СЦЭНЫ З ЖЫЦЬЦЯ ПРЫ ПОЗЬНІМ ЛУКАШЫЗМЕ
Лукашыстоўскае чучхэ
Многія зь беларусаў выразна адчуваюць, што 2011 год пачаўся для іх не 1 студзеня, а ў крывавую ноч з 19 на 20 сьнежня яшчэ 2010-га. Менавіта з гэтай драматычнай падзеі людзі, здольныя на думаньне, адлічваюць каляндарны шэраг позьняга лукашызму. З гэтай падзеі для вельмі многіх пачалося сацыяльна-палітычнае працьверазьвеньне. Яно працягвалася ўвесь 2011-ты год і ўжо дае пэўныя сьветапоглядныя вынікі.
Грамадзтва атрымала з боку рэжыму такія магутныя разбуральныя ўдары, так гнюсна і па-здрадніцку павяла сябе псэўдаапазыцыя, што сапраўды вобраз сьвету для шэрагу заўчора яшчэ самаўпэўненых асобаў захістаўся і даў шчыліны. Людзі адчуваюць, што жывуць у новую эпоху (ці як яшчэ гэта можна назваць), яны шукаюць адказу на шэраг пытаньняў, якія раней не займалі іхную ўвагу. Вось гэта і ёсьць тое асноўнае, што адбылося з намі за год, які пачаўся ўноч з 19 на 20 сьнежня 2010 года.
31 сьнежня 2011 г. адбывалася пэўная “пераднавагодняя мітусьня” у крамах і на рынках, людзі “закупляліся” для сьвяточнага стала. Было, аднак, заўважана, што натоўпы пакупнікоў былі не такія шматлікія і харчоў з алкаголем яны закуплялі ўжо ня столькі, як раней. Перад кожным пунктам абмену валютаў з раніцы да цемры стаялі цярплівыя чэргі ў 15-20-30 чалавек. Грамадзяне дасталі з хованак свае эўра і даляры, каб памяняць іх на беларускія рублі і ісьці зь імі ва ўнівэрмагі-унівэрсамы. Гэта сьведчыць аб тым, што да сьвятаў рублі ўжо скончыліся і ўзьнікла патрэба крануць “недакранальныя рэзэрвы” з валюты, якую грамадзяне захоўвалі ў якасьці сьведчаньня сваёй фінансавай стабільнасьці. Бачна было па тварах, што грамадзянаў гэтая трансакцыя не радавала. Яны ня думалі раней, што з рэзэрвамі давядзецца разьвітвацца з такой банальнай нагоды, як навагодні стол.
Крыху паспаўшы пасьля начнога сьвяткаваньня, беларусы ўключылі тэлевізары раніцай 1 студзеня. А там БТ паказвала дамачку ў ружовым капелюшы. Яна вельмі артыкулятыўна на мове акупанта распавядала пад плаўную музычку: “Белоруссы давно освоили экзотический отдых. Белоруссам нравится отдыхать в Тайланде...” Пасярод тэлесюжэта з сланамі і пальмамі адбылося рэкламнае ўключэньне. Бадзёры русскоязычный голас вяшчаў з “камсамольскім задорам”: “Пускай Белорусь ругают. Но у нас есть свой собственный путь, с которого мы не сойдём...” Лукашыстоўскае чучхэ ды яшчэ на пасьлясьвяточную галаву — гэта было ўжо занадта. Людзі выключалі тэлевізары і паварочваліся на другі бок...
Праявілі “бдітельность органов”!
3 студзеня на беларуска-польскай мяжы быў затрыманы “дзяржаўны злачынца”. На працягу чатырох гадзін яго дапытвалі чыны КГБ, якія тэрмінова былі выкліканы з Горадні. Жыхар вёскі Каробчыцы Гарадзенскага раёну Янка Карчэўскі меў візу і ўсе дакумэнты ў парадку. Але “дзяржзлачынца” меў пры сябе некалькі ўлётак Беларускага Народнага Фронту, падпісаных ягоным Старшынёй Зянонам Пазьняком. Пікантнасьць справы ў тым, што гэтым улёткам ужо 18 гадоў. Яны былі выпушчаны ў 1995 годзе да выбарчай кампаніі ў Вярхоўны Савет 13-га скліканьня. І вось якая “бдітельность органов”!
Убачыўшы імя лідара беларускага народу і выяву Пагоні, кантора замітусілася на “свяшченных рубежах союзного государства РФ і РБ”. Баяцца акупацыйныя структуры, калоцяцца, губляюць раўнавагу...
