ДЗЯРЖАЎНАЯ ЗДРАДА
Тут я хацеў бы выказаць меркавані пра апошнія падзеі ў Беларусі і найперш пра катастрафічную падзею, якая нядаўна (25 лістапада) адбылася — пра крымінальную здачу Белтрансгазу ва ўласнасьць Расеі.
23 лістапада кіраўніцтва КХП — БНФ выступіла са зваротам да грамадзян Беларусі “Аб супроцьдзеяньні антыбеларускай палітыцы”, дзе дадзена палітычная ацэнка авантуры з Эўразійскім саюзам і адзначана, што 18 лістапада “зь беларускага боку дакуманты былі падпісаны кіраўніком улады, якая ні ў якой форме не кантралюецца народам Беларусі і не выяўляе яго інтарэсаў. Гэтая ўлада ў асобе А. Лукашэнкі зьяўляецца нелігетымнай і незаконнай, не прызнаная беларусамі і міжнароднай супольнасьцю. Міжнародныя дакуманты, падпісаныя такой уладай, не павінны мець праўнай сілы”.
Мы заклікалі грамадзтва і міжнародную супольнасьць не прызнаваць за законныя і сапраўдныя пагадненьні, падпісаныя нелегітымным кіраўніком улады ў Беларусі і аказваць супроцьдзеяньне яго антыбеларускай палітыцы і вялікадзяржаўным прэтэнзіям кіраўніцтва Расеі. Праз тыдзень, 25 лістапада, у межах зьдзелкі па Эўра-Азіяцкаму саюзу з Расеяй і Казахстанам узурпатар здаў расейцам Белтрансгаз.
Злачынства, учыненае супраць беларускага народа, настолькі сур'ёзнае, што вымагае ўсіх магчымых спосабаў дзейнасьці па ратаваньні краіны, вяртаньні беларускай маёмасьці і законнасьці ў Беларусі.
Тое, што адбылося 25 лістапада ў Маскве з удзелам Лукашэнкі, кваліфікуецца як здрада дзяржаве (арт. 356 КК РБ, ч. 1, 2): “Аказаньне замежнай краіне дапамогі ў правядзеньні варожай дзейнасьці супраць Рэспублікі Беларусь... на шкоду ... яе суверэнітэту” — (ч. 1) і (ч. 2) — “Здрада дзяржаве, сазлучаная з забойствам” (Захаранка, Красоўскі, Ганчар, Завадзкі) “караецца ад 10 да 25 гадоў турмы альбо сьмерцю з канфіскацыяй маёмасьці (ці без канфіскацыі)”. Сюды ж адносіцца злачынства па неабгрунтаванаму будаўніцтву, фактычна, расейскай атамнай электрастанцыі ў Беларусі ў інтарэсах Расеі, за расейскія грошы, на расейскай абслузе і радыёактыўных матэрыялах.
Лукашэнка і расейская агентура на ўсе лады даказваюць, што нічога дрэннага не адбылося, проста ён прадаў Расеі непатрэбную іржавую трубу. На каго разьлічаная такая вар'яцкая хлусьня? Белтрансгаз — гэта ня толькі “труба”, але ўся газавая энэргетычная інфраструктура Рэспублікі Беларусь, на якую абапіраецца і ад якой залежыць больш за 80 адсоткаў вытворчасьці ў краіне.
Газавы дысбаланс ствараўся рэжымам Лукашэнкі, пачынаючы з 1994 года, калі ўсе беларускія вытворчасьці і спажыўцы энэргіі (кацельныя і т. п.) пераводзіліся з таннага для нас мазуту (маем два камбінаты) на расейскі газ (які быў даражэй за мазут на 30 адсоткаў). Лукашэнка і яго хунта, выконваючы інтарэсы чужой дзяржавы (якія ня робяцца за “так”) штучна прывязалі беларускую эканоміку да расейскага газу. Цяпер жа ў выніку шматгадовых газавых войнаў і махінацыяў Масквы (у якіх Лукашэнка ўдзельнічаў) ён, ня маючы на гэта права, здаў стратэгічны інтэрас Рэспублікі Беларусь — усю газавую энэргетычную інфраструктуру краіны, на якую завязаная ўся галоўная эканамічная вытворчасьць і сацыяльна-бытавая сфэра.
