СЦЭНЫ З ЖЫЦЬЦЯ ПРЫ ПОЗЬНІМ ЛУКАШЫЗМЕ

Мінадукацыі РБ на прыканцы студзеня паведаміла, што сёлета адбываецца рэзкае скарачэньне навучальных спэцыяльнасьцяў у сталічным Пэдагагагічным унівэрсітэце, а таксама ў іншых пэдагагічных ВНУ нашай краіны. Амаль усе гэтыя ліквідаваныя спэцыяльнасьці тычацца адукацыі спэцыялістаў-выкладчыкаў беларускай мовы і на беларускай мове. Маўляў, “выкладчыкі атрымліваюць малыя заробкі” і “ніхто ня хоча вучыцца на гэтых спэцыяльнасьцях”. Зразумела, што спэцыяльнасьці па падрыхтоўцы выкладчыкаў расейшчыны і па-расейску ніхто не зьбіраецца скарачаць. “Незалежныя дэмСМІ” патлумачылі нам, што “такія ёсьць трэнды ў грамадзтве”... Зразумела, нам хочуць падказаць, што пад гэтыя “трэнды” беларуская мова вымірае самастойна, “по собственному желанію”. Гэтая маскоўшчына гучыць ужо ў каторы раз за нашу нацыянальную гісторыю: “белоруссы самі не знают своего языка, деті не хотят его учіть” і г.д. Акупанцтва навучылася прыкрываць зьнішчэньне нашай культуры і мовы “дабраахвотнасьцю выбару”. Беларускія патрыёты называюць гэта выбарам паміж куляй і вяроўкай. Антыбеларускі рэжым працягвае палітыку асіміляцыі — русіфікатарскага зьнішчэньня нашай народнай душы. У адказ на гэта нашы людзі маглі б (і павінны б) арганізоўваць паралельную, незалежную ад хамскага і чужога рэжыму сістэму беларускай адукацыі сваіх дзяцей і сваіх спэцыялістаў. І яшчэ трэба памятаць — злачынная палітыка русіфікацыі абрынецца разам са злачынным рэжымам.

“Становленіе характера”. Аднак, у нашай сталіцы ёсьць шэраг маладых сем'яў, задаволеных сістэмай адукацыі сваіх малых дзяцей. Задаволенасьць іхная грунтуецца на “уласным выбары”. Яны сапраўды выбралі і аплацілі спэцпаслугі для 5-7-гадовых сваіх нашчадкаў. Спытаеш у іх, яны задаволена распавядуць, як водзяць іх у платныя спэццэнтры. Там малых навучаюць чытаць і пісаць, размаўляць па-расейску і па-ангельску. Ёсьць прадмет пад самурайскім назовам — “становленіе характера”. Па-беларуску ў такіх цэнтрах размаўляць ня вучаць, любіць Радзіму-Беларусь у схеме самурайскага “характера” не прадугледжана. Зразумела, што супрацоўнікі гэтых спэццэнтраў робяць бізнэс, зарабляюць грошы. Калі б яны нават паспрабавалі далучыць дзяцей да беларушчыны, акупанцкі рэжым іх адразу б прыкрыў. Ды яны й ня думаюць далучаць. Ёсьць такая фармулёўка — “а зачем?” Мадэль зразумелая: гэтыя робяць свой бізнэс, а маладыя беларускія бацькі аддаюць ім сваіх дзяцей і плоцяць грошы. Толькі пазьней няхай гэтыя бацькі не зьдзіўляюцца, што іхныя дзеці растуць пасярод лукашыстоўскага маразму, атрымліваюць нізкапробную адукацыю ў лукашыстоўскіх зрусіфікаваных ВНУ і выходзяць на новы віток акупанцкага жыцьця ў нашай краіне. Няхай яны не зьдзіўляюцца валадараньню расейскай папсы, расейскага хамства, расейскай п'янкі на нашай зямлі. Затое “характер” будзе пастаўлены...

