“ТРЭБА РАТАВАЦЬ РАДЗІМУ З КРЫВАВАГА КАТЛА”

(сцэны з жыцьця пры позьнім лукашызме)

Зразумеў Ярмошыну

З 1988 года беларускія патрыёты змагаюцца за вызваленьне сваёй Радзімы ад імпэрскіх акупантаў і ўсё ніяк ня мелі магчымасьці пачуць пра такога дзеяча, як цяперашні намгенсека АГП сп. Л. Марголін. А дарэмна, сп. Марголін паказаў сябе, што ўмее разумець Ярмошыну. 15 сьнежня ён заявіў на Радыё Свабода: “На самой справе Ярмошына вельмі баіцца, што будзе байкот... Мэта Ярмошынай зрабіць так, каб апазыцыя ўдзельнічала ў парляманцкіх выбарах”. Потым, праўда, Л. Марголін дадаў, што апазыцыя чакае ад Ярмошынай “стварэньня адпаведных умоваў”, а тады, маўляў, апазыцыя на выбары пойдзе. Якія ўмовы на працягу апошніх 17 гадоў стварае рэжым на сваіх псэўдавыбарчых гульнях, беларусы ўжо ня раз пабачылі і больш хадзіць на гэтыя гульні ня хочуць. Гэта, здаецца, заўважылі нават назіральнікі з АГП. Але яны ўсяроўна пойдуць. Так і гавораць.

Апісальніка “нашага Ярка” адзначылі ў Польшчы.

Нядаўна ў Польшчы апытвалі мясцовых рэдактараў СМІ на прадмет лепшага журналіста году ў гэтай краіне. Бальшыню галасоў атрымаў А. Пачобут з Гародні, які працуе на “Газэту Выборчу”. Цяпер ён “польскі журналіст году”. Паведамляецца, што ён атрымаў узнагароду за “прафэсіяналізм, прасоўваньне міжнародных стандартаў працы ў СМІ і захаваньне этычных канонаў прафэсіі”.

Беларусам гэты кадр запомніўся фанфарнымі рэпартажамі з Беларусі падчас фальшывай перадвыбарчай кампаніі 2010 года, калі ён пісаў пра “электаральную актыўнасьць” нашых людзей і вывеў у ідэал прэзыдэнцкага кандыдата Я. Раманчука, названага Пачобутам даволі любоўна “наш Ярэк”. Потым, праўда, раскрылася, што псэўдаапазыцыя ў цэлым супрацоўнічала з рэжымам па мабілізацыі людзей на фальшывыя “выбары”. Таксама раскрыўся і “наш Ярэк” як гнюсьненькі агенцік гэтага рэжыму, удзельнік першых рэжымных правакацый 19-20 сьнежня 2010 года. Пра “Ярэка” усе пачалі ўжо паціху забывацца, а вось імя стваральніка ягонага сьветлага і рамантычнага вобраза — журналіста Пачобута — падобна, што будзе зьзяць вечна ў аналах польскай журналістыкі як узор “захаваньня этычных канонаў”.

Гэбельсаўская прапаганда

Пасьля крымінальнай здачы Маскве нацыянальнай беларускай маёмасьці — “Белтрансгазу” — лукашыстоўскі рэжым уключыў сваю гэбельсаўскую прапаганду. Рэжым пачаў пераконваць людзей, што “Белтрансгаз” — “іржавая труба”. Маўляў, аддалі Маскве, што самым ня трэба. Запрашаем зайсьці на афіцыйны сайт кампаніі “Белтрансгаз” і пагартаць яго, каб пабачыць сапраўднае становішча гэтага каласальнага прамысловага комплекса — мапы, структуры, імёны (бачна, што акупанцкая небеларуская публіка там вельмі грунтоўна засела ў кіраўніцтве), фота і г.д. “Іржы” мы ў “Белтрансгазе” ня ўбачылі. Адрас: http://www.btg.by

Палітычныя блазны — любімы жанр калгаснай тыраніі.

“Незалежная журналістыка” выдае свае чарговыя “шэдэўры”. Радыё Свабода паведаміла 16 сьнежня пра рэпрэсіі рэжыму ў адносінах да А. Кірылава, названага “жыхаром Віцебска, паплечнікам былога прэтэндэнта на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах С. Рыжова, прыхільнікам стварэньня Беларускай кансэрватыўнай партыі “Белая Русь”. На здымку на сайце Радыё — гэтыя Кірылаў і Рыжоў, “преісполненные свяшченного гнева”. Напісана таксама пра грашовы штраф і заклік гэтых грамадзянаў да народу Беларусі “распачаць 19 сьнежня бестэрміновы палітычны страйк ды патрабаваць адстаўкі Лукашэнкі”.

