ПРА ШТО МАРЫЛІ МЫ Ў БНФ І ЧАГО НЕ ЖАДАЛІ

1991-шы вачыма ўдзельніка

Калі ў мяне ў кватэры не было тэлефона, даводзілася штодня па некалькі разоў бегаць у суседні двор да аўтамата (а часам і далей, калі апарат быў сапсаваны). Мабільнікаў у тыя часы не было. Калі ж у канцы 91-га тэлефон нарэшце паставілі — давялося мала спаць: начныя званкі, у тым ліку і ад незнаёмых людзей, хутка зрабіліся нормай.

У тую сьнежаньскую ноч 91-га званілі зь Віцебску. Усхвалявана паведамілі, што з вайсковага аэрадрому перагналі сем самалётаў у Расею. Адзін за адным. Цягам гадзіны.

Я пачаў абзвоньваць прыёмныя Кебіча і Шушкевіча — там сказалі, што могуць толькі зафіксаваць паведамленьне. Дазваніўся да намесьніка старшыні ВС Шаладонава — ён параіў пазваніць у штаб Беларускай вайсковай акругі (БВА). Там да майго паведамленьня паставіліся спакойна — нібыта так яно і павінна быць.

І ў гэтым не было нічога дзіўнага: вайскоўцы на тэрыторыі Беларусі (усе вайскоўцы, за выключэньнем некалькіх чалавек) — не падпарадкоўваліся кіраўніцтву Беларусі. Бо Вярхоўны Савет упарта не жадаў прымаць нашу, дэпутатаў БНФ, прапанову аб стварэньні ўласнага войска і міністэрства абароны. Стварылі толькі міністэрства ў справах абароны, штат якога складаўся зь пяці (калі не памыляюся) чалавек, уключна з шафёрам; вось гэтыя пяцёра на чале зь міністрам генэрал-палкоўнікам Пятром Чавусам і падпарадкоўваліся Вярхоўнаму Савету і Савету Міністраў.

Падпісаныя 8 сьнежня ў Віскулях пагадненьні не прадугледжвалі мэханізму падзелу былога савецкага войска, і на нейкі час склалася сытуацыя пэўнай нявызначанасьці. Хаця зь юрыдычнага пункту гледжаньня Беларусь з 25 жніўня мела поўнае права ствараць свае ўзброеныя сілы, ні парлямэнт, ні ўрад пра гэта ня рупіліся — тым часам як кіраўніцтва Расеі рабіла тое, што ў кулюарах Вярхоўнага Савету ў тыя дні ацэньвалася фразай — “Масква падграбае пад сябе ўсё”.

У сваіх інтэрвію з нагоды 20-годзьдзя Віскулёўскіх пагадненьняў Станіслаў Шушкевіч адмаўляе, што напярэдадні сустрэчы кіраўнікоў трох рэспублік плянавалася падпісаньне нейкага пагадненьня: “Мы — Фокін, Краўчук, Кебіч і я — сабраліся прасіць Расію аб пастаўках нам вуглевадароднай сыравіны зімой 1991/1992 гадоў не на рыначных умовах — таму што рынак мы не цягнулі. Вось была наша мэта — каб не замерзнуць” (інтэрвію агенцтву БелаПАН). І яшчэ, у інтэрвію “Салідарнасці”: “незалежнасьць Беларусі ўпершыню за 200 гадоў была прызнаная Расеяй. Пра гэта і марыць не маглі народафронтаўцы”.

Выпрацоўку самастойнай зьнешняй палітыкі мы (без усялякіх мараў, вельмі прагматычна) прапаноўвалі кіраўніцтву ВС, таму самаму Шушкевічу.

Што да нашых мараў — дык пасьля 25 жніўня 1991 году прызнаньне Беларусі незалежнай краінай іншымі дзяржавамі (у тым ліку і суседняй Расеяй) павінна было стаць толькі эпізодам зьнешнепалітычных дачыненьняў. І выпрацоўку самастойнай зьнешняй палітыкі мы (без усялякіх мараў, вельмі прагматычна і, як гаворыцца, “па пунктах”) прапаноўвалі кіраўніцтву Вярхоўнага Савету, таму самаму Шушкевічу. Толькі тады Станіслаў Станіслававіч нас ня слухаў.

А вось на тэме спантаннасьці падпісаньня Віскулёўскага пагадненьня хачу спыніцца крыху больш падрабязна.

