ШАТОХІН ЯЎГЕН СЯРГЕЕВІЧ

(1947 — 22 студзеня 2012)

У Пінску памёр Яўген Шатохін, сябра Сойму Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Нацыянальна-вызвольны Рух страціў выдатнага, мужнага барацьбіта за волю і незалежнасьць Бацькаўшчыны. Яўген Шатохін быў адным з першых арганізатараў вызвольнага ўздыму на прыканцы 1980-х гадоў, калі па ўсёй Беларусі патрыёты ўтваралі структуры Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і абуджалі народ на змаганьне супраць савецка-маскоўскай акупацыі. Менавіта Яўген Шатохін арганізаваў народны супраціў на Піншчыне супраць жнівеньскага путча 1991 года і ўзьняў над родным горадам сьвяты Бел-Чырвона-Белы Сьцяг Незалежнасьці. Наш сябра на працягу больш за дваццаць гадоў кіраваў фронтаўскім рухам на Піншчыне, быў арганізатарам палітычных акцый і беларускага асьветніцтва. Рэжым ня здолеў запалохаць і зламаць яго рэпрэсіямі. Яўген Шатохін быў прыкладам для маладога пакаленьня беларускіх патрыётаў, для ўсіх фронтаўцаў.

Назаўжды застануцца ў скарбонцы нашай нацыянальнай культуры творы Яўгена Шатохіна — выдатнага мастака-графіка. У ягоных малюнках і акварэлях таленавіта адлюстравалася прыгажосьць і непаўторны характар нашай Радзімы, якую ён бараніў і за якую аддаў сваё жыцьцё.

Мы выказваем спачуваньне сям'і і блізкім нябожчыка. Няхай будзе яму пухам родная зямля.

Кіраўніцтва і сябры Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

22 студзеня 2012 г.