ЗАМЕЖНЫ ДРУК (04–08.02.2012)

Беларусам вядома, чым гэта скончыцца

4 лютага 2012 г. французкая газэта “Le Monde” напісала з Масквы пра масавыя дэманстрацыі супраць і за Пуціна. Многія сьведкі паведамілі ў Сеціве, што дзяржслужачых, настаўнікаў і медработнікаў адміністрацыя прымушала ўдзельнічаць у прапуцінскіх мітынгах. Пуцін прызнаў, што былі толькі паасобныя такія выпадкі.

Наш камэнтар: Перадвыбарчае шоў у Маскве і па ўсёй Расеі было яркае і фальшывае. Ніводнага слова пра неабходнасьць байкоту псэўдавыбараў пад камандай лубянскай канторы. Затое было мора адпрасаваных стракатых сьцягоў, шрыфтовых транспарантаў пра “электаральную дэмакратыю”. Беларусам вядома, чым гэта скончыцца: “элегантнай перамогай” Пуціна, якога так прафэсійна і пасіянарна (так, як ім загадалі ў лубянскай канторы) пракліналі з трыбунаў запісныя “лідары апазыцыі”. Абы толькі “дорогіе россіяне” пайшлі на выбарчыя ўчасткі і зарэгістраваліся на шоў.

Алесь Хадасевіч


Некрытычная публікацыя

6 лютага 2012 г. польская газэта “Rzeczpospolita” напісала: “Гэта КГБ будзе вызначаць, хто з апазыцыі патрапіць у парлямант на верасьнёўскіх выбарах — заявіў адзін з лідэраў беларускай апазыцыі Анатоль Лябедзька”. Цытуем далей: “На ягоную думку, усе апазыцыйныя арганізацыі павінны супрацьпаставіцца планам КГБ. Гэта павінна заключацца ў высоўваньні сапраўдных апазыцыйных кандыдатаў у большасьці выбарчых акругаў. Гэта дасьць магчымасьць апазыцыі для легальнай агітацыі дзеля няўдзелу ў выбарах. Яе кандыдаты за некалькі дзён перад галасаваньнем павінны зьняць свае кандыдатуры з выбарчых сьпісаў”.

Наш камэнтар: Псэўдаапазыцыйныя жулікі зноў рыхтуюць разам з рэжымам электаральны падман беларускага народу. Яны нават называюць гэтае жульніцтва “байкотам”. Цікава, што аўтарытэтныя польскія газэты зусім некрытычна і без аналізу публікуюць гэтую гэбоўскую лухту пра “супрацьпастаўленьне КГБ”.

Юрка Марозаў


Патрабуюць пакараньняў

7 лютага 2012 г. швайцарская газэта “Gazette de Geneve” паведаміла пра падзеі на Гаіці. У сталіцы краіны Порт-о-Прэнсе дзясяткі людзей правялі дэманстрацыю пратэсту. Яны несьлі партрэты скінутага дыктатара Жана-Клода Дзювалье і плакаты, патрабуючы справядлівасьці і прыцягненьня Дзювалье да адказнасьці за злачынствы супраць чалавечнасьці. Такім чынам гаіцяне адзначылі ўгодкі краху антынароднай дыктатуры Дзювалье, які адбыўся 7 лютага 1986 г.

Наш камэнтар: Жана Клода Дзювалье народ называў “Бэбі Докам”, а ягонага бацьку (заснавальніка дынастыі) “Татам Докам”. Малодшы Дзювалье зьдзекваўся з народу ў такі ж цынічны і садысцкі спосаб, як і татка. Урэшце народ падняў паўстаньне і пагнаў гэтага “Колю” прэч разам з кодлай “татон-макутаў” (як людзі называлі гаіцянскіх гэбэшнікаў). Праз 26 гадоў пасьля правалу дыктатуры народ патрабуе пакараньня дзяржаўных злачынцаў.

