ЗАМЕЖНЫ ДРУК (02–04.01.2012)
Асад абрынецца
2 студзеня 2012 г. італьянская газэта “Repubblica” напісала пра новыя злачынствы рэжыму Асада ў Сірыі. Спэцслужбы страляюць па мірных дэманстрантах, загінула 5 чалавек. Перад ізраільскім парлямантам выступіў міністар абароны краіны Эхуд Барак. Ён заявіў сярод іншага: “Набліжаецца падзеньне Асада... Асад абрынецца праз некалькі тыдняў”.
Наш камэнтар: У Сірыі ідзе народнае змаганьне супраць магутнай, шматгадовай дыктатуры. Яна такая шматгадовая і здаецца такой магутнай, што многім сірыйцам яна ўяўляецца вечнай і непераможнай. Але аналітыкі ў суседняй краіне могуць лепш зразумець разьвіцьцё падзей і тэндэнцый і даць адэкватныя прадказаньні блізкай будучыні. Такое магчыма ня толькі ў адносінах да дыктатуры ў Сірыі.
Алесь Хадасевіч
Лібэрал-гэбізм
2 студзеня 2012 г. летувіская газэта “Lietuvos Rytas” апублікавала артыкул пад тытулам “У маскоўскім Музэі Сэкса ёсьць таксама і аголены Пуцін”.
Наш камэнтар: Лубянка на працягу 20 апошніх гадоў шмат чаго дазволіла ў Расеі абы трымаць іх падалей ад думаньня і палітыкі. Закруціўшы гайкі ў сур'ёзных сфэрах, кантора лібэральнічае на тэму Пуціна “як сэкссымвала”. Некаторыя і паверылі ў гэты “лібэралізм”. Галоўнае тут для лубянскіх “лібэралаў”, каб загнаць-завабіць электарат на запаўненьне выбарчых участкаў (“галасаваньне”) на чарговым канторскім электаральным фарсе. А покуль што няхай электарат пазабаўляецца.
Юрка Марозаў
Выпрабаваньні лекаў на дзецях
3 студзеня 2012 г. французкая газэта “Le Monde” паведаміла з Індыі. Там былі асуджаны да штрафу два мэдыкі, якія праводзілі выпрабаваньні лекаў на непаўнагадовых пацыентах. Гэтая практыка даволі шырака распаўсюджана ў Індыі, але толькі двое лекараў прызналіся, што рабілі гэта на замову фармацэўтычных фірмаў. Насельніцтва штата Матх'я Прадэш раз'юшана, пытаньне абмяркоўвалася ў мясцовым парляманце.
Наш камэнтар: Пасьля падзеньня антыбеларускага рэжыму будзе праведзена сьледства ў справе антычалавечых экспэрымэнтаў, што праводзяцца над беларускімі дзецьмі рознымі спэцамі ў белых халатах (асабліва ў раёнах, атручаных чарнобыльскай радыяцыяй). Дзіўна толькі, што дагэтуль вельмі спакойныя бацькі гэтых дзяцей, якія аддаюць сваіх малечаў на 1-3 месяцы на год на такзваную “рэабілітацыю” у нейкіх дзіцячых цэнтрах. Пасьля “рэабілітацыі” здароўе дзяцей не паляпшаецца. Што адбываецца ў гэтых месцах, дзе трымаюць дзяцей?
Юрка Марозаў
Банкаўская саўдэпія
3 студзеня 2012 г. нямецкая газэта “Frankfurter Allgemeine Zeitung” напісала пра пратэсты ў Эўракамісіі з нагоды прыняцьця новага Закону парлямантам Угоршчыны. Паводле Закону, больш палітычных прадстаўнікоў увойдзе ў склад рады Цэнтральнага Банку краіны. З канца мінулага году прадстаўнікі Эўразьвязу давалі з Будапэшта трывожныя сігналы аб тым, што “Цэнтральны Банк праз новыя законы губляе сваю незалежнасьць”. Гэта, маўляў, супярэчыць артыкулу 130 Пагадненьня аб Эўразьвязе, у якім прадпісана, што банкі, адказныя за дзяржаўную фінансавую палітыку ў Эўразьвязе, не падлягаюць указаньням нацыянальных інстытуцыяў. Старшыня Эўракамісіі Барозу і іншыя эўракіраўнікі пагражаюць, што не дадуць Угоршчыне фінансавай падтрымкі. У Будапэшце адбываюцца шматтысячныя дэманстрацыі супраць прэм'ера Орбана і новай Каснтытуцыі.