У выдадзенай у “Бібліятэцы Свабоды” кнізе “Мой шыбалет” Пётра Садоўскі ўзгадвае пра Белавескія пагадненьні гэтак: “Калі ўсё адбылося, я як беларус ня мог не вітаць гэтага. Аднак як старшыня камісіі замежных спраў нацыянальнага парлямэнту я ня мог не разумець, што працэдура прыняцьця такога рашэньня ня лезе ні ў якія вароты. Я ня думаю, што Гарбачоў пачаў бы высаджваць у пушчы дэсант, калі б Ельцын і ягоныя калегі хаця б дзеля палітэсу апэратыўна запрасілі ў Віскулі прадстаўнікоў парлямэнтаў. Гэта не была пакрыўджаная амбіцыя старшыні камісіі замежных спраў. Я разумею, што магло здарыцца і нешта горшае, пад чым, напрыклад, Кебіч, які разам з Шушкевічам быў там, мог бы паставіць подпіс” (стар. 325). І там жа: “Можна было падпісаць нешта горшае, чым тое пагадненьне”.

Што не задаволіла дэпутата апазыцыі БНФ Пётру Садоўскага ў Віскулёўскіх пагадненьнях, якія канстатавалі спыненьне існаваньня СССР і, здавалася б, значна спрашчалі стварэньне незалежнай Беларускай дзяржавы?

Думаю, тут дзьве прычыны.

Пра першую было намі заяўлена 10 сьнежня ў часе ратыфікацыі пагадненьняў: мы, Апазыцыя БНФ, выступалі супраць стварэньня СНД, ацэньваючы яе ня проста як абсалютна непатрэбную структуру, але і як арганізацыю, здольную зь цягам часу пераўтварыцца ў мэханізм рэалізацыі Масквой імпэрскіх памкненьняў (далейшыя падзеі з Дамовай аб калектыўнай бясьпецы СНД (1993 год) і Мытным саюзам (2011 год) выявілі слушнасьць нашага прагнозу).

Другая прычына — найважнейшы дакумэнт ствараўся без узгадненьня з тымі, хто мог бы даць кваліфікаваныя парады. Садоўскі сьціпла адкідае свае “амбіцыі”, але я перакананы: прысутнасьць у Віскулях таго самага Садоўскага (і шэрагу іншых дэпутатаў) не зашкодзіла б.

Так, пагадненьне нарадзілася спантанна, ні Ельцын, ні Краўчук, ні Шушкевіч яго не плянавалі. Але праз 20 гадоў некаторыя ўдзельнікі тых падзеяў з расейскага боку (міністар замежных спраў Козыраў і дарадца прэзыдэнта Расеі Шахрай) прызналіся, што заклалі ў тэкст некалькі пунктаў, якія павінны былі ў пэрспэктыве значна ўскладніць (і насамрэч ускладнілі) становішча Ўкраіны, і ўкраінская дэлегацыя гэта праглынула. Так што спантаннасьць не зашкодзіла зрабіць шматхадовыя камбінацыі.

Пра беларусаў Козыраў і Шахрай змаўчалі; пэўна ж, галоўным апанэнтам бачылі Кіеў.

Але ўжо 21 сьнежня ў Алма-Аце Масква, як цяпер зразумела, абыграла лідэраў постсавецкіх рэспублік практычна ў адкрытую.

Варыянт СССР з цэнтрам у Алма-Аце быў не такі ўжо фантастычны.

Той саміт рэдка ўзгадваецца сёньня, але ён, я ў гэтым перакананы, мае важнае значэньне для канчатковай ліквідацыі СССР. Хоць Беларусь, Расея і Ўкраіна і лічылі сябе правапераемнікамі-заснавальнікамі СССР і заявілі пра скасаваньне яго як геапалітычнай рэальнасьці — але іншыя дзевяць рэспублік (Латвія, Эстонія і Літва ў працэсе ня ўдзельнічалі) маглі заявіць, што не пагаджаюцца і захоўваюць СССР. Напрыклад, з цэнтрам у Алма-Аце. І такі варыянт быў зусім не фантастычны: Назарбаеў, як вядома, падтрымліваў Гарбачова ў ягоным памкненьні захаваць СССР (той абяцаў казахскаму лідэру пасаду прэм'ер-міністра “абноўленага саюзу”), не паляцеў у Віскулі, і абвясьціў незалежнасьць Казахстану толькі пасьля адстаўкі Гарбачова. Уласна, Назарбаеў мог бы ў сваіх інтарэсах скарыстаць міжнародны аўтарытэт Гарбачова (які, заўважу, прызнаваўся Захадам як прэзыдэнт СССР і пасьля Віскулёў, да моманту сваёй адстаўкі 25 сьнежня 1991 г.). Канешне, такі квазі-СССР праіснаваў бы нядоўга, але праблемаў бы мог нарабіць багата.