Цяпер беларусам трэба забыцца пра ўсялякую самастойную нацыянальную палітыку і эканоміку, пра ўсялякія варыянты з гаручымі сланцамі і звадкаваным газам, Балта-Чарнаморскімі энэргетычнымі праектамі і т. п. Беларускі народ абакралі ў адзін дзень. Ён больш ня ўласьнік, а найміт і батрак. Гэтая авантура раўназначная страце суверэнітэту.
Дарэчы, пра агентуру. Здача Белтрансгазу адразу стала тэстам на пацьвярджэньне агентуры. Вылезьлі асобы, якія амаль слова ў слова пачалі паўтараць хлусьню Лукашэнкі пра “іржавую трубу” ды яшчэ прыгаворваць, што выгадна прадаў. У палітыцы выявіць рэальных наймітаў расейскіх (рэжымных) спэцслужбаў нескладана. Існуюць стандартныя тэсты і палажэньні, на якіх агенты імгненна засьвечваюцца. Палітыкі павінны толькі добра валодаць інфармацыяй, ведаць, якія дзеяньні і тэндэнцыі (у Маскве ці на Карла, 38) намячаюцца. І калі раптам зьяўляюцца людзі, што пачынаюць агучваць такія тэндэнцыі, ці выступаць пасьля “адмашкі” — зьвярніце ўвагу. Памыліцца можна, праўда, на дурнях. Але што такое Белтрансгаз для Беларусі ўсе ведаюць. Нўзабаве (пакуль скамандуюць) словы “іржавая труба” загучаць як пароль і яшчэ ня раз.
Тут палітычна-эканамічны аспэкт злачынства.
Цяпер — аб маёмасным. Узурпатар абрабаваў беларускіх людзей і прадаў крадзеную прыватную маёмасьць, а маскоўцы за бясцэнь крадзенае купілі. Згодна Закона аб прыватызацыі (1992 г.) і Пастановы ВС аб разьдзяржаўленьні і прыватызацыі (1993 г.) палова дзяржаўнай маёмасьці (50%) належыць грамадзянам Беларусі паводле прыватызацыйных чэкаў. Улада павінна была стварыць механізм для канкрэтнай перадачы гэтай уласнасьці людзям. Такі механізм пачаў стварацца ў пачатку 90-х. Але Лукашэнка, дайшоўшы да ўлады, усё ліквідаваў і ў 1997 годзе, насуперак Канстытуцыі, праз неканстытуцыйную папраўку ў Закон Аб уласнасьці (Закон прыняты ў 1990 г. пад ціскам Апазыцаі БНФ) і праз нелегітымную “палату” незаконна перадаў права распараджацца народнай доляй маёмасьці Саўміну.
(У Законе Аб уласнасьці было напісана, што Саўмін распараджаецца “ад імя ўласьнікаў”, гэта значыць, што бяз згоды людзей урад ня можа прадаць іхнюю уласнасьць. У 1997 годзе Лукашэнка гэтыя словы незаконна выкінуў.)
Цяпер у Маскве скарысталі тую бомбу запаволенага дзеяньня і зрабілі прадуманы манэўр. Беларусаў абакралі двойчы: адзін раз намінальна ў 1997 і другі раз рэальна — 25 лістапада 2011 г.
Скупшчыкі крадзенага — маскоўцы — разумеюць, што робяць і чым займаюцца, але яны павінны ведаць, што крадзенае ў выніку зьдзелкі з нелегітымнай асобай прыдзецца вярнуць па суду і па закону.
Гэта ёсьць грубая незаконная зьдзелка, махінацыя сярод белага дня на відавоку ўсіх. У чалавека, якога самы маскоўцы ня ставяць у грош, зь якога зьдзекуюцца публічна, абзываюць “сукіным сынам”, “конюхам”, “пастухом”, “калхозьнікам”, “хросным бацькам” (гэта зн. галавой мафіі) у гэтага ж чалавека яны купляюць крадзенае, як у канакрада, разумеючы, што ён узурпатар, захопнік прэзыдэнцкай улады і ніякага права ня мае прадаваць чужое дабро.