Гучыць прыгожа, але трэба разабрацца. Пра гэтых “прэзыдэнцкіх прэтэндэнтаў” мала хто ведаў і год таму, а цяпер ужо ўсе забыліся. І вось яны ўсплываюць, заклікаючы да стварэньня нейкай партыі “Белая Русь” (ведаем, што пад такім назовам стварае сваю партыю намэнклятуршчыкаў Лукашэнка), а ў дадатак “прэтэндэнты” кажуць пра палітстрайк і адстаўку дыктатара. У палітычнай барацьбе прынята, што гукальшчыкі пра страйк або паўстаньне самы займаюцца і арганізоўваюць падрыхтоўку дадзеных агульнанацыянальных дзеяньняў (пры чым робяць гэта не за тры дні да падзеяў, а значна раней). А тут у абласным горадзе засьвяціліся дзьве кур'ёзныя асобы, “прыхільнікі стварэньня нейкай “Белай Русі” і з гэтага ўжо зроблена падзея. У наяўнасьці інфармацыйная пустышка, гаварэньне дзівакоў, блытаньне людзей і прафанацыя сур'ёзных дзеяньняў. Трэба, відаць, чакаць яшчэ зьяўленьня псіхіятрычнага арыгінала Клімава, які будзе абвяшчаць “рэвалюцыю”. Палітычныя блазны — любімы жанр калгаснай тыраніі.

Крывавы кацёл

Не пасьпелі сьціхнуць фанфарныя гукі нядаўна ўтворанага “Эўразійскага саюза”, са сталоў аднесьлі пустыя пляшкі шампанскага, а ў “саюзе” распачаліся закалоты. Пры чым там, дзе ў прынцыпе ніхто гэтага не чакаў. У казахскім горадзе Жанаэзэне страйкоўцы — рабочыя і інжынэры — перакулілі афіцыёзную дэкарацыю і разагналі з трыбуны намэнклатурную публіку ў сабаліных футрах. Страйкоўцы падпалілі мясцовы “дом советов” і разграмілі частку мясцовай “Рублёўкі” — квартала, дзе камфортна пражываюць на фоне народнай галечы згаданыя футры. Рэжым кінуў супраць людзей унутраныя войскі, якія адкрылі агонь. Забіты і паранены сотні людзей. Карнікі ізалявалі горад ад зьнешняга сьвету.

Гэтым, як заўсёды, карыстаюцца розныя “экспэрты”. Пра іхную думку спыталіся ў беларускай рэдакцыі Радыё Свабода. “Экспэрты” сказалі: “А што ўласна такое? Такое па некалькі разоў адбываецца ў Казахстане штогод...” Цікавая інфармацыя. І зь якой гэта краінай злучыў нас антыбеларускі рэжым? З Расеяй усё зразумела, яна даўно ўжо пудзіла для нармальных людзей у сьвеце. Цяпер мы даведаліся шмат новага пра Казахстан, “азійскую” частку “Эўразійскага саюза”. Там, аказваецца, “па некалькі разоў штогод” паляць будынкі дзяржадміністрацыі і мясцовыя “рублёўкі”, страляюць залпамі па людзях і ізалююць іх ад зьнешняга сьвету. Няхай бы РФ і Казахстан бяз нас вырашалі свае праблемы, беларусаў там толькі не хапала. Трэба ратаваць нашу Радзіму з гэтага крывавага катла.

Ёсьць зьвесткі і з Расеі. Праваабаронца Максім Бурлацкі распаўсюдзіў у маскоўскай інтэрнэт-газэце Грані.Ру свій інфармацыйны тэкст “Ідуць хапуны на прызыўнікоў!” Цытуем праваабаронцу: “Ваенкаматы распачалі масавае паляваньне на рабоў-прызыўнікоў. Прычым учора пад хапун патрапілі студэнты з адтэрміноўкай! З раніцы вылавілі, дзень трымалі, як быдла, пад замком, нават есьці не давалі, увечары накіравалі ў частку. Прычым гэта толькі кветачкі, ягадкі пойдуць з гэтых выходных! Першая парада — нікому не адчыняць дзьверы. Далей праваабаронца дае рэкамэндыцыі паводзінаў расейскай моладзі.

Гэта ёсьць інфармацыя з “эўрапейскай” часткі “Эўразійскага саюзу”. Кола замкнулася. Ці трэба ўсё гэта беларускай моладзі і нашаму народу?

Янка Базыль