Таму важна, што ў Алма-Аце лідэры рэспублік пагадзіліся зь неабходнасьцю ліквідацыі СССР.

На сустрэчу ў Алма-Ату Шушкевіч запрасіў лідэра апазыцыі БНФ Пазьняка.

Па вяртаньні з Алма-Аты Пазьняк сабраў дэпутатаў Апазыцыі БНФ у 363-ім пакоі Дому ўраду і праінфармаваў пра саміт.

Ён адзначыў моманты, якія і да гэтага часу шырока не асьветленыя, але зафіксаваныя мной у пратаколе пасяджэньня Апазыцыі. Так, некаторыя лідэры азіяцкіх рэспублік пажадалі “скасаваць берасьцейскае пагадненьне”, каб самім лічыцца заснавальнікамі” (прыкметна, што ў тыя дні падпісанае 8 сьнежня пагадненьне яшчэ не займела назву “белавескіх” ці “віскулёўскіх” — называлі яго па адміністрацыйным цэнтры вобласьці, дзе яно было падпісанае — “берасьцейскім” ). Была падрыхтаваная дэклярацыя аб “адзінай эўразійскай прасторы”.

Пазьняк таксама расказаў, што Ельцын паводзіў сябе як гаспадар і пад вечар не асабліва стрымліваў сябе ў алькаголі. Папросту, быў п'яны; у нейкі момант захістаўся і, каб не Шушкевіч з Кебічам, якія падтрымалі яго, мог бы ўпасьці зь лесьвіцы.

Аднак Масква мусіла быць удзячная кіраўніцтву беларускай дэлегацыі зусім не за гэта.

Каманда Ельцына, нягледзячы на экстравагантныя паводзіны свайго патрона, выявіла прафэсіяналізм у адстойваньні расейскіх інтарэсаў. Доступу на саміт Пазьняк, як і большасьць членаў беларускай дэлегацыі, ня меў і ня мог даваць парады Шушкевічу і Кебічу непасрэдна ў часе дыскусіі; аднак і тыя рэкамэндацыі, якія дэлегацыя давала Шушкевічу, не заўсёды выконваліся сьпікерам (у прыватнасьці, пра немэтазгоднасьць далучэньня да СНД Армэніі і Азербайджану як ваюючых краінаў).

Але самае нечаканае (і непрыемнае) здарылася ў канцы саміту.

Слова — аднаму з удзельнікаў падзеі, тагачаснаму міністру замежных спраў Пятру Краўчанку.

Краўчанка: выходзіла, што Шушкевіч нас проста здаў! Здаў нацыянальныя інтарэсы Беларусі.

“У асноўнай частцы алма-ацінскага саміту, якая праходзіла за зачыненымі дзьвярыма, удзельнічалі толькі першыя асобы рэспублік — кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў. Астатнія члены дэлегацый чакалі вынікаў перамоваў у іншым памяшканьні. Пасьля завяршэньня сустрэчы да беларускай дэлегацыі выйшаў Станіслаў Шушкевіч і распавёў пра прынятыя рашэньні. Як бы паміж іншым ён адзначыў, што на просьбу Барыса Ельцына ўсе ўдзельнікі саміту пагадзіліся прызнаць Расею правапераемніцай Савецкага Саюзу ў Радзе Бясьпекі ААН і ўласьнікам ядзернай зброі. Мы адчулі сапраўдны шок. Выходзіла, што Шушкевіч нас проста здаў! Здаў нацыянальныя інтарэсы Беларусі, якая адным махам пазбавілася галоўных козыраў на перамовах з Расеяй — аб падзеле ўласнасьці былога Саюзу. Канешне, ён ня меў права прымаць такія рашэньні, не параіўшыся з усім складам дэлегацыі. Не даводзілася сумнявацца, што цяпер мы не атрымаем ад Ельцына нічога! Памятаю, як я накінуўся на сьпікера, спрабуючы патлумачыць яму, што ён нарабіў, але Шушкевіч у адказ мармытаў нешта няўцямнае... Другім чалавекам у нашай дэлегацыі, які цалкам усьвядоміў увесь драматызм сытуацыі, быў мой даўнішні апанэнт Зянон Пазьняк. Ён спахмурнела назіраў за нашай перапалкай і, сумна ўздыхнуўшы, вымавіў такую фразу: — “Шушкевіч не клапоціцца аб дзяржаўных інтарэсах Бацькаўшчыны!” (Пётра Краўчанка, “Беларусь на распутье, или Правда о Беловежском соглашении”, “Время”, Масква, 2006, стар. 185-186).