Здаецца, за ўсю нашу гісторыю мы не перажывалі большай нацыянальнай ганьбы і сораму, як цяпер, калі такая некультурная асоба з такімі клічкамі і адыёзнасьцю плюе ў твар усёй нацыі і міжнароднай супольнасьці — і 17 гадоў усе толькі выціраюцца.
Артыкул 88 дзеючай Канстытуцыі: “Прэзыдэнт можа быць зьняты з пасады ў сувязі з учыненьнем дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства... Справа па сутнасьці абвінавачваньня разглядаецца Вярхоўным Судом”.
Сумняваюся, што справа дойдзе да Вярхоўнага Суда, хоць па закону ён павінен гэтым злачынствам займацца. Але пакідаць усё на месцы больш нельга. На нашых вачах суверэнітэт і дзяржаву нішчыць цемра і здрада. Дзеяньні па абароне павінны быць. Зьвярнуцца з іскам у Вярхоўны Суд па гэтых пытаньнях можа кожны грамадзянін краіны, група грамадзянаў і арганізацыі.
У выпадку, калі Суд парушыць Закон і ня прыме іск да вытворчасьці ці дэмагагічна адмовіцца займацца справай, у народа, згодна Канстытуцыі (арт. 3) застаецца права самаму вырашыць гэтае пытаньне любым спосабам. Можа быць створаны Народны суд, які разгледзіць і прыме рашэньні, згодна артыкулаў Канстытуцыі і Крымінальнага Кодэксу, уключна з вышэйшай мерай пакараньня.
Гарантавана пзьбегнуць адказнасьці за афёру зь Белтрансгазам Масква можа толькі адным мэтадам — зьнішчыць дзяржаўнасьць Рэспублікі Беларусь. На гэтым яна будзе будаваць далей сваю стратэгічную палітыку, якую рэальна распачала ў 1994 годзе. Забраўшы беларускую маёмасьць, Масква сама ліквідуе Лукашэнку, каб ня блытаўся (пра гэта мне не раз прыходзілася пісаць яшчэ ў 90-х). Дарэчы, супроцьстаяць імпэрскай палітыцы можа толькі грамадзтва з разьвітай нацыянальнай элітай (інтэлігенцыяй) — першае, што ўвесь час нішчылі і нішчаць акупанты і непрыяцелі Беларусі.
Тым часам Лукашэнка, знаходзячыся ў паталагічным жаху ад пагрозы страціць уладу, будзе ўсімі сіламі душыць народ і здаваць Беларусь па частках да апошняга цьвіка. Сытуацыя фантастычная (якая пры нармальным раскладзе вырашаецца за адзін дзень). Але маем, што маем
Усё будзе залежыць ад беларусаў. Тэарэтычна існуе магчымасьць стварэньня на эміграцыі грамадзкага Беларускага Суду і іншых патрэбных структураў, якія на падставе Канстытуцыі вынясуць свой вердыкт аб адхіленьні Лукашэнкі і аб адказнасьці за здраду
Апатыя і абыякавасьць, якія апусьціліся цяпер на ўсё грамадзтва, ня трэба браць у разьлік. Ад апатычных асобаў нічога ніколі не залежыла, акрамя цемры. Ёсьць людзі, якія змагаюцца за волю і Беларусь. Іх ня шмат, але ад іх залежыць будучыня краіны.
Наконт Захаду (асабліва Эўропы) — трэба пакінуць усе ілюзіі і не марнаваць час.
За мяжой цяпер жыве каля мільёна беларусаў. Узурпатар не павінен заставацца на волі, ня мусіць больш быць ва ўладзе.
“Злачынства і пакараньне”
Другая тэма, на якую я хачу зьвярнуць увагу, і, якая зьвязана з антыбеларускай палітыкай рэжыму, — гэта пытаньне злачынства і пакараньня. Гэтая тэма актуалізавалася пасьля суду за тэракт 11 красавіка ў Менскім мэтро.