1 лютага СМІ паведамілі, што з назіральнай рады Белтрансгазу былі выведзены апошнія 4 прадстаўнікі беларускага боку. Цяпер беларускай сістэмай паўнаўладна камандуюць расейскія акупанцкія дзеячы з Газпрому. Вядома, што некаторыя з начальнікаў прамаскоўскага рэжыму рознага ўзроўню ў Беларусі спадзяваліся і спадзяюцца захаваць і нават палепшыць свае службовыя пазыцыі пры маскоўскім начальстве. Яны былі б ня супраць (прынамсі на словах) канчатковага захопу нашай краіны расейскай імпэрыяй. І вось гэтым людзям маскоўская публіка паказала “кузькіну мать”. Пагуляліся маскоўцы ў “інтэграцыю” ды і выкінулі з начальніцкіх месцаў асобаў, якія так і не навучыліся “грамотно разговарівать по-русскі”. Мяркуем, што гэта толькі пачатак начальніцкай зачысткі, якая запланавана ў Маскве для падпарадкаванай Беларусі. Бюракратыя ў Расеі памнажаецца ў геамэтрычнай прагрэсіі, усім месцаў ужо не хапае ды і ў Сібір ехаць ня хочацца. Значна больш расейскую дзяржмафію прыцягвае эўрапейская краіна Беларусь. А тут нейкія мясцовыя лукашыстоўскія начальнікі пад нагамі блытаюцца. Вось іх і пачалі вытурваць з наседжаных месцаў. Як кажуць, Масква сьлязам ня верыць...

БТ трыюмфальна і пафасна паказала, як у Чыжоўцы — раёне Менску — стаяць забітыя ў мерзлую зямлю палі. Сталічнае начальства з натхненьнем патлумачыла з экрану, што ўпершыню за гісторыю Чыжоўкі тут будзе пабудаваны гіганцкі “унівэрсальны культурны і спартыўны цэнтар”. Там можна будзе рабіць і тое і гэтае, “усім на радасьць”. У гэты ж час у Чыжоўцы, ва ўсім Менску ды і па ўсёй нашай краіне адбываецца збор сродкаў з бацькоў, чые дзеці ходзяць у дзіцячыя садкі і школы. Гэтым разам грошы зьбіраюць на закупку мэблі ў групы і класы. Калі не сабраць гэтыя сумы, то дзецям ня будзе на чым сядзець і ў што класьці сваю адзежу і цацкі. Рэжым выхваляецца сваімі шызоіднымі фараонскімі праектамі, а тым часам беларускія дзеці ня маюць элемэнтарнага. Вядома, што пад фараонства лукашыстоўская мафія добра навучылася раскрадаць большую частку народных грошай. І чым больш гіганцкі фараонскі аб'ект, чым больш на тэлеэкране паляў, тым больш можна скрасьці і змарнаваць народных грошай.

У расейскай інтэрнэт-прасторы пракацілася хваля аптымізму. На галоўных тэлеканалах нечакана для ўсіх выступілі “паўзабытыя твары палітыкаў, што прадстаўляюць так званую несістэмную апазыцыю” (паводле словаў Юрыя Багамолава). Яны выказваліся рэзка, хлёстка, сьмела, ўскрывалі язвы пуцінска-медведеўскага рэжыму, актыўна грамілі сваіх крамлёўскіх апанэнтаў. На даху высокага жылога будынку проста насупраць Крамля нейкія актывісты вывесілі каласальны транспарант “Путин, уходи!” Вось дзіва, ніхто з Крамля не прыбег, транспарант не зьнімалі на працягу некалькіх гадзін. Расейскія грамадзяне зашумелі: “Можа лёд крануўся? Можа распачалася адліга? Сонца свабоды зазьзяла над Масквой? Што б гэта значыла?” Найбольш скептычныя стрымліваюць эмоцыі інтэлектуальных элітаў — давайце, маўляў, паглядзім, што будзе далей.

А беларусы сьмяюцца. Яны ведаюць, што будзе далей. Яны ўжо такое бачылі і чулі. У кастрычніку-сьнежні 2010 года, калі на экранах нуднага БТ зьявіліся “твары палітыкаў-кандыдатаў” і ад іхных спічаў ад рэжыму пасыпаліся пух і пер'е. Многія паверылі тады ў лукашыстоўскую адлігу і на заклік згаданых “палітыкаў” актыўна пасунуліся на выбарчыя ўчасткі выбарчага фарсу дыктатуры. “Адліга” скончылася 19 сьнежня 2010 года, разгромам народнай дэманстрацыі ў цэнтры Менску, арыштам некаторых кандыдатаў і многіх грамадзянаў, а таксама новым вітком паліцэйска-гэбоўскага тэрору ў краіне. Але згаданыя “тэлетвары” сваю задачу выканалі: дапамаглі рэжыму зацягнуць людзей на псэўдавыбары. Яны практычна выратавалі рэжым ад правалу.

Усё гэта адбудзецца і ў Расеі. У чарговы раз лабараторны экспэрымэнт, праведзены ў Беларусі, будзе рэалізаваны на практыцы на прасторах маскоўскай імпэрыі.

Янка Базыль