ПРАВАЛ МАСКОЎСКАЙ ПРАВАКАЦЫІ Ў ЛАТВІІ
З суседняй краіны паступаюць зьвесткі пра першыя вынікі рэфэрэндуму аб наданьні расейшчыне статусу дадатковай дзяржаўнай мовы ў Латвіі. Спроба навязаць латышскаму народу мову нядаўніх акупантаў і сёньняшніх асаднікаў з грукатам правалілася. У рэфэрэндуме ўзялі ўдзел каля 70% грамадзянаў-выбаршчыкаў, больш за 80% зь іх прагаласавалі супраць расейшчыны. Як слушна сказала ў Маскве Валерыя Навадворская, “рэфэрэндум прыдумала Масква і яе агентура”. Латышы добра зразумелі гэта і паставілі заслон палітыцы імпэрскага рэваншу.
На экранах тэлевізараў па ўсіх расейскіх тэлеканалах паказваюць разгубленыя твары мэра Рыгі расейца Ніла Ушакова і іншых з русскоязычных “лідараў”. Яны, напэўна, ужо зразумелі, што Масква іх добра падставіла. Рэспэкту да іх з боку латышскага народу спроба русіфікацыі латышскай радзімы гэтая правакацыя не дадасьць (хутчэй наадварот).
На што разьлічвала Масква, падымаючы сваю агентуру ў правальную лабавую атаку, засьвечваючы свае прыхаваныя агентурныя структуркі і кідаючы на іхную антылатышскую дзейнасьць шалёныя грашовыя сумы? Падобна, што Масква сама паверыла ў фальшывую постсавецкую статыстыку, паводле якой (як кажуць цяпер на расейскіх тэлеканалах), 40% насельнікаў Латвіі — русскоязычныя. Падобна, што Масква меркавала: маўляў, сотні тысячаў латышоў выехалі за мяжу, астатнія не пачухаюцца за мову, а вось згаданыя 40% можна будзе пагнаць супраць латышскай мовы.
Ды ня выйшла. Многія з тых, хто сапраўды ўмее размаўляць па-расейску, гэта зусім не расейцы, а беларусы, украінцы, татары і г.д. Ісьці за расейшчыну па маскоўскай камандзе “грудью, товарішчі” гэтым грамадзянам не хацелася. Расейцы апынуліся ў меншасьці. А вядома, што каму не падабаецца гэты стан рэчаў, то Расея ня так і далёка (“Россія веліка”), можна сяліцца там і радвацца там дзяржаўнасьці “велікого і могучего” (важна толькі не апынуцца на Каўказе, у Якуціі, Татарстане і г.д., дзе народы нагадаюць асаднікам элемэнтарныя правілы паводзінаў на сваёй зямлі).
У прынцыпе такога рэфэрэндума не павінна было быць. Вымусілі гэты рэфэрэндум брусэльскія структуры Эўразьвязу, дзе сябруе Латвія. Цяпер, спадзяемся, латышскі народ канчаткова зразумеў, наколькі небясьпечнымі могуць быць лібэральныя гульні ў брусэльскія “правы”. Для ўсіх павінен быць лекцыяй антыканстытуцыйны рэфэрэндум па дзяржаўнай русіфікацыі, які раньні лукашызм правёў у 1995 годзе ў нас у Беларусі. Пасьля сфальшаванай “перамогі” рэжым распачаў шалёнае здушэньне ўсяго беларускага: мовы, культуры, школьніцтва, бізнэсу, эканомікі, Дзяржавы, нацыянальнай арміі. Рэжым, дарэчы, ня выдумаў нічога новага. Гэта ёсьць тыповы шлях асіміляцыі ў яе пачварнай форме русіфікацыі.
Але латышскі народ абараніў сваю сьвятыню — родную мову.
Алесь Хадасевіч