Загадкавасьць тэракту ў мэтро, незавершанасьць сьледзтва — відавочныя. Пасьпешнасьць вынясеньня вышэйшай меры пакараньня таксама відаць. Хто стаіць за гэтым выбухам — невядома. Матывцыя тэракту таксама невядомая. Але прысуд застаецца ў сіле пры ўсёй рацыі грамадзкасьці і апанэнтаў. Ёсьць адпаведныя законы і працэдуры, за якія суд і рэжым будуць фармальна трымацца. На нашых вачах творыцца заведамая і, хутчэй за ўсё, матываваная памылка. Механізму, каб яе спыніць ці хаця б затармазіць, не існуе (акрамя памілаваньня асуджаных, вышэйшай службовай асобай, што вельмі суб'ектыўна і ніяк не рэгламэнтавана).
Тут мы назіраем першы выпадак выкарыстаньня антыбеларускім рэжымам сьмяротнага пакараньня праз суд дзеля схаваньня (як я мяркую) праваленых палітычных планаў.
У мяне склалася ўражаньне, што і планаваньне выбуху 19-га сьнежня ў тлуме людзей у час мітынгу на Цэнтральнай плошчы Менска (пра што 11 сьнежня 2010 года прагаварыўся сп. Макей), і пераарыентацыя дэманстрантаў на плошчу Незалежнасьці, і напад на Ул. Някляева, і біцьцё вокан у Доме ўраду, і пабіцьцё людзей 19-га сьнежня на плошчы Незалежнасьці, і выбух у мэтро 11 красавіка — усё гэта фрагмэнты аднаго антыбеларускага палітычнага плану. Нешта ўдалося, нешта — не, нешта правалілася (як выбух у мэтро) і выклікала нечаканы эфэкт для рэжыму. Больш глыбокае раскрыцьцё арганізацыі тэракту ў менскім мэтро магло б даць ключ для выяўленьня зьместу ўсіх апошніх падзей і ўсёй гэтай антыбеларускай палітыкі.
Менскі працэс тым часам даў аргумэнты маргіналам і прыхільнікам адмены сьмяротай кары. Сытуацыя няпростая, бо ўзьнікла палітычная патрэба ў такім мараторыі (інструмэнт сьмяротнага пакараньня ў руках антынароднага рэжыму — небясьпечная зброя). Выказваньні, аднак, часьцей за ўсё гучаць безадказныя і паўтараюцца непрыймальным спосабам — шкадаваньнем злачынцаў. Ёрніцтва ў гэтай сур'ёзнай справе часам не мае мяжы. “Ці чалавечае жыцьцё каштоўней за жаданьне помсьціць?” — лёгка пытаецца ў чытачоў адно выданьне. Падмена проста сатанінская. Аказваецца справа тут не ў справядлівасьці, не ў абавязковам, няўхільным і адэкватным пакараньні зла, а ў помсьце. І такі ўзровень “паняцьцяў” шмат дзе). Быццам і не існавала 1000 гадоў культуры — сем'і пакараных забойцаў пакутуюць, — інфантыльна маркоціцца нехта. Дык яны і павінны пакутваць, бо нясуць маральную адказнасьць за злачынцу, асабліва бацькі. І ня толькі сем'і, але і ўвесь род, на які звалілася такая ганьба. Сьвет на гэтым стаіць. Дзеці расплочваюцца за памылкі бацькоў.
Зыходзіць трэба з рэальнай сытуацыі, з правоў асобы і грамадзяніна, бясьпекі грамадзтва і ролі дзяржавы ў забесьпячэньні гэтых каштоўнасьцяў. Цалкам пазбавіцца ад крымінальных забойстваў у грамадзтве, немагчыма. Гэта абумоўлена канвергентнай прыродай чалавека (зьмяшаньнем розных магчамасьцяў дабра і зла). Забойствы былі, ёсьць і будуць. Гэтак жа, як пэрыядычна ўзьнікаюць і будуць узьнікаць злачынствы супроць чалавецтва. Увесь зьмест ў прапорцыях, якія можна зьменшыць і кантраляваць.