Наш камэнтар: Аказваецца, “незалежнасьцю нацыянальных банкаў” Брусэль лічыць залежнасьць гэтых банкаў ад Эўразьвязу. Гэтыя банкі “не падлягаюць указаньням нацыянальных інстытуцыяў”. Дык такое ўжо было ў савецкі час з нацыянальнымі банкамі Беларусі, Эстоніі і г.д., якія падлягалі ўказаньням Масквы. Мы памятаем, чым гэта скончылася ў жніўні 1991 года. Аказваецца, Брусэль стварыў новы Савецкі Саюз у банкаўскай сфэры. Вінікі гэтай банкаўскай саўдэпіі ў наяўнасьці — эканамічны і фінансавы крызіс у Эўразьвязе. Як толькі кансэрватыўнае, патрыятычнае кіраўніцтва Угоршчыны законна вярнула сябе права распараджацца сваім Нацбанкам, Барозу і іншыя загаласілі пра бунт і непадпарадкаваньне Брусэлю. На вуліцы бадзёра выйшлі тысячы левых начале з былым прэм'ерам-камсамольцам Дзюрчанем (прамаскоўскі рэжым якога якраз і загнаў Угоршчыну ў крызіс). Патрыятычнае кіраўніцтва абараняе і ратуе краіну.
Алесь Хадасевіч
Людзі, ператвораныя ў робатаў
3 студзеня 2012 г. дацкая газэта “Politiken” зьмясьціла ў сваім электронным выданьні відэаздымкі пад тытулам “Паўночна-карэйская прапагандысцкая машына працягвае працаваць”. Пасьля сьмерці Кім Чэн-іра рэжым ягонага сына зноў зьбірае на плошчы дзесяткі тысячаў людзей, якія прысягаюць на вернасьць рэжыму.
Наш камэнтар: Выглядае ўсё макабрычна: дарослыя людзі, ператвораныя ў робатаў, кланяюцца, клянуцца і дзячаць... Вельмі важна, каб Беларусь з лукашыстоўскім чучхэ не апынулася ў такой яме, калі скончыцца рэжым “вялікага кормчага” і кантора будзе спрабаваць пакінуць усё, як было.
Алесь Хадасевіч
Абое рабое
4 студзеня 2012 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” паведаміла з Масквы. Расейскія апазыцыйныя актывісты ўтварылі працоўную групу, якая будзе зьбіраць подпісы пад заявай у Вярхоўны суд РФ, каб той адмяніў вынікі парляманцкіх выбараў 4 сьнежня 2011 г. Пра гэта паведаміў сябра апазыцыйнага руху “Салідарнасьць” М. Шнэйдэр. Канчатковы тэкст пэтыцыі ў суд “будзе падрыхтаваны да паловы лютага”, — сказаў Шнэйдэр.
Наш камэнтар: Але цікава ў гэтых маскоўскіх таварышаў-лібэралаў. Подпісы яны будуць зьбіраць, але тэкст пэтыцыі будзе напісаны толькі а палове лютага. Потым яны будуць насіць пэтыцыю ў лубянскі суд, весьці перамовы... А тут і 4 сакавіка — выбары прэзыдэнта РФ: “Усе на выбары, дарагія расіяне! Ні кроку назад!” Псэўдаапазыцыйная хітрасьць М. Шнэйдэра вельмі падобная на такую ж хітрамудрасьць менскай псэўдаапазыцыі. І тут Л. Марголін ды іншыя з АГП таксама тлумяць галаву нашым людзям сваімі тэорыямі пра “байкот” і “асуджэньне ўладаў”. А потым зноў заклікаюць ліквідаваць дыктатуру на псэўдавыбарах, арганізаваных гэтай дыктатурай. Абое рабое.
Алесь Хадасевіч
Разрабаваньне Беларусі маскоўскай мафіяй
4 студзеня 2012 г. польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул пад тытулам “Дзядзька Міша з Масквы”. Да Лукашэнкі перад навагоднімі сьвятамі прыязджаў расейскі нафтавы магнат Міхаіл Гуцэрыеў. Калі Лукашэнка з малым Колем наведвалі дзіцячы прытулак у Жодзіне і раздавалі салодкія падарункі, дзеці крычалі: “Дзякуй, дзякуй!” “Гэта не мне трэба дзякваць. Давайце падзякуем дзядзьку Мішу з Масквы!” — адказаў Лукашэнка, ківаючы галавой у бок Гуцэрыева. Гуцэрыеў бярэ пад кантроль залежы фасфатаў, якія раней распрацоўваліся выключна беларускім дзяржканцэрнам “Беларуськалій”. Будаўнічыя фірмы Гуцэрыева будуць будаваць у Менску шматпавярховыя раскошныя гатэлі.
Наш камэнтар: Разрабаваньне Беларусі маскоўскай імпэрскай мафіяй працягваецца. Лукашэнка заклікае яшчэ й дзячыць мафіёзам за іхнае ўламаньне ў наш народны дом.
“Дзядзька Міша”, аднак, павінен ведаць, што зьдзелкі з нелегітымным антыдзяржаўным рэжымам ёсьць юрыдычна нікчэмнымі.
Юрка Марозаў