СЦЭНЫ З ЖЫЦЬЦЯ ПРЫ ПОЗЬНІМ ЛУКАШЫЗМЕ
25 студзеня беларусы са зьдзіўленьнем даведаліся пра падзею ў Стразбурзе. На пасяджэньне Парляманцкай Асамблеі Рады Эўропы выехала дэлегацыя ад “беларускай апазыцыі”. ПАРЭ абмяркоўвала сытуацыю ў Беларусі. Ад “апазыцыі” былі сп-ры Мілінкевіч, Лебедько і Фядута. Нічога сабе прадстаўніцтва. Пра Мілінкевіча ўжо ўсе ў нашай краіне забыліся, яго працягваюць трактаваць як “адзінага дэмлідэра Беларусі” толькі на Захадзе. Лебедько таксама засьведчаны гастралёр па Захадзе. Да іх там прызвычаяліся. А вось наконт Фядуты людзі ўспомнілі, як той быў верным халуём Лукашэнкі, як гнюсна паводзіў сябе на сваёй халуйскай пасадзе цэнзара. Пасьля чарговай Фядутавай гнюснасьці, напісанай ў адрас Беларускага Народнага Фронту і беларускіх патрыётаў, Васіль Быкаў назваў гэтую асобу “мярзотнікам”. Вось такіх кадраў лібэральная Эўропа за свой кошт накіроўвае даваць эўрабюракратыі кансультацыі наконт таго, як ім “обустроіть” Беларусь.
Хаця падобна, што ніхто гэтых “кансультантаў” там нават ня слухаў. Яны былі там у якасьці мэблі або адчапнога. ПАРЭ прыняла дэкларацыю па Беларусі, запатрабавала адмяніць сьмяротнае пакараньне. Эўраначальства нешта казала журналістам пра тое, што яно прасіла Лукашэнку праз ягоных прадстаўнікоў на Захадзе дапусьціць іх наведаць турмы ў Беларусі і сустрэцца з палітзьняволенымі. Але лукашысты ім нават не далі адказу.
Некаторыя з эўраначальнікаў апошнімі днямі выступалі наконт цяжкіх умоваў у нашай краіне, у прыватнасьці згадвалі “Вясну” і што-нішто іншае. Імя Сяргея Каваленкі не прагучала аніразу. Беларускі патрыёт, які пакутуе ў турме, знаходзіцца ў цяжкім стане падчас галадоўкі пратэсту, не цікавіць гэтую публіку. Іх не зьдзіўляе і не абурае злачынства лукашыстоўскага рэжыму, які судзіць чалавека, што больш за месяц трымае галадоўку. Мы канстатуем таксама, што палітыкі суседніх з Беларусьсю дэмакратычных краін таксама аніразу не згадалі ў сваіх заявах імя і пакуты Сяргея Каваленкі. Хаця поўная і сваечасовая інфармацыя пра гэтую чалавечую драму і злачынства рэжыму была распаўсюджана па ўсёй Эўропе.
У эўраструктурах сядзіць шмат фальшывых палітыкаў. Нельга верыць іхным разважаньням пра абарону дэмакратыі ў Беларусі і іхнаму клопату аб дабрабыце нашага народу. Як яны ставяцца да народаў сваіх краін, сьведчыць цяперашні разбуральны крызіс, у які правальваецца “аб'яднаная Эўропа”.
Рацыю маюць тыя ясныя галовы ў Беларусі, якія даўно даводзяць нашым людзям, што спадзявацца можна толькі на сябе, што ўсё залежыць выключна ад нас і што ад афіцыёзнага і крывадушнага Захаду можна чакаць толькі подласьці і шкоды для нашай беларускай справы.