Цалкам пазьбегнуць кары сьмерці і зьнішчэньня злачынцаў (як некаторыя хочуць) бяз шкоды для грамадзтва і пацярпелых асобаў — не атрымаецца ў прынцыпе. Прынцып кары сьмерцю за найцяжэйшыя забойствы і злачынствы супроць чалавецтва павінен быць. Лагічна дамагацца жорсткай кадэфікацыі і працэсуальнай рэгламэнтацыі гэтай меры, чым падтрымліваць павярхоўныя і псэўдагуманныя заявы аб адмене сьмяротнага пакараньня за любыя злачынствы.
Пра пажыцьцёвае зьняволеньне замест сьмяротнай кары я ўжо пісаў раней. Яно можа практыкавацца там, дзе гарантавана няўхільнасьць пакараньня. Ня кожная краіна можа тое забясьпечыць.
У зьвязцы “злачынства і пакараньне” існуе толькі адно забойства — забойства нявінных людзей бандытам. Пакараньне сьмерцю ёсьць расплата жыцьцём злачынцы за зьнішчаныя ім жыцьці і за яго гатоўнасьць забіваць яшчэ. Сьмяротнае пакараньне забойцы па суду ня ёсьць парушэньнем Запаведзі, але сцьвярджэньнем яе праз пакараньне таго, хто яе парушыў.
Патрабаваньне кары сьмерці за забойства вынікае з усьведамленьня фундамэнтальнай каштоўнасьці чалавечага жыцьця, загубленага злачынцам. Я ўжо пісаў ня раз, што ў мала цывілізаваных народаў спрэс была кара сьмерці за шмат што, толькі, як правіла, не за забойства. З ростам каштоўнасьці асобы ў грамадзтве ўзрасло і пакараньне.
Да апошняга часу ў сутыкненьні калізіі “злачынства і пакараньне” існаваў катэгарычны імпэратыў справядлівасьці. Грамадзтва шкадавала і спачувала забітым пакутнікам, асуджала забойцаў і патрабавала справядлівай кары (справядлівасьці). На гэтым грунтавалася права. Грамадзтва было на баку невінаватых і пацярпелых і не падтрымлівала злачынцаў.
З цягам лібэральных экспэрымэнтаў у праўнай сфэры за аплшнія 50 гадоў (што па сутнасьці зьяўляецца праявай глыбінных працэсаў маніфэстацыі зла) адбываецца зьмяшаньне паняцьцяў ня толькі ў юрыспрудэнцыі, але і ў галовах людзей, якія па-свойму ўспрымаюць лібэральную ўсёдазволенасьць.
Ня буду апісваць у гэтым сэнсе абсурды заходняй (і асабліва амэрыканскай) судовай сістэмы. У Беларусі пра гэта мала ведаюць, а калі пачуюць, то не павераць (не ўкладзецца ў галаве). Сутнасьць маіх разваг у тым, што ў будучай вольнай Беларусі ў судовай тэорыі і практыцы мы павінны будзем пакінуць усё добрае, што было ў нас, узяць лепшае з таго, што на Захадзе, але пазьбегнуць праўнага маразму кшталту, калі бандыт судзіць пацярпелага, а грамадзтва абараняе жыцьцё ворага чалавецтва.
Асобнай рэмаркай адзначу цяперашнюю пазыцыю хрысьціянскай рэлігіі. Рэдукцыя поглядаў асобных дзеячоў Царквы перад агрэсіяй зла і вымогамі сучаснага сьвету відавочная. Адной з прыкметаў рэдукцыі некаторыя лічаць таксама заклікі да адмены сьмяротнага пакараньня злачынцы. Але папрокі царкве тут былі б перабольшаньнем. Такая пазыцыя ў Хрысьціянства была заўсёды, іншае ніколі не артыкулявалася, нават у часы Інквізыцыі, калі Касьцёл, засланіўшыся сьвецкай уладай, быў ініцыятарам шматлікіх судовых пакараньняў на сьмерць (і зусім не за забойствы).
Пазыцыя Царквы зыходзіць зь метафізічнай сутнасьці чалавека (душы) і з каштоўнасьці ягонага фізічнага жыцьця (цела) як фэнамэна Боскага стварэньня. Пазыцыя Хрысьціянства (пазыцыя сакральная) ня можа быць іншай. Тым часам чалавек і ягоны соцыюм (грамадзтва, якое ён утварае) валодаюць свабодай волі (дадзенай ад Бога, прыроды, парадку рэчаў і г. д.), якая істотна розьніцца ў сваім метафізічным (сакральным) і сацыяльным выяўленьні. Маштабы розьніцы непараўнальныя па велічыні і магчымасьцях (веручы чалавек у духу сваім можа быць вольным нават у турме, дзе сацыяльная свабода абмежавана да мінімуму, яе там, практычна, не існуе).