Тут адзначу, што такое рашэньне Шушкевіча было наўпроставым парушэньнем Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, артыкул 5-ты якой, сярод іншага, канстатуе, што Беларусь “мае права на сваю долю ў агульнасаюзнай маёмасьці адпаведна ўкладу беларускага народу і як рэспубліка-заснавальніца Савецкага Саюзу, якая была яго правадзейным суб'ектам, мае права на сваю долю ад алмазнага, валютнага фондаў і залатога запасу СССР”

З гэтага моманту пра сваю долю ў алмазным фондзе і залатым запасе СССР (роўна як і пра долю ў газавых, нафтавых ды іншых распрацоўках, якія рабіліся не без удзелу Беларусі) можна было, сапраўды, толькі марыць. Што да маёмасьці за мяжой, дык савецкія дыпляматычныя місіі ў некаторых сталіцах налічвалі да шасьцідзесяці будынкаў; карпусы ў Вашынгтоне і Парыжы займаюць квартал. Усё гэта адышло да Масквы — беззваротна.

Такія рашэньні тады апраўдвалі тым, што ў якасьці “кампэнсацыі” Масква бярэ на сябе зьнешнія запазычанасьці СССР.

Мы ў Апазыцыі БНФ былі нязгодныя з такім варыянтам — яшчэ ўвосень 1990-га прынялі зварот да міжнароднай супольнасьці, у якой папярэджвалі, што беларускі народ ня будзе плаціць па запазычанасьцях, якія набірае Гарбачоў для ўтрыманьня збанкрутаванай сацыялістычнай эканомікі.

Быў і яшчэ адзін фактар, які прыгадаў Краўчанка — ядзерная зброя. Наяўнасьць ядзернай зброі давала магчымасьць — не, не шантажаваць, а папрасіць Захад аб значнай фінансавай дапамозе (ці скасаваць “беларускую” долю запазычанасьці, калі б ад яе не ўдалося адбіцца).

БНФ быў ініцыятарам абвяшчэньня бязьядзернасьці Беларусі.

БНФ быў ініцыятарам абвяшчэньня бязьядзернасьці Беларусі, і я асабіста пісаў варыянты гэтага палажэньня пры прыняцьці Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце (што такое “ядзерная мафія”, добра ведаў з часу змаганьня супраць Віцебскай АЭС у 1988 годзе). Але мару пра свабодную ад атамных боегаловак краіну мы лічылі неабходным ажыцьцяўляць прагматычнымі шляхамі, пры абавязковым выкананьні інтарэсаў Беларусі.

Тэма ядзернай зброі — тэма складаная, яна тады выклікала зразумелую нэрвовасьць у заходніх лідэраў. Што ж — у 1991 годзе нэрвовасьць выклікала ў іх і тэма незалежнасьці Беларусі. Яны, папросту, не жадалі гэтай незалежнасьці.

Я перакананы, што з Захадам мы б дамовіліся — у інтарэсах Захаду, але і з рэалізацыяй патрэбаў Беларусі (у дужках адзначу, што супакой Захаду пасьля перадачы ўсёй ядзернай зброі Маскве аказаўся заўчасным — цяпер боегалоўкі ў руках былых афіцэраў КДБ; пра такое немагчыма было сьніць у кашмарных снах нават у часы “халоднай вайны”).

Японія — зусім неблагі варыянт...

Між іншым, Пазьняк тады расказаў, што на алма-ацінскім саміце альтэрнатывай перадачы Расеі крэсла ў Радзе Бясьпекі ААН была магчымасьць заняць гэтае крэсла Японіяй. Як па мне, дык Японія — зусім неблагі варыянт з улікам таго, як наступныя 20 гадоў галасавала Расея ў Радзе Бясьпекі.

