ДАДЗЕНА АДМАШКА ДУШЫЦЬ БЕЛАРУСАЎ

(Сцэны з жыцьця пры позьнім лукашызме)

Беларусы, якія едуць у цягніках па сваёй зямлі, зьдзіўляюцца колькасьці расейцаў у пасажырскіх вагонах — часам квіткі немагчыма набыць, бо ўсё выкуплена яшчэ з Сібіру. Расецы актыўна атабарваюцца ў нашай краіне. Беларусы — народ разважлівы і неагрэсіўны, нашы людзі распытваюць усходніх візыцёраў пра іхнае жыцьцё-быцьцё, палітычныя прэфэрэнцыі і г.д.

Нешта апошнімі гадамі заглохла бадзёрае гуканьне русскоязычных наконт “мы очень любім нашего Путіна і многого ждём от него”. Падобна, што “не даждаліся”. Прыкметай расейскіх маналогаў апошняга часу ёсьць агульная іхная ўпэўненасьць: “А нам у Расеі паўсюль кажуць, што пасьля Новага году ў вас увядуць рускі рубель. Вот хорошо-то будет, в обменнік ходіть не надо...”

Татальная апрацоўка “дорогіх россіян” павінна выклікаць трывожныя пачуцьці ў беларускіх людзей. Нават калі крамлёўскі вораг ня робіць гучных заяваў з свайго цэнтру, ня трэба прапускаць міма вушэй упэўненую траскатню яго лакальнай прапаганды. Крэмль рыхтуе расейскую грамадзкую думку да “блізкай перамогі над Беларусьсю”, да скарэньня чарговай постсавецкай правінцыі (пасьля Прыднястроўя-Абхазіі-Асэціі). Толькі ў Маскве забыліся, што гэтым разам йдзецца не пра невялічкія тэрыторыі з нешматлікім насельніцтвам, а пра эўрапейскую краіну, дзе жыве наш народ. І гэты народ яшчэ скажа сваё слова, ды так, што захістаецца гнілая імпэрская махіна.

Грамадзкі транспарт, як вядома, ёсьць класічнай пляцоўкай (нават трыбунай), на якой выразна праяўляецца грамадзкая думка і нават стан грамадзтва. Жанчына-фронтаўка ехала днямі ў мэтро. Раптам адзін з пасажыраў паваліўся на падлогу вагону і закалаціўся. Жанчына адэкватна вызначыла, што ў маладога чалавека пачаўся прыступ эпілепсіі, і папрасіла людзей дапамагчы яму. Беларусы прышлі маладзёну на дапамогу, паставіліся да яго са спачуваньнем.

Па сувязі з машыністам цягніка жанчына папрасіла выклікаць хуткую дапамогу. На наступнай станцыі ў вагон ўляцелі два здаравякі ў міліцэйскай уніформе. Яны груба схапілі хворага за плечы і пацягнулі да выйсьця. Пасажыры, убачыўшы іх, адскочылі ад пацярпелага. Толькі фронтаўка не пакінула хворага і закрычала: “А вы што? Куды вы яго цягнеце? Я хуткую дапамогу, а не міліцыю выклікала!” Здаравякі спыніліся і пачалі апраўдвацца: “А как она сюда попадёт? Мы может самі?...” Урэшце людзі не аддалі міліцыянтам хворага і дачакаліся, пакуль на платформу прыйдзе мэдычная брыгада.

Такім чынам, “праваахоўныя ворганы” рэжыму навучаныя толькі на тое, каб “хапаць і не пушчать”. Вядома, што ў цывілізаваных краінах паліцыя навучаная нават роды прымаць, аказваць першую мэддапамогу і г.д. Супраціў аднаго чалавека тупому гвалту спыніў міліцэйскае самаупраўства.

Ёсьць такая прафэсія, прыналежнасьць да якой у Беларусі стала прыхоўвацца носьбітамі гэтай прафэсіі. Калі ў грамадзкім транспарце гамоняць паміж сабой настаўніцы, наракаючы на малыя заробкі і маразм школьнага існаваньня, людзі не забываюцца сказаць ім грозным тонам “некалькі цёплых словаў”: “Скардзіцеся? А хто стаяў у перадвыбарчых пікетах з партрэтам вусатага? Хто сядзеў у камісіях на выбарчых участках і закідваў бюлетэні пачкамі? Хто дурыць галаву нашым дзецям пра шчасьце пры лукашызме?! Зарплаты вам мала? Гнаць такіх са школы!..”

Прадстаўніцы “самай гуманнай прафэсіі” убіраюць галаву ў плечы і ня ведаюць, што адказаць раззлаваным людзям. Ці здагадаліся гэтыя “учылкі”, што на іх таксама ляжыць асабістая адказнасьць за злачынствы антыбеларускай дыктатуры? Можа яны спадзяваліся, што ім добра за гэта заплацяць?

