ПРА ШТО ПІШУЦЬ ЗА МЯЖОЙ (19–20.12.2011)

Хапаньне людзей

19 сьнежня 2011 г. нідэрляндская газэта “De Telegraaf” напісала пра падзеі ў Менску. 30 мужчын і жанчын былі арыштаваны агентамі ў цывільным, калі яны выйшлі ў цэнтар беларускай сталіцы з партрэтамі палітвязьняў і сьвечкамі. Людзей таксама проста хапалі на вуліцах.

Наш камэнтар: Беларусы заўважылі, што арганізатары акцыі ня мелі з сабой ніводнага нацыянальнага Бел-Чырвона-Белага Сьцяга. Але людзей падставілі пад чарговы ўдар.

Алесь Хадасевіч


Цяжка быць аўтарытэтам

19 сьнежня 2011 г. іспанская газэта “АВС” апублікавала артыкул пад тытулам “Эўропа разьвітваецца з гігантам маральнасьці”. Артыкул прысьвечаны разьвітаньню з памерлым Вацлавам Гавэлам.

Наш камэнтар: Да смутку далучаюцца і беларускія патрыёты.

Аднак, беларусы памятаюць, як псэўдаапазыцыйныя русскоязычныя пустышкі і агентура (Халезін і некалькі іншых) улезьлі ў давер да чыстага душой і сумленнага чалавека. Дайшло да таго, што яны куражыліся на ягонай дачы пад Прагай і апублікавалі свае хамскія фота ў “Нар. Волі”. Праз пэўны час Гавэл урэшце разабраўся, што мае справу з жулікамі, і адвярнуўся ад іх. Вакол яго заўсёды церлася ўсякая антыбеларуская пена. Цяжка быць маральным аўтарытэтам у наш час.

Юрка Марозаў


Дагуляўся казахскі Назарбаеў

19 сьнежня 2011 г. французкая газэта “Le Monde” паведаміла, што тысячы людзей выйшлі на дэманстрацыі пратэсту ў заходнім Казахстане. Яны патрабавалі адмены надзвычайнага становішча ў горадзе Жанаазэне і пратэставалі супраць расстрэлаў людзей паліцыяй.

Наш камэнтар: Дагуляўся казахскі дыктатар Назарбаеў у наддзяржаўныя “саюзы” з Масквой. Мацнее народны супраціў антыказахскай палітыцы. Народ абавязкава скіне з сябе рэжым забойцаў.

Алесь Хадасевіч


Карэйскі Коля заступіў на пасаду

20 сьнежня 2011 г. бэльгійская газэта “De Standaard” апублікавала артыкул пад тытулам “Любімы Правадыр атрымаў Вялікага Пасьлядоўніка”. Газэта паведаміла пра сьмерць лідара Паўночнай Карэі Кім Чэн-іра, на месца якога прызначылі ягонага сына Кім Ён-уна.

Наш камэнтар: Карэйскі Коля заступіў на пасаду. Беларусы бачаць у падзеях выразную аналогію і ня хочуць, каб карэйскі кашмар рэалізаваўся ў іхнай краіне.

Юрка Марозаў


Гнюснае амплуа

20 сьнежня 2011 г. партугальская газэта “Jornal de Noticias” паведаміла пра рэакцыю ў Дзярждуме РФ на зьмену лідарства ў Паўночнай Карэі. Віцэ-старшыня думскай камісіі па замежных справах Клімаў заявіў, што “трэба не дапусьціць у П. Карэі “каляровых рэвалюцый”, бо яны могуць мець катастрафічныя наступствы”. Маўляў, у П. Карэі ёсьць ядзерная зброя.

Наш камэнтар: Трэба спытаць тав. Клімава: а хто, як не Расея, утварыў пачварны чалавеканенавісьніцкі рэжым у Пхэньяне? Хто арганізаваў гэтаму рэжыму ядзерную зброю?

Масква заклікае не дапусьціць народнага вызваленьня ад дзікай прамаскоўскай тыраніі. Усё лагічна. Але баяцца ў Крамлі ня столькі вызваленьня паўночных карэйцаў, колькі прывабнасьці рэвалюцынага прыкладу для народаў, паняволеных Масквой. Масква да апошняга падтрымлівала нябожчыка Кадафі, падтрымлівае сірыйскага монстра Асада. Цяпер вось бароніць Колю Ён-уна. Гнюснае амплуа Імпэрыі Зла.

Алесь Хадасевіч


Рыхтуюцца да фінансавай катастрофы

20 сьнежня 2011 г. славацкая газэта “Pravda” напісала пра план уладаў Вялікай Брытаніі. Улады цяпер маюць план эвакуацыі сваіх грамадзянаў з Іспаніі і Партугаліі на выпадак абвалу банкаўскай сістэмы гэтых краін. Шмат пажылых брытанцаў пражываюць у гэтых цёплых краінах. Ідуць развагі пра магчымасьць фінансавай катастрофы на поўдні Эўропы.

Наш камэнтар: Дагулялася Нямеччына з сваім “лідарствам” у Эўразьвязе, з штучнай валютай эўра і ўсім гэтым новым савецкім эўра-саюзам. Народы ўжо прадстаўляюць свае рахункі пыхліваму Берліну.

Алесь Хадасевіч


Адказы трэба шукаць цяпер.

20 сьнежня 2011 г. швэдская газэта “Dagens Nyheter” апублікавала артыкул пад тытулам “Якую краіну ён пакідае пасьля сябе?” Швэдскі спэцыяліст па Паўночнай Карэі Торб'ёрн Пэтэрсан піша пра разбурэньне эканамічнай і сацыяльнай сфэраў рэжымам памерлага Кім Чэн-іра.

Наш камэнтар: Гэтым жа пытаньнем павінен задацца сёньня беларускі народ. У што ператворана наша краіна за 17 гадоў лукашыстоўскага “чучхэ” пад дудку Масквы? Адказы трэба шукаць цяпер.

Юрка Марозаў


Носьбіты антычалавечай ідэалогіі

20 сьнежня 2011 г. летувіская газэта “Lietuvos Rytas” напісала пра грамадзкую дыскусію ў культурных колах краіны. Многія дзеячы культуры заяўляюць, што нельга дапусьціць, каб на канцэрце ў Каўнасе ў памяць трагічных падзеяў 13 студзеня 1991 г. выступаў маскоўскі дырыжор В. Гергіеў. Яго называюць блізкім сябрам Пуціна, які шмат разоў канцэртаваў на палітычна ангажаваных канцэртах. Газэта прыгадвае таксама, як у балтыйскіх краінах выступаў Газманаў і іншыя выканаўцы, вядомыя сваімі ваяўнічымі ультрапатрыятычнымі сьпевамі.

Наш камэнтар: Заўважым, што гэта не “ультрапатрыятызм”, а банальны нахрапісты расейскі імпэрыялізм. Носьбітаў гэтай антычалавечай ідэалогіі сапраўды ня трэба дапускаць у Летуву, Беларусь і іншыя эўрапейскія краіны.

Алесь Хадасевіч