Прамаскоўскі рэжым, выканваючы загад сваіх гаспадароў, працягвае разбурэньне беларускай эканомікі і соцыюма. Палітыка рэжыму прывяла да рэзкага зьбядненьня нават тых людзей, якія ў папярэднія часы няблага зараблялі ў важнай галіне народнай гаспадаркі. Напрыклад, у сфэры нафтаперапрацоўкі. З гэтай сфэры беларускія спэцыялісты зьязджаюць ў Расею апошнім часам цэлымі брыгадамі. Калі людзі атрымалі заробак у 2 мільёны беларускіх рублёў, яны аслупянелі і пацікавіліся, колькі можна зарабіць у суседняй імпэрыі. Там ім запрапанавалі заробак, эквівалентны 15 мільёнам беларускіх рублёў. Яны адразу ж пакінулі свае сем'і і працоўныя месцы на радзіме і выехалі туды, дзе ня могуць працаваць сьпітыя “дорогіе россіяне”. Ім зразумела, што такі разрыў у аплаце працы атрымаўся не сама сабой, а ёсьць вынікам эканамічнай вайны, якую вядзе Масква рукамі антыбеларускага рэжыму, каб забраць задарма беларускую працоўную сілу.
Няздары капаюцца ў клясыцы. Усім вядома, што кінастудыю “Беларусьфільм” толькі ўмоўна і вельмі ж фармальна можна кваліфікаваць як беларускую. Амаль заўсёды гэтая студыя выступала як правінцыйна-расейскі кінацэнтар. Тут быў створаны шэраг адкрыта антыбеларускіх стужак, напрыклад сумна вядомы пасквіль эполі лукашызма “Павлинка-New”. 28 студзеня гэтая “кінастудыя” пазнаёміла гледачоў з сваім чарговым “шэдэўрам”. БТ разрэкламавала сэрыял “по мотивам произведения Якуба Колоса” пад назовам “Талаш”. Гледачы ўключылі тэлевізары...
Неахайная рэжысура, фальшывая ігра бальшыні акцёраў — гэта ўжо нікога не зьдзіўляе. Адчулася, што аўтары фільма ня любяць і не разумеюць творчасьць нашага песьняра. Але ўразіла іншае, нешта “новае”. “Новым” было гаварэньне беларускіх пэрсанажаў сэрыяла па-беларуску. Здавалася б, вось як добра. Але радвацца было рана. Гэта былі такія ўстаўкі беларушчыны. Голас за кадрам выдаваў эпічныя камэнтары, сьпісаныя ў Якуба Коласа ў перакладзе на расейшчыну. На расейшчыну перакладаліся таксама і прамовы польскіх акцёраў і пэрсанажаў. Па-расейску выступілі і ўласна расейскія пэрсанажы фільма. Атрымаўся гэткі боб з гарохам. Дзякуй, што Талаша і іншых беларусаў для нас не перакладалі на расейшчыну. Так і засталіся беларускія пэрсанажы ў фільме “Беларусьфільма” у тандэтнай упакоўцы індзейскай рэзэрвацыі для “русскоязычного творенія”. Беларуская мова для стваральнікаў “шэдэўра” была не дастаткова саліднай, каб вызначыць ёю ўвесь фільм. Атрымалася “двуязычіе” у дзеяньні. Атрымалася крывадушнае прачытаньне беларускага класіка, якога чужыя нашаму мастацтву асобы трактуюць як “Иакова Колосова”.
28 студзеня псэўда-БНФ пад кіраўніцтвам А. Янукевіча зрабіў заяву, якую ў прынцыпе трэба было чакаць а д гэтых людзей. Яны заклікаюць (заўважым — пад шыльдай БНФ) удзельнічаць у “парляманцкіх выбарах”. Янукевіч сказаў, што ў выніку гэтага ўдзелу “апазыцыя стане мацней”. Для праформы яны заявілі аб неабходнасьці выпусьціць усіх палітзьняволеных і дапусьціць іх (псэўдаапазыцыю) у выбарчыя камісіі. А калі не, то яны “за пяць дзён да выбараў здымуць сваіх кандыдатаў”. Мітусьлівы вэрхал у асяроддзі псэўдаапазыцыі набірае абароты. Зразумела, што яны будуць прыкладаць усе намаганьні для зрыву Народнага Байкоту. Яны ў чарговы раз будуць ратаваць рэжым ад правалу. Сапраўдны Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” і яго Старшыня Зянон Пазьняк будуць мабілізаваць беларускае грамадзтва на байкот выбарчага фарсу.
Янка Базыль