У дашкольных дзіцячых установах Беларусі пачалася падрыхтоўка да навагодніх сьвятаў. У інтэр'ерах разьвесілі бедную дэкарацыю з мішуры (купленую бацькамі, бо рэжым пазбавіў садкі фінансаваньня). Бацькі атрымалі ад рэжыму свой “пераднавагодні падарунак”: жыроўкі на аплату садка на суму, якая ўтрая больш, чым за папярэдні месяц.

Тым ня менш, у групах адбываюцца рэпэтыцыі ранішнікаў. Музрукі бадзёра ляпаюць па клавішах піяніна і выдаюць знаёмае яшчэ хрушчоўскаму пакаленьню: “Мы шлі под грохот канонады, вперёд продвігалісь отряды спартаковцев, юных бойцов/ Средь нас был юный барабаншчік...” Маршавая песенька была напісана нямецкімі бальшавіцкімі экстрэмістамі ў 1920-я гады і доўга служыла для абалваньваньня савецкай дзятвы.

У цяперашняй Нямеччыне на гэты марш няма забароны, але ніхто там не дадумаецца барабаніць яго падчас дзіцячых мерапрыемстваў. Дзеці ва ўсім цывілізаваным сьвеце сьпяваюць пра маці, сонца, мір і любімых жывёлін. Але гэта ня ўсё і яшчэ ня самае галоўнае. У садках (зразумела, цалкам русскоязычных) не пачуеш і ня ўбачыш аніводнага беларускага слова, матыву, нюансу. Няхай бы які вершык або песеньку па-беларуску развучылі хаця б “для разнообразія”. Нічога падобнага, дзеці выхоўваюцца ў татальнай ізаляцыі ад роднай культуры і мовы.

На жаль, гэты сурагатны стан не бянтэжыць многіх бацькоў. Яны гэтага “не заўважаюць”. Яны ня бачаць сувязі паміж татальнай русіфікацыяй і татальным разбурэньнем нашага чалавечага жыцьця русіфікатарскім акупацыйным рэжымам. Якія злачынствы рэжыму павінны яны перажыць, каб пачаць разьбірацца ў тым, што робіць вораг з іхнымі дзецьмі?

У патрыятычным асяроддзі ў сувязі з крызісам рэжыму пачаліся дыскусіі на тэму псэўдаапазыцыі. Некаторыя людзі кажуць: “Як пачнецца нешта сур'ёзнае, дык абавязкава наперад выскачуць такія, як Лебедько, рымашэўскія ды вінцучкі. А тут яшчэ з Масквы Шарамет прыедзе, ваду замуціць. Гэтыя зноў павядуць людзей у тупік, зноў усё спляжаць”. На гэта фронтаўцы адказваюць няўпэўненым скептыкам: “Яны сапраўды паспрабуць выскачыць наперад і замуціць. Толькі гэтым разам ня ўдасца. Будзем іх з рэвалюцыйнага штабу і з-пад рэвалюцыйнай трыбуны гнаць высьпеткамі, каб каціліся кулём...” Ад гэтых словаў паўстае такі ясны і адназначны вобраз будучых падзей, што скептыкі і сказаць ня могуць нічога.

Пасьля Крывавай нядзелі 19 сьнежня 2010 г. і на працягу апошняга году беларусы назіраюць выразную тэндэнцыю ў дзеяньнях рэжымных прадстаўнікоў. Гэта здаралася і раней, але цяпер гэтая зьява набыла адкрытыя, цынічныя формы. Беларусаў, арыштаваных за патрыятычную дзейнасьць, амаль паўсюдна судзяць суддзі, якія ня проста не размаўляюць па-беларуску, але аніслова не разумеюць на нашай мове. Калі абвінавачаныя чытаюць потым пратаколы судовых паседжаньняў, то ня могуць вачам паверыць, такая там “бэлетрыстыка” напісана.

Падчас затрыманьняў і допытаў беларускія патрыёты таксама ўсё часьцей сутыкаюцца з агрэсіўнымі заявамі міліцэйскіх чыноў: “Говоріте по-русскі, я вас не понімаю!” Суддзі і міліцыянты — істінно русскіе люді. Менавіта такія кадры робяць цяпер пасьпяховыя кар'еры ў нашай акупаванай краіне. Яны і ня крыюцца з сваім тупым няведаньнем і нежаданьнем ведаць нашу мову. Яны тут гаспадары і ім дадзена адмашка душыць беларусаў. Трэба ўсенародна фіксаваць дадзеныя гэтых службовых асобаў, каб у вызваленай ад маскоўскай акупацыі Беларусі яны ўжо ня блыталіся беларусам пад нагамі.

Янка Базыль