэмакратыю, супраць лукашызма. Аднак мы бачым, як у шэрагу эўрапейскіх гарадоў, замест сапраўднай дапамогі, утвораны і дзейнічаюць на эўрагранты розныя “беларускія цэнтры” ды “бюро”, у якіх засядае рэжымная агентура (кшталту Міхалевіча, Слуцкай, Стужынскай і г.д.). Задача гэтай публікі — прафанацыя беларускай вызвольнай справы і дэзарыентацыя цывілізаваных грамадзтваў. Цікава, эўрапалітыкі ня бачаць гэтага, а можа робяць выгляд, што ня бачаць?

Юрка Марозаў


Пад назовам “Дзімітрыеў”

25 лютага 2012 г. латвійская газэта “Neatkariga Ritas Avize” напісала пра заявы, зробленыя ў Пецярбурзе лідарам мясцовага аддзяленьня “Справедлівой Россіі” Андрэем Дзімітрыевым. Дзімітрыеў паабяцаў, што пасьля выбараў 4 сакавіка сёлета “апазыцыя накіруецца на плошчу перад гарадзкой адміністрацыяй, каб запатрабаваць “бяскроўнай перадачы ўлады”.

Наш камэнтар: У кожнай краіне ёсьць свой Дзімітрыеў. Можа гэта двайнік менскага правакатара, які 19 сьнежня 2010 г. першым раскрыўся як агент гэбоўскай дыктатуры? Як вядома дзімітрыевы і ў Беларусі, і ў Расеі актыўна дзейнічалі супраць байкоту выбарчага фарсу, арганізоўвалі прыход людзей на псэўдавыбарчыя ўчасткі. А ў дзень галасаваньня менскі Дзімітрыеў падставіў падманутых людзей пад удары рэпрэсіўных сілаў рэжыму. Ды заявіў у тэлекамэру, што “міліція не віновата”. Той жа сцэнар рыхтуецца і з расейскімі дзімітрыевымі.

Юрка Марозаў