На тым пасяджэньні апазыцыі пасьля Алма-Аты Лявон Баршчэўскі сказаў фразу, якую я і сёньня чую даслоўна і з інтанацыяй:

“Імпэрыя развалілася. Крыві было праліта, але магло быць значна болей”.

25 сьнежня Міхаіл Гарбачоў заявіў пра адстаўку; як ні дзіўна, але я слухаў ягоную прамову (яна трансьлявалася) са спачуваньнем: пры усёй непасьлядоўнасьці, а ў апошнія гады і антыдэмакратычнасьці ягонай палітыкі, менавіта Гарбачоў (безумоўна, не прадбачыўшы выніку) паклаў пачатак разьняволеньню грамадзтва. Прыстойнасьць Гарбачова ў ягоным рашэньні аб адстаўцы ацэнена будзе значна пазьней, калі прэзыдэнты і правадыры пакажуць прыклады чапляньня за ўладу танкамі, дубінкамі АМАПу, укідваньнем у выбарчыя урны фальшывых бюлетэняў і кіданьнем у турмы палітычных апанэнтаў.

У той дзень з крамлёўскага купала быў спушчаны чырвоны сьцяг, і СССР канчаткова спыніў існаваньне.

Але Масква — засталася Масквой.

30 сьнежня ў Менск прыбыў галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі СНД маршал Шапашнікаў. Як расказаў у інтэрвію карэспандэнту “Навінаў БНФ” міністар у справах абароны Рэспублікі Беларусь Пётра Чавус, “у маршала Шапашнікава было жаданьне працягнуць цяперашняе становішча, каб міністэрства па справах абароны Рэспублікі Беларусь займалася сваімі прыватнымі пытаньнямі, а Беларуская вайсковая акруга, застаючыся ў падпарадкаваньні Масквы, вырашала свае пытаньні самастойна. Яму было афіцыйна заяўлена, што Беларусь як незалежная дзяржава мае права ствараць уласныя ўзброеныя сілы, і мы маем намер гэтым займацца. Пакуль гэтая праблема застанецца адкрытай, але, мяркую, яна вырашыцца на бліжэйшай сэсіі ВС у інтарэсах нашага народу і дзяржавы”.

Закон аб узброеных сілах Вярхоўны Савет сапраўды прыме, але толькі ў сакавіку 92-га, — страціўшы не адзін месяц у той час, калі сапраўды дзень ішоў за год і пры тым, што адпаведныя праекты мы падалі ў Вярхоўны Савет яшчэ ў верасьні 91-га.

У эканоміцы сытуацыя была ня менш драматычнай.

У сьнежні 1991 году інфляцыя (больш правільна — гіпэрінфляцыя) дасягала 20 адсоткаў у дзень. Гэта значыць — за пяць дзён грошы абясцэньваліся ўдвая. Старыя, “савецкія” грошы, бо ўласныя Вярхоўны Савет і ўрад уводзіць не зьбіраліся.

Прылаўкі ў крамах былі пустыя.

Заблоцкі: заявы Кебіча аказаліся звычайным ашуканствам дэпутатаў і ўсяго народу...

“Тавары ў крамах ня зьявяцца, пакуль няма стымулу да іх вытворчасьці, — папярэджваў дэпутат БНФ, намесьнік старшыні камісіі ВС па навуцы і тэхніцы Уладзімер Заблоцкі. — Гэта аксіёма. Апазыцыя, напрыклад, прапаноўвала ўвесьці натуральны прадуктовы падатак у якасьці платы за зямлю ў памеры 25 % ад вырабленага. 75% заставалася б вытворцам для свабоднага гандлю. Урад адхіліў гэтую прапанову. Страчаны час і для ўвядзеньня беларускага талера... Прэм'ер-міністар В. Кебіч горда заяўляў пра тое, што з 1 студзеня Беларусь будзе ў стане перайсьці на ўласную валюту. Але гэтыя заявы аказаліся звычайным ашуканствам дэпутатаў і ўсяго народу. Сёньня мы ня можам надрукаваць нават дастатковае колькасьці шматразовых купонаў, якія могуць быць падробленыя на любым японскім ксэраксе. А калі ўлічыць, што пераход на ўласную грашовую сыстэму — гэта ня проста друкаваньне грашовых знакаў, а вялізны комплекс эканамічных і дзяржаўных мерапрыемстваў, дык можна сказаць, што да пераходу на ўласную валюту мы абсалютна непадрыхтаваныя. Мы як заўсёды спыніліся й не пасьпяваем за іншымі рэспублікамі”.