Алесь Хадасевіч


Папулярызацыя лукашызма на грошы Эўразьвязу

7 лютага 2012 г. славацкая газэта “SME” паведаміла, што нямецкая паліцыя арыштавала ў Берліне двух сірыйцаў. Іх абвінавачваюць у тым, што яны праводзілі шпіёнскую дзейнасьць у асяроддзі апазыцыйных сірыйскіх груповак у Нямеччыне і працавалі на спэцслужбы рэжыму Асада.

Наш камэнтар: Добрая дапамога ад немцаў сірыйскім патрыётам у іхнай барацьбе. А беларусы мяркуюць, што каб такую аблаву на агентуру зрабіць у некалькіх эўрапейскіх сталіцах у такзваных “беларускіх цэнтрах за дэмакратыю”, то там не засталося б ніводнага тусоўшчыка. Адным з апошніх доказаў гэтаму стаў нядаўні скандал з самавыкрываньнем кіраўнічкі брусэльскага “Офіса за дэмБеларусь”. Усе раптам убачылі, што “дэмапазыцыйная” маладзіца ўсе гэтыя гады займалася папулярызацыяй лукашызма ў сталіцы Эўразьвязу (дарэчы, на грошы Эўразьвязу).

Юрка Марозаў


Свае сваіх спаткалі

7 лютага 2012 г. іспанская газэта “АВС” паведаміла, што міністра замежных справаў РФ Лаўрова сустракалі на вуліцах Дамаска натоўпы з расейскімі і сірыйскімі сьцягамі.

Наш камэнтар: На фота бачна, што “натоўп” — гэта ў асноўным малойцы гэбоўска-паліцэйскай выпраўкі з аднолькавымі фрызурамі.

Алесь Хадасевіч


Антынародная, сатанінская ўлада

7 лютага 2012 г. нямецкая газэта “Frankfurter Allgemeine Zeitung” напісала пра 50-я ўгодкі трагедыі на шахце Луізэнталь у фэдэральнай зямлі Саарлянд (7 лютага 1962 г.). Тады ад выбуху ў шахце загінулі 299 чалавек. На месцы трагедыі ў памятны дзень сабраліся 1300 чалавек, каб паўдзельнічаць у мэмарыяльных мерапрыемствах.

Наш камэнтар: Улады і грамадзтва ў цывілізаваных краінах не забываюць пра ўгодкі драматычных падзеяў. У акупаванай Беларусі такога не было ні пры саветах, ні пры лукашызме. Аніразу не адбыліся мэмарыяльныя мерапрыемствы, напрыклад, у памяць ахвяраў магутнага выбуху на менскім Радыёзаводзе (1970 г., вельмі шмат ахвяраў). Добра вядома, як жорстка разганяў лукашызм шэсьці Чарнобыльскага шляху. Так робіць толькі антынародная, сатанінская ўлада.

Юрка Марозаў


Сірыйцы змагаюцца

7 лютага 2012 г. нідэрляндская газэта “De Telegraaf” напісала: “Уплывовы амэрыканскі сэнатар Джон Маккэйн заявіў, што амэрыканскі ўрад павінен падумаць над тым, каб дапамагчы сірыйскай апазыцыі ўзброіцца”.

Наш Камэнтар: Калі народ мужна змагаецца супраць дыктатуры за волю і дэмакратыю, іншыя яму дапамагаюць усім, нават зброяй.

Юрка Марозаў


Расейскі міністар у Сірыі

8 лютага 2012 г. бэльгійская газэта “De Standaard” напісала: “Расейскі міністар Лаўроў знаходзіцца ў Дамаску і вядзе перамовы з прэзыдэнтам Асадам. Дыплатычная гульня вядзецца ў той час, як Хомс сьцякае крывёй”.

Наш камэнтар: Гераічны горад Хомс ужо каторы тыдзень адбывае атакі рэжымных гарылаў. Крамлёўская ўлада не праймаецца крывёй народа, ручкаецца з дыктатарам-забойцам і падтрымлівае яго. Крамлёўскай уладзе не прывыкаць.

Юрка Марозаў