Там, дзе ўзьнікае імпэратыўная калізія выбару паміж соцыюмам і метасоцыюмам, там прыдатная формула: каралю — каралёва, Богу — Богава. Гэта ня ёсьць дуалізм. Тут мудрасьць. Кажучы пра пазьбяганьне кары сьмерці з пазыцыі рэлігіі, мае рацыю сьвятар (дзейнасьць якога, дарэчы, невыпадкова аддзеленая ад дзяржавы, каб ён не спакушаўся пазбавіць іншых свабоды волі і права выбару). І маю рацыю я, чалавек, які падтрымлівае сьвятара і які займаўся заканадаўчай дзейнасьцю ў парляманце і разумее, як могуць (і як ня могуць) рэалізоўвацца ідэалы у грамадзтве ў катэгорыях права і дзяржаўнага заканадаўства.
Нельга блытаць Божы дар зь яешняй і імкнуцца рабіць тое, чаго рабіць ня трэба. Гадоў 30-40 таму ў Амэрыцы лібэральны псэўдагуманізм і шкадаваньне злачынцаў даходзілі да таго, што ў некаторых штатах бандытаў і злодзеяў “ачалавечвалі” тым, што адпускалі іх з турмы на суботу і нядзелю дадому, да жонак і дзяцей (маўляў, усе ж яны людзі). За гэты час тыя “людзі” пасьпявалі ня толькі аддубасіць жонак, але яшчэ і ўкрасьці, і таго-сяго зарэзаць, пасьля чаго спакойна вярталіся ў турму, дзе іх напачатку ніхто не шукаў. Зразумела, што тут ня трэба было рабіць ніякіх праўных экспэрымэнтаў, акрамя як мець нармальныя мазгі ў галаве, не засьмечаныя памылковымі ўяўленьнямі.
Мне прыходзілася чытаць пра адну веручую фрау, якая ўвесь час малілася за ўратаваньне душы Адольфа Гітлера. Маліцца за душы грэшнікаў не супярэчыць Хрысьціянству. Тут выяўляецца метафізічнае ўяўленьне і веліч Хрысьціянскай рэлігіі. Але той, хто паспрабаваў бы знайсьці форму і перавесьці гэтыя адносіны ў соцыюм, у грамадзтва (прасіць дараваньня Гітлеру, напрыклад, ці адмовіцца ад Нюрнберга), той трапіў бы пад суд (і гэта было б справядліва), ня гледзячы на ўсю ўяўную аргумэнтацыю яго меркаваньняў. Так што: Богу — Богава, каралю — каралёва.
Каштоўнасьць чалавечага жыцьця ў хрысьціянскім грамадзтве павінна ацэньвацца гэтак жа высока, як і ў рэлігіі. Таму сьмяротная кара за мэтанакіраванае забойства людзей за пазбаўленьне іх жыцьця павінна існаваць як адэкватны сродак пакараньня і стрымліваньня злачынстваў. Кадыфікацыя, абгрунтаваньне, вызначэньне і працэдура такога прысуду мусіць быць шчыльна і падрабязна распрацавана і рэгламэнтавана законам з мэтай выключэньня судовых памылак.
Цяпер гэтыя пытаньні (як і ўсё ў Беларусі) вырашыць немагчыма пакуль тут пануе цемра і афіцыйна ўсё разглядаецца пад вуглом захаваньня ўзурпаванай улады з гледзішча адной асобы. Нідзе нельга станоўча вырашыць ніякіх праблем. 70 адсоткаў маладых людзей хочуць зьехаць за мяжу з вар'яцкага дому, у што цемра ператварыла нашу прыгожую краіну. Цемра павінна зьнікнуць, цемра павінна адыйсьці.
Зянон Пазьняк
Сьнежань 2011 г.