У сьнежні 91-га мы ўдакладнілі канцэпцыю эканамічных рэформаў, якую на кожнай сэсіі прапаноўвалі Вярхоўнаму Савету. Яна мела вялікі сацыяльны блёк, захады ў справе абароны спажывецкага рынку (лібэралізацыю цэнаў, перавод дзяржзакупак на вольныя і розьнічныя цэны, зьмену структуры датацыяў у дзяржбюджэце, увядзеньне мытнага кантролю), заканадаўчае забесьпячэньне пераходу да рынку (блёк законаў — аб ворганах дзяржмаёмасьці, аб інтэлектуальнай уласнасьці, ворганах фінансава-падаткавай сыстэмы). Вялікую ўвагу мы надавалі сельскай гаспадарцы (так, прапаноўваліся “скасаваньне актаў перадачы зямлі ў вечную ўласнасьць калгасам, збалянсаваньне падаткаў і цэнаў у сфэры сельгасвытворчасьці, гарантаваньне селяніну магчымасьці бесьперашкодна гандляваць на рынках, стварэньне Сялянскага банку для забесьпячэньня зямельнай рэформы і льготнага фінансаваньня фэрмэрскіх гаспадарак”). Нарэшце, мы лічылі неабходным “пераарыентацыю прамысловасьці рэспублікі на выпуск тавараў паўсядзённага попыту” — што было вельмі актуальна ў часе, калі за ўсім — ад лямпачкі да посуду — выстройваліся вялізныя чэргі. Мэблю ці лядоўню не прыгадваю — іх, папросту, было “не дастаць”.

“Хопіць палітычнай балбатні, давайце думаць, як дапамагчы працаўнікам сяла!” — такія заклікі чуліся з вуснаў “дэпутатаў-аграрыяў” кожны раз, калі мы спрабавалі навесьці парлямэнт на абмеркаваньне надзённых палітычных пытаньняў.

Неяк Шушкевіч назваў усіх гэтых старшыняў калгасаў і дырэктараў саўгасаў “чырвонымі баронамі” — страшна пакрыўдзіліся яны і ніколі не даравалі Шушкевічу тых слоў. Між тым, шкода, якую нанесьлі гэтыя “аграрыі” беларускай эканоміцы, гіганцкая: кожныя паўгода на іх заклік Вярхоўны Савет выдзяляў неапраўдана вялікія бюджэтныя сродкі на падтрымку збанкрутаванага аграрнага сэктару. З такім самым посьпехам тыя мільярды можна было выкідаць у сьметнік; асабліва дрэнна было тое, што яны яшчэ больш накручвалі інфляцыю. Потым мне паказалі катэджы некаторых былых дэпутатаў, якія папракалі нас, фронтаўцаў, абыякавасьцю да праблем “простага селяніна”: ня ведаю, як мільярдэр, але “просты” амэрыканскі ці чэскі мільянэр маштабам тых маёнткаў пазайздросьціў бы дакладна.

Яны былі аграрыямі, прамыславікамі, вайскоўцамі, камунальшчыкамі, усе гэтыя дэпутаты з “парлямэнцкай большасьці” — і ўпарта не жадалі рабіцца палітыкамі.

У тыя дні непрафэсійнасьць большасьці дэпутатаў Вярхоўнага Савету рабілася ўсё больш відавочнай. У лістападзе Шушкевіч прапанаваў свой варыянт рэформы Вярхоўнага Савету — зь якім, аднак, мы пагадзіцца не маглі. У мяне захаваўся напісаны мной 6 сьнежня тэкст заявы для журналістаў — наколькі памятаю, ён нідзе не друкаваўся (праз два дні галоўнай тэмай зрабіліся Віскулі):

“Рэформа Вярхоўнага Савету, якую прапаноўвае С.Шушкевіч, прадугледжвае стварэньне стала дзеючага парлямэнту колькасьцю 90 дэпутатаў, цяперашні ж Вярхоўны Савет абвяшчаецца зьездам. Заганнасьць такога варыянту відавочная. Па-першае, усе 346 цяперашніх дэпутатаў маюць паўнамоцтвы сваіх выбаршчыкаў на заканатворчую дзейнасьць у поўным аб'ёме, і якое б ні было абразаньне іх правоў супярэчыць Канстытуцыі. Па-другое, С. Шушкевіч не хавае таго, што новы Вярхоўны Савет будзе зьлепкам старога па суадносінах палітычных сілаў. Паводле ягоных словаў, цяпер члены Апазыцыі складаюць дзясятую частку ад агульнай колькасьці дэпутатаў (37:346), прычым 8 дэпутатаў ад Апазыцыі працуюць на прафэсійнай аснове. У выпадку, калі Вярхоўны Савет будзе фармавацца давыбарамі новых членаў зь ліку дэпутатаў (65+25=90), і восем апазыцыянэраў патрапляюць у ягоны склад (“Я буду дамагацца і абраньня лідэра апазыцыі Пазьняка” — заявіў Шушкевіч у Новаполацку), дык, такім чынам, працэнтныя суадносіны застануцца ранейшымі: 1:10. Пры тым — і гэтага ня можа ня ведаць Шушкевіч — шмат якія прапановы Апазыцыі зьбіралі больш чым палову галасоў у парлямэнце. Калі ўлічыць, што ў лік новых прафэсійных дэпутатаў увойдуць, у асноўным, партыйныя функцыянэры, што засталіся бяз працы, дык такая рэформа толькі ўмацуе пазыцыі пракамуністычнай намэнклятуры. Зрэшты, члены Апазыцыі пагадзіліся б на рэформу структуры Вярхоўнага Савету — але толькі ў тым выпадку, калі на прафэсійную аснову дэпутаты пераходзілі б па ўласным жаданьні, а не па волі парлямэнцкай большасьці”.

Як бачна, мы згодныя былі нават на стварэньне прафэсійнага парлямэнту са складу дэпутатаў Вярхоўнага Савету, тэарэтычна — нават пры ўключэньні туды ўсіх 346-ці, але — менавіта прафэсійнага, у якім дэпутаты былі б палітыкамі і заканатворцамі. Але і гэтая нашая прапанова была адкінутая.

Галоўнай прэтэнзіяй да дэпутацкай большасьці Вярхоўнага Савету з нашага боку заставалася нежаданьне рабіцца парлямэнтам сувэрэннай краіны, прымаць палітычныя рашэньні, якія б умацоўвалі дзяржаўнасьць.

Вычарпаўшы за чатыры месяцы з моманту абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі ўсе магчымасьці ўзьдзеяньня на Вярхоўны Савет і ўрад (выступы з трыбуны і ад мікрафонаў ВС, дыскусіі на пасяджэньні парлямэнцкіх камісіяў, размовы ў кулюарах, пераконваньне, угаворваньне, — словам, увесь парлямэнцкі арсэнал) — мы прыйшлі да высновы, якую 29 сьнежня Зянон Пазьняк выклаў на Сойме БНФ:

Пазьняк: унутраная сытуацыя ў Беларусі пагаршаецца...

“...пасьля Алма-Ацінскай сустрэчы расклад сілаў зьмяніўся ў некарысны для Беларусі бок. Інтарэсы Расеі і Ўкраіны застаюцца процілеглымі, але ранейшае патрэбы ў Беларусі з ростам колькасьці ўдзельнікаў садружнасьці ў іх няма. Кіраўніцтва ж Рэспублікі мае ілюзіі, быццам сапраўды ўтварылася нейкая садружнасьць. Унутраная сытуацыя ў Беларусі пагаршаецца. Не ствараецца ўласнае войска, не рыхтуюцца ўводзіны сваёй валюты. У такім становішчы Апазыцыя БНФ абвясьціла пра стварэньне ініцыятыўнае групы дзеля правядзеньня рэфэрэндуму аб роспуску Вярхоўнага Савету і аб новых выбарах”.

Такім чынам — мы запатрабавалі новых выбараў, на якіх разьлічвалі, як мінімум, узмацніць пазыцыі прыхільнікаў незалежнасьці і дэмакратычных каштоўнасьцяў. І тады, у 1991-ым і ў пачатку 1992-га, шанец павялічыць сваю прысутнасьць у БНФ, дый у іншых дэмакратычных партыяў, сапраўды быў.

У прынцыпе, гэта лягічна: новая краіна — новы парлямэнт, новая ўлада.

Але гэта ўжо іншая старонка гісторыі Беларусі — па-за межамі 1991 году.

Сяргей Навумчык

(15-12-2011, Радыё Свабода)