Маскоўская сьвядомасьць і “беларуская салідарнасьць”
На прыканцы году ў “незалежных” СМІ прайшло паведамленьне пра інцыдэнт з беларусам у Маскве. Наш чалавек вырашыў памяняць на даляры 6 мільёнаў рублёў (як мы разумеем, расейскіх рублёў). Ён дамовіўся на выгодны абмен у прыбанкаўскім шапіку-абменьніку і перадаў валюту ў вакенца маскоўскай паненцы. А потым адбылося нешта нештодзённае. Вакенца зачынілася, паненка зьнікла, а беларус застаўся стаяць з раззяўленым ротам і пустым “кейсам”. Выкліканы паліцэйскі нарад высьветліў, што шапік пры банку не належыць банку і ня мае ніякай ліцэнзіі на абмен валюты. Паненку так і не знайшлі. Што было далей, “незалежныя” не паведамляюць. Мяркуем, што беларус свае грошы ўжо ніколі ня ўбачыць.
Мяркуем таксама, што вопытныя маскоўскія жулікі высьветлілі або зразумелі (паводле акцэнту), што маюць справу зь беларусам. Калі б такую крымінальную трансакцыю яны паспрабавалі зрабіць з дагэстанцам або інгушом, то ніхто б маскоўскую паліцыю не выклікаў. Праз гадзіну перад банкам і псэўдаабменьнікам сабраліся б некалькі сотняў (а можа і тысячаў) прадстаўнікоў даволі малалікіх горскіх народаў. Адбылася б лакальная мабілізацыя нацыянальных рэзэрваў па ўсёй імпэрскай сталіцы. Яны б не грубілі і не палохалі зброяй маскоўскіх жулікаў. Проста сам выгляд масы сур'ёзных суродзічаў вымусіў бы жульлё вярнуць грошы і папрасіць прабачэньня (маўляў, “не так зразумелі”... і г.д.).
Аказваецца, зь беларусам у Маскве усё можна. Маскоўскія крымінальнікі ведаюць пра індывідуалізм, якім ганарацца многія грамадзяне Беларусі (асабліва ў тым выпадку, калі ў іх водзяцца грошы). Жулікі ведаюць, што пры словазлучэньні “нацыянальная салідарнасьць” шмат якія “безязыкія” беларусы ў нас сьмяюцца і адмахваюцца рукамі...
“Цель вашего пріхода сюда!?”
У навагоднюю ноч па ўсёй Беларусі была праведзена паліцэйска-гэбоўская спэцапэрацыя пад крыптонімам “Ёлкі-палкі”. Вакол вялікіх сьвяточных ялін, што паставілі на цэнтральных плошчах нашых гарадоў і мястэчак, усю ноч стаялі шчыльныя карэ ва ўніформах з гумовымі палкамі, кругамі бегалі дзяржыморды ў цывільным. Яны пагрозьліва ўглядаліся ў вясёлыя твары сьвяткуючай публікі і чакалі сігнала, каб кінуцца на ўсё, што афарбавана ў бел-чырвона-белыя колеры.
Даўся ў знакі рэжыму вялікі нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, які ўзьняў над Віцебскам 7 студзеня 2009 года патрыёт Сяргей Каваленка, сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Тады Сьцяг убачыў увесь горад і ўся краіна — у цэнтры горада, над высокай сьвяточнай ялінай. Вось і разьвіўся ў рэжыма адмысловы комплекс і яліначная фобія. Сяргея Каваленку рэжым сёлета ўжо больш за два тыдні катуе ў турме. А ўсяроўна страх перад Нацыянальным Сьцягам прымушае маскоўскіх халуёў калаціцца.
У навагоднюю ноч да гарадзкой сьвяточнай яліны прышла маці Сяргея Каваленкі. Да яе адразу падбеглі дзяржыморды, загалёкалі: “Цель вашего пріхода сюда!?” Асабліва расперазана і нахабна паводзіў сябе ў адносінах да пажылой жанчыны міліцэйскі чын Лаўроў (маскоўскі асаднік Лавров). Ён абяцаў (да рашэньня суда), што сын жанчыны “будет сідеть в тюрьме”.
Тыя, хто зьдзекуюцца зь беларусаў, з нашых маці, павінны ведаць, што якраз іх чакае справядлівы і суровы суд у вызваленай ад лукашызма Беларусі.